Перайсці да зместу

Афіцэрскія курсы БКА

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Афіцэрскія курсы БКА — курсы падрыхтоўкі афіцэраў для Беларускай краёвай абароны, якія дзейнічалі ў Мінску з сакавіка па чэрвень 1944 года і выкладаліся Францішкам Кушалем.

Першыя курсы пачаліся ў сярэдзіне сакавіка 1944 года. Слухачоў на іх было нават болей, чым разлічвалі — 50 афіцэраў і 200 унтэр-афіцэраў. У першай палове красавіка 1944 года, пасля сканчэння гэтых курсаў, усе яны здалі экзамен у прысутнасці фон Готберга. Пасля гэтага, у канцы красавіка 1944 года, былі адкрытыя другія курсы.

Аднак, акрамя перападрыхтоўкі афіцэраў і унтэр-афіцэраў, галоўнай задачай Мінскіх курсаў было, на думку кіраўніцтва Беларускай краёвай абароны, прыцягнуць на іх моладзь, якая яшчэ не служыла ў войску. Атрымаўшы згоду фон Готберга, Беларуская цэнтральная рада правяла адпаведныя прапагандысцкія дзеянні і, адначасова з трэцімі курсамі перападрыхтоўкі, у Мінску ў 15 чэрвеня 1944 года была адкрытая афіцэрская школа, у якую было прынята 250 кандыдатаў. Збольшага гэта былі дзецюкі са скончанай сярэдняй адукацыяй і амаль ўсе сябры Саюза беларускай моладзі. Іх навучанне павінна было цягнуцца шэсць месяцаў, пасля чаго яны б атрымалі першыя афіцэрскія званні. Але гэтаму не было наканавана збыцца, бо ўжо 29 чэрвеня 1944 года афіцэрская школа мусіла эвакуявацца з Мінска, каб не патрапіць пад удар наступальнай Чырвонай Арміі.

У ліпені 1944 года з Беларусі былі эвакуяваныя шматлікія нацыянальныя паліцыйна-ваенныя фарміраванні, у тым ліку афіцэрская школа БКА. Яны сканцэнтраваліся на тэрыторыі Усходняй Прусіі і Паўночнай Мазовіі, а ў верасні ўжо былі ў Берліне.

Вынікі дзейнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Усяго з сакавіка па чэрвень 1944 года на курсах у Мінску было перападрыхтавана каля 150 афіцэраў і 600 унтэр-афіцэраў. Паводле Кушаля, з ваеннага і палітычнага пункту гледжання, гэта былі вельмі добрыя афіцэры і унтэр-афіцэры, цалкам адданыя ідэі стварэння нацыянальных беларускіх узброеных сіл. Адзіным недахопам было тое, што іх было яўна замала, каб утварыць такія ўзброеныя сілы.