Міхал Апанасавіч Вітушка
Міхал Апанасавіч Вітушка | |
---|---|
![]() | |
Род дзейнасці | Кіраўнік беларускага антысавецкага супраціву |
Дата нараджэння | 5 лістапада 1907 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 студзеня 1945 (37 гадоў) ці 27 красавіка 2006 (98 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Апанас Вітушка |
Маці | Марыя Вітушка |
Альма-матар | |
Партыя | |
Прыналежнасць | БНР |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і прэміі |
Міха́л Віту́шка (5 лістапада 1907, Нясвіж, Мінская губерня — 7 студзеня 1945 ці 27 красавіка 2006, Германія; псеўданімы: Чорны Кот) — беларускі актывіст у міжваеннай Польшчы, калабарацыяніст падчас 2-й сусветнай вайны.
Паводле Сяргея Ярша, Вітушка быў кіраўніком арганізацыі беларускага антысавецкага супраціву «Чорны кот», але існаванне такой арганізацыі верагоднымі крыніцамі не пацверджана.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Вучыўся ў Клецкай і Віленскай беларускіх гімназіях, Віленскую скончыў у 1930 годзе. Вучыўся ў Пражскім універсітэце і Варшаўскім політэхнічным інстытуце, уваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый і Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР выконваў абавязкі начальніка міліцыі ў Нясвіжы. Арыштаваны органамі НКУС, неўзабаве вызвалены.
У ліпені 1941 года прыязджае з Нясвіжа ў Мінск, дзе бургамістр горада Вітаўт Тумаш прызначае яго намеснікам Дзмітрыя Касмовіча, каменданта гарадской паліцыі і начальніка аправізацыйнага аддзела гарадской управы.[1] Адзін з стваральнікаў беларускай паліцыі ў Мінску. У жніўні 1941 года Міхал Вітушка камандзір аднаго з аддзелаў Беларускай самааховы на Заходнім Палессі, якая сумесна з Палескай Сеччу вяла партызанскія дзеянні супраць адступалых савецкіх войск. Увосень 1941 года пасля ўсталявання цывільнай нямецкай улады з’язджае ва ўсходнюю ваенную зону Беларусі. У канцы кастрычніка 1941 года разам з Радаславам Астроўскім і Дзмітрыем Касмовічам арганізуе мясцовую адміністрацыю ў Бранску, сярод іншага займаецца зборам цёплых рэчаў у насельніцтва для Вермахта.[2] Вясной 1942 года займаецца арганізацыяй нямецкай службы парадку ў Бранскай акрузе. 20 красавіка 1942 года накіраваны ў Смаленск, дзе таксама разам з Радаславам Астроўскім і Дзмітрыем Касмовічам арганізуе мясцовую адміністрацыю і службу парадку. Міхал Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ад якога атрымаў чын генерала. Загадам галоўнага ўпраўлення Імперскай Бяспекі ў Берліне пра прызначэнне (зацвярджэнне) «туземных камандзіраў» аперацыі «Любімая Котка» на тэрыторыі генеральнага камісарыяту Беларусь ад 27 лістапада 1943 года прызначаны кіраўніком арганізацыі «Чорны кот»[3]. У чэрвені 1944 года ўдзельнічаў у II Усебеларускім кангрэсе. Адзін з арганізатараў планаванага антынямецкага выступу ў Мінску, з мэтай абвяшчэнне незалежнай беларускай дзяржавы. З лета 1944 года — афіцэр дэсантнага батальёна «Дальвіц», маёр Беларускай краёвай абароны.
Дэсантаваны а 03:00 18 лістапада 1944 года на Віленшчыну на чале атрада з каля 30 чалавек[4], 7 студзеня 1945 года загунуў у баі з часцямі НКУС.[5] Цела Міхаіла Вітушкі апазнанна байцамі атрада «Комара», а яго савецкі пашпарт захоўваецца ў вышуковай справе, закрытай КДБ ЛітССР у 1950 годзе. Імаверна, пахаваны ў брацкай магіле байцоў атрада «Комара» ў Рудніцкай пушчы.
Паводле звестак Сяргея Ярша і Сяргея Горбіка, 18 лістапада пад імем Вітушкі дэсантаваны іншы чалавек, а сам Вітушка дэсантаваны пазней — у ноч з 30 лістапада на 1 снежня[6]. Паводле Сяргея Ярша, Вітушка пачаў дзейнасць у 1946 годзе, рэарганізаваў антысавецкі партызанскі рух цэнтральнай і заходняй Беларусі ў Беларускую вызваленчую армію. Кіраваў Беларускай незалежніцкай партыяй, рэдагаваў часопіс «За волю». Спыніў партызанскую дзейнасць, узначальваў падполле. У пачатку 1950-х гадоў вывеў ацалелыя партызанскія атрады праз Польшчу і Латвію на Захад; сам заставаўся ў Польшчы, адкуль кіраваў антысавецкім падполлем, а ў 1960-я гады перабраўся на Захад[7]. У 2006 годзе, таксама Сяргей Ёрш, са спасылкай на вітушкава сына, паведамляў пра смерць Міхала Вітушка 27 красавіка 2006 года[7]. Таксама ў 2006 годзе Сяргей Ёрш анансаваў планы публікацыі ўспамінаў Міхала Вітушкі, але станам на пачатак 2025 года ні пра сына Вітушкі, ні пра яго ўспаміны болей нічога не вядома.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]7 чэрвеня 1950 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выдала дэкрэт, паводле якога, узнагародзіўся Міхал Вітушка Ордэнам Пагоні.[8] Таксама быў узнагароджаны Ордэнам Зялезнага Рыцара 3-га класу.[9]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Найдзюк, Касяк 1993, p. 261.
- ↑ Найдзюк, Касяк 1993, p. 304.
- ↑ Сяргей Ёрш. Беларускі Рэзыстанс № 2 (7), 2009.
- ↑ Rokicki 2024.
- ↑ Сямашка Я. Армія Краёва на Беларусі. — Мн., 1994. — С. 416.
- ↑ Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. — Львоў, 2006. — С. 148—155.
- ↑ а б Ёрш 2006.
- ↑ Дэкрэт аб узнагароджаньні Ордэнам Пагоні, 1950 г.
- ↑ Значкі, жэтоны, мэдалі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Paweł Rokicki Chybiony desant dywersantów, czyli jak przeszkoleni przez Abwehrę Białorusini zostali żołnierzami wileńsko-nowogródzkiej Armii Krajowej // Przegląd Historyczno-Wojskowy. — 2024. — В. 4. — Т. 25. — С. 108–135. — ISSN 1640-6281. — DOI:10.32089/WBH.PHW.2024.4(290).0004
- Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. — Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3.
- Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — 416 с. ISBN 5-343-01458-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сяргей Ёрш. Міхал Вітушка памёр двойчы . Наша Ніва (29 чэрвеня 2006). Праверана 11 студзеня 2025.
- Сяргей Ёрш. Камандзір беларускіх “лясных братоў” (фота друкуюцца ўпершыню) . gazetaby.com (4 лістапада 2007).
- Антон Рудак. Як два чалавекі прыдумалі міф пра Міхала Вітушку . Наша Ніва (29 ліпеня 2017). Праверана 11 студзеня 2025.
- Асобы
- Нарадзіліся 5 лістапада
- Нарадзіліся ў 1907 годзе
- Нарадзіліся ў Нясвіжы
- Памерлі 7 студзеня
- Памерлі ў 1945 годзе
- Памерлі 27 красавіка
- Памерлі ў 2006 годзе
- Памерлі ў Германіі
- Выпускнікі Карлава ўніверсітэта
- Выпускнікі Варшаўскай палітэхнікі
- Члены Беларускай незалежніцкай партыі
- Палітыкі Беларусі
- Беларусы ў Германіі
- Удзельнікі Другога Усебеларускага кангрэса
- Члены Паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц»
- Члены Беларускай краёвай абароны
- Члены арганізацыі «Чорны Кот»