Беларускі слоўнік Мядзведскага
Беларускі слоўнік Мядзведскага | |
---|---|
руск.: Бѣлорусскій словарь | |
Мова арыгінала | беларуская і руская |
Дата напісання | 1910 |
«Беларускі слоўнік» (руск.: Бѣлорусскій словарь) — рукапісны двухмоўны слоўнік, складзены ў 1910 годзе С. Мядзведскім з Талачына Магілёўскай губерні[1]. Нароўні з «Беларуска-польска-расійскім слоўнікам» Я. Ціхінскага лічыцца адной з найбольш значных прац у галіне беларускай перакладной лексікаграфіі пачатку XX ст[2].
Змяшчае 1658 слоўнікавых артыкулаў. Складзены на падставе ўласных запісаў аўтара, зробленых, верагодна, на Талачыншчыне, і «Опыта описания Могилевской губернии» А. С. Дэмбавецкага. У рэестр, акрамя агульнай лексікі, уключаны асобныя ўласныя імёны (Аўлас, Ахрэм, Паланея, Самусь), назвы гарадоў (Амсціслаў, Вытыбск). Тлумачэнні вызначаюцца дакладнасцю і даступнасцю: апо́ўзлік 1) малое ползующее дитя; 2) ироническое название всякого человека малого ростом; ко́хлик — коклюш, детская болезнь; муро́г — луговая овсяница (Festuca elatior); па́жилка — связка, соединяющая нит с поножем (ножная педаль) в ткацком станке[1].
Аўтар спрабуе вырашыць шматлікія праблемы прыкладной лексікаграфіі: размежаваць амонімы і мнагазначныя словы, стварыць сістэму адсылак, распрацаваць падачу граматычных варыянтаў і ажыццявіць лексікаграфічнае апісанне спецыяльнай лексікі[1].
Побач з агульнаўжывальнымі, дыялектнымі адзінкамі, тапонімамі і антрапонімамі, у названых выданнях шырока прадстаўлена навуковая тэрміналогія: агре́стъ (1), ажави́ны (1), асо́тъ (2), ба́гунъ (2 адв.), бу́льба, бутя́нъ (5), во́жикъ (7), глуше́цъ (10), дереза́, дива́нна (12 адв.), дя́гилъ, дя́тилина (14 адв.), жа́ўронка (15 адв.), журави́ны, журавы́ (16 адв.), за́яччи ща́вель, звоне́цъ (18), зя́беръ, зязю́ля (19 адв.), ка́ня (21), кми́нъ (22 адв.), колоколу́ха (23), комани́ца (23), конюши́на (23 адв.), леще́вникъ (27), ма́лпа (28), минту́зъ (29), мокри́ца (29 адв.), оле́шина (33), смо́ўжъ (43), тхоръ (46 адв.) і інш.[2].
У слоўніку Мядзведскага навуковыя лексемы пераважна народнага характару (арнітонімы, заонімы, іхціонімы, фітонімы) паслядоўна праакцэнтаваны і патлумачаны (глуше́цъ - глухарь; птица, водящаяся въ бѣлорусскихъ лѣсахъ, жаўро́нка - жаворонокъ), дапаўняюцца звесткамі пра лекавае прызначэнне раслін (журавины - клюква; сокъ ягодъ употребл. при горячкѣ), этнаграфічнымі нататкамі пра нацыянальную культуру беларускага народа (каня - хищная птица изъ породы ястребовъ. По убѣжденію бѣлоруссовъ каня въ жару кружится въ воздухѣ и проситъ у Бога пить, такъ какъ она не пьет болотной воды. А только ту, которая остается на листьяхъ дерева послѣ дождя; вследствіе этого каня является прѣдвестником дождя)[2].
Спарадычна падаюцца лацінскія літаратурныя назвы (дягиль Angelica sylvestris, команица Scabiosa Succisa), варыянтныя найменні (дятилина і дятлина, жигучка і жгучка, мидуница і медуница, сивогракъ і сивка-воронка), этымалагічныя нататкі (бутянъ - съ польск. bocian). Розныя значэнні мнагазначных беларускіх паняццяў дыферэнцыруюцца адпаведнымі лічбамі (козе́ляцъ Ranunculus - лютикъ; 1) ядовитая трава, растущая по лугамъ и полямъ съ желтенькими цвѣточками; 2) болѣзнь ногъ, вродѣ подагры)[2].
Рукапіс захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу[3][1].
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Медведский, С. Белорусский словарь / С. Медведский // Аддзел рукапісаў бібліятэкі РАН Санкт-Пецярбурга. − Ф. 45. − Воп. 8. – Д. 236. – 72 л.
Зноскі
- ↑ а б в г Наталля Пятроўна Лобань. Сучасная беларуская літаратурная мова. З гісторыі беларускай лексікаграфіі
- ↑ а б в г Т. Л. Памазенка. ЛЕКСІКА З ТЭРМІНАЛАГІЧНЫМ ЗНАЧЭННЕМ Ў ПЕРАКЛАДНЫХ ЛЕКСІКАГРАФІЧНЫХ КРЫНІЦАХ КАНЦА XIX – ПАЧАТКУ XX СТ.
- ↑ Медведский, С. Белорусский словарь / С. Медведский // Аддзел рукапісаў бібліятэкі РАН Санкт-Пецярбурга. − Ф. 45. − Воп. 8. – Д. 236. – 72 л.