Слоўнік фізічнай тэрміналогіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Слоўнік фізічнай тэрміналогіі
Аўтар Адам Юр’евіч Міцкевіч
Мова арыгінала беларуская
Выпуск 1929
Месца публікацыі Мінск

«Слоўнік фізічнай тэрміналогіі» (арыг. Слоўнік фізычнае тэрмінолёгіі) — руска-беларускі перакладны слоўнік фізічнай тэрміналогіі. Праект слоўніка быў апублікаваны ў 1929 г. ў Менску пад эгідай Беларускай акадэміі навук[1], як 21 выпуск серыі «Беларуская навуковая тэрміналогія»[2].

Праект слоўніка быў складзены выкладчыкам фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта А. Ю. Міцкевічам у 1927—1928 гг. Дапамагала ў гэтай працы і настаўніца Н. А. Вераскоўская. У сярэдзіне 1928 года пачатковы праект слоўніка фізічных тэрмінаў быў разгледжаны Камісіяй у складзе прафесара Я. Сіроціна, Я. Сняткова, А. Круталевіча і А. Міцкевіча. Пасля дапаўненняў і некаторых змен ён быў перададзены ў Інстытут навуковай мовы для перагляду і зацвярджэння. Перад зацвярджэннем у Інстытуце навуковай мовы праект фізічнай тэрміналогіі разглядаўся ў Аддзеле прыроды і гаспадаркі Беларускай акадэміі навук і ў Горацкім навуковым таварыстве (пры сельскагаспадарчай акадэміі). У канчатковым выглядзе «Слоўнік фізычнае тэрмінолёгіі» налічваў 6906 тэрмінаў[2].

У прадмове адзначалася, што слоўнік, як і ўсе папярэднія тэрміналагічныя выданні, выходзіць у свет у якасці праекта і таму ўключаныя ў яго тэрміны маюць дыскусійны характар[1].

Таксама адзначалася, што асноўнымі прынцыпамі пры яго стварэнні былі: 1) збліжэнне з інтэрнацыянальнай фізічнай тэрміналогіяй; 2) выкарыстанне багацця жывой народнай мовы. У адпаведнасці з гэтымі прынцыпамі, каля паловы тэрмінаў, што змяшчае слоўнік, з’яўляліся міжнароднымі і не патрабавалі сваямоўных адпаведнікаў: адсорпцыя, акумулятар, амплітуда, антэна, дыфракцыя, дыфузія, тэмпература, электрон і інш[2].

Але таксама прапаноўваліся тэрміны, створаныя на аснове жывой народнай мовы[2]:

амперметр ртутный — ампэрмэтар жывасрэбны
выпрямитель — выпрастач
выпуклость — пукатасьць,
гайка — мутэрка
жом — сьціскач
заряд — набой
зарядный ток — набойны ток
кипятильник — варнік
клапан — затамка
зажим — заціскач
мощность — патужнасьць
плоскость — роўніца
плотность — шчыльнасьць
полый проводник — пуста-парожні праваднік
разряд — распрыжэньне
разрядитель — распрыжальнік
разрядник — распрыжнік
распаивание — разьнітоўванне
скважина — зяўрына
сжатие — сьціск
сплав — стопак
станок — паставок
трубка — рурка
уравнение — раўнаньне
ускорение — прыскарэньне
шатун — хадун

Такія тэрміны з цягам часу былі заменены (у пераважнай большасці) на транслітараваныя рускія, напрыклад: выпуклость — выпукласць, заряд — зарад, клапан — клапан, полый проводник — полы праваднік, разряд — разрад, станок — станок, шатун — шатун і г. д[2].

Перавыданне[правіць | правіць зыходнік]

Усе 27 выпускаў «Беларускай акадэмічнай тэрміналогіі» былі перавыдадзены ў 2010 годзе факсімільным спосабам у чатырох тамах часопісам «ARCHE». «Слоўнік фізычнае тэрміналёгіі» ўвайшоў у 3-і том выдання.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская навуковая тэрміналогія = La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік]. — Менск : выданне Інстытута беларускай культуры, 1922―. — 22―24 см. — Вып. 21: Слоўнік фізічнай тэрміналогіі : (праект) : [руска-беларускі слоўнік] / Беларуская акадэмія навук, Аддзел гуманітарных навук, Інстытут навуковай мовы. — Выданне Беларускай акадэміі навук, 1929. — 287 с.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]