Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны

«Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны» — слоўнік, складзены I. Бялькевічам. Матэрыял для слоўніка збіраўся і апрацоўваўся ў 1925 — 1930-я гг., першапачатковая назва — «Краёвы слоўнік Калініншчыны». Аднак сам слоўнік быў апублікаваны толькі ў 1970 годзе ў Мінску. Змяшчае больш за 20 тысяч слоўнікавых артыкулаў.

Адлюстроўвае лексіку гаворак жыхароў Мсціслаўскага, Крычаўскага, Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Хоцімскага, Краснапольскага, Быхаўскага, Чэрыкаўскага, Чавускага і іншых раёнаў.

Словы і фразеалагізмы падаюцца ў алфавітным парадку з захаваннем іх гучання ў мясцовых гаворках. Пры тлумачэнні дыялектных слоў выкарыстоўваюцца звычайна літаратурныя адпаведнікі. Спецыфічна мясцовыя назвы прадметаў і з’яў тлумачацца апісальна. Пасля дэфініцыі падаюцца ілюстрацыі.

КВАСЕ́Ц, -сца, м. бат. Кісліца, заячая капуста. Які смачны квасец, мо таму і зайцы яго любяць есьці. Ушакі Чэрык.
КЫБЫЗОМ, прысл. Вытыркнуўшыся. Ні ў голавы, ні пад бок — тырчыць кыбызом. Палуж Краснап.
МАКЫЎКУ ЗЬДЗЕ́ЛЫЦЬ. Акунуцца ў ваду. Макыўку зьдзелый і вылазь з рэчкі. Хвёдараўка Краснап.

Слоўнік I. Бялькевіча добра адлюстроўвае лексічнае багацце беларускай мовы. Напрыклад, толькі на літару А ў ім зафіксавана некалькі дзясяткаў слоў з семай «пабіць»: аббізу́ніць, абдзяўжу́ліць, абжарыць, абсцёбаць, адбізу́ніць, адбуксы́рыць, аддубас́іць, аджву́чыць, аддзя́жыць, адпе́таваць, адпра́жыць, адпаласава́ць, адсцяга́ць, адшабасава́ць, адвазі́ць, адваля́ць, адкалату́шыць, адлупцава́ць, адпе́таць, адпру́дзіць, адпу́дзіць, адсвіста́ць, адсцёбаць, адсцяга́ць, адту́заць, адтусава́ць, адхлёпаць, адхлопаць, адхламазда́ць, адхляста́ць, адцяга́ць, адчуба́сіць, адчаса́ць, адшколіць, адшпа́рыць, атадра́ць, адця́ць.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі