Будынак былой Мінскай партыйнай школы
Славутасць | |
Будынак былой Мінскай партыйнай школы | |
---|---|
53°53′56″ пн. ш. 27°33′33″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Горад | |
Архітэктар | Аляксандр Пятровіч Воінаў |
Дата пабудовы | 1937 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000130 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Будынак былой Мінскай партыйнай школы — будынак у Мінску, размешчаны па вуліцы Карла Маркса, 31. У наш час у будынку размяшчаюцца эканамічны і філалагічны факультэты БДУ.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудаваны ў 1937 годзе з цэглы паводле праекта архітэктара А. П. Воінава. У будынку ў 1937—1941 гадах размяшчалася Вышэйшая камуністычная сельскагаспадарчая школа Беларусі імя У. І. Леніна і Камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава.
У час нямецкай акупацыі ў будынку размяшчаліся фельдкамендатура і мінскае ўпраўленне абвера пад прыкрыццём службы сувязі. Будынак разбураны ў выніку савецкага авіяналёту 2 мая 1943 года.
У 1947 годзе адноўлены паводле праекта аўтара. У 1949 годзе з паўночнага боку вучэбна-адміністрацыйнага корпуса на адной восі з левым рызалітам прыбудавана актавая зала са службовымі памяшканнямі. Пасля вайны ў 1946 годзе тут працавала Рэспубліканская партыйная школа пры ЦК КПБ, ператвораная ў 1956 годзе ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. У 1978 годзе да дваровага фасада прыбудаваны новы корпус, злучаны з асноўным пераходам-галерэяй (архітэктар А. Канстанціновіч).
-
Будынак у снежні 1940 года
-
Будынак у час нямецкай акупацыі
-
Палаючы будынак уначы 2 мая 1943
-
Разбураны будынак. 1943
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Пяціпавярховы складанай у плане канфігурацыі будынак вызначаецца строгасцю форм і прастатой архітэктурна-мастацкага вырашэння. Пастаўлены з водступам ад «чырвонай лініі» забудовы вуліцы. Галоўны пяціпавярховы аб’ём, фланкіраваны 2 невялікімі чатырохпавярховымі рызалітамі, завершаны атыкам. Уваход вырашаны ў выглядзе 4 згрупаваных парталаў. 2- і 4-ы паверхі цэнтральнай часткі аб’яднаны здвоенымі паўкалонамі без капітэлей і баз. Рытму цэнтральнай часткі адпавядаюць лапаткі на плоскасцях рызалітаў. Сцены 1-га паверха апрацаваны рустам.
Унутраная планіроўка калідорная, з двухбаковым размяшчэннем аўдыторый і кабінетаў. 1-ы паверх заняты пераважна вестыбюльнай групай з гардэробам, тут жа знаходзяцца бібліятэка і музей школы. У вестыбюлі сцены раўнамерна расчлянёны канеліраванымі пілястрамі. У аздабленні інтэр’ераў шырока выкарыстана дрэва. У квадратным у плане фае, што злучае актавую залу з вучэбна-адміністрацыйным корпусам, 4 магутныя васьмігранныя калоны падтрымліваюць кесаніраваную столь з невялікай паўсферай у цэнтры. Над уваходнымі праёмамі фае навісаюць дэкаратыўныя сандрыкі на фігурных кранштэйнах. У прасценках актавай залы, асветленай з 2 бакоў высокімі прамавугольнымі вокнамі, пастаўлены трохчвэртныя калоны на высокіх базах, што нясуць буйны антаблемент.
Мемарыяльныя дошкі
[правіць | правіць зыходнік]На будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка Герою Савецкага Саюза, аднаму з арганізатараў партызанскага руху І. Кожару, які больш за 15 гадоў працаваў дырэктарам Вышэйшай партыйнай школы[1].
Зноскі
- ↑ БЫВШАЯ ВЫСШАЯ ПАРТИЙНАЯ ШКОЛА В МИНСКЕ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2021. Праверана 13 лютага 2021.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- М. Б. Батвіннік, А. Л. Міцянін. 209. Будынак Мінскай вышэйшай партыйнай школы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- Воинов А. А. История архитектуры Белоруссии (советский период).— Мн.. 1975.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Будынак былой Мінскай партыйнай школы
- Будынак былой Мінскай партыйнай школы на сайце «Архіварта»