Валерый Ільіч Кожар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Валерый Ільіч Кожар
Дата нараджэння 1937
Месца нараджэння
Дата смерці 31 ліпеня 2020(2020-07-31)
Месца смерці
Бацька Ілья Паўлавіч Кожар
Альма-матар
Месца працы
Член у

Валерый Ільіч Кожар (1937, г. Ветка, Гомельская вобласць — 31 ліпеня 2020, Мінск) — беларускі архітэктар.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1937 годзе ў Ветцы Гомельскай вобласці. Трэцяе, малодшае дзіця ў сям’і Героя Савецкага Саюза Ільі Паўлавіча Кожара і яго жонкі Еўдакіі Іванаўны. Меў брата Ігара. У 1940 годзе сям’я перабралася ў Гомель. Улетку 1941 года сям’я знаходзілася на ведамаснай дачы на ўзлеску бярозавага гаю разам з іншымі сем’ямі абкамаўскіх працаўнікоў. У першыя дні вайны дом у Гомелі быў разбураны ад прамога траплення бомбы. У вагоне-цяплушцы[ru] сям’я была эвакуіравана ў горад Сенгілей, куды дабраліся толькі напачатку зімы. Ёй выдалі кабінет з печкай-буржуйкай у старым халодным адміністрацыйным будынку. Праз пару тыдняў мясцовы выканкам вызначыў новае месца пастаяннага пражывання — гарадскі пасёлак Нікольск. Узімку 1943 года, пасля вызвалення Гомеля, за сям’ёй прыехаў бацька. Для вяртання гомельскіх бежанцаў даслалі пульманаўскі вагон[ru][1].

" Дарога на радзіму адкрывала нам апакаліптычныя карціны адбушавалых баёў: пячныя трубы спаленых дашчэнту вёсак, падарваныя танкі, разбітыя, згарэлыя цягнікі і незлічоныя разваліны хат. Перад прыбыццём цягніка ў Гомель нямецкая авіяцыя бамбіла вакзал. Выбухамі размяло шпітальны цягнік. Стаяў задушлівы трупны пах. Над горадам кружыліся самалёты-разведчыкі[1]. "

Бежанцаў часова рассялілі ў сяле Кустарным пад Гомелем, дзе яны заставаліся да канца лета 1944 года. Бацька па вечарах прыязджаў на вайсковым газіку, а рана раніцай вяртаўся ў Гомель[1].

" Нарэшце надышоў дзень, калі мы ўбачылі родны горад, дакладней тое, што ад яго засталося. Бясконцыя змрочныя руіны. Бітай цэглай засыпаныя вуліцы… Цяжка было нават адшукаць месца, дзе знаходзіўся наш даваенны дом. Часова мы пасяліліся ў невялікім драўляным доміку ў квартале аднапавярховай прыватнай забудовы, якая цудам не згарэла ў гэтым пекле[1]. "

Увосень 1945 года сям’я пераехала ў кватэру новага абкамаўскага дома на вуліцы Пушкіна. Валерый пачаў хадзіць у першы клас новай школы, але вучобу прыйшлося перапыніць, бо бацьку перавялі на працу ў Мінск. У сталіцу сям’ю пасялілі ў пяціпавярховым, яшчэ недабудаваным доме па Гарбарнай вуліцы, які ўзводзілі для сем’яў працаўнікоў ЦК КПБ палонныя немцы. Увосень 1946 года Валерыя запісалі ў першы клас школы, якая знаходзілася каля старых жыдоўскіх могілак, дзе цяпер размяшчаецца стадыён «Дынама»[1].

Скончыў архітэктурнае аддзяленне будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута[1]. Старэйшы выкладчык кафедры «Архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў», намеснік дэкана па выхаваўчай працы архітэктурнага факультэта архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Чытаў лекцыйны курс «Увядзенне ў спецыяльнасць», вёў практычныя заняткі па «Архітэктурным праектаванні», кіраваў дыпломным праектаваннем[2].

Член Беларускага саюза архітэктараў[2]. Пражываў у Мінску.

Памёр 31 ліпеня 2020. Крэміраваны 3 жніўня ў Мінскім крэматорыі[3].

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар шэрагу аб’ектаў, пабудаваных у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі, у тым ліку жылых дамоў, аб’ектаў сацкультбыту, ландшафтнай архітэктуры. Адным з першых укараніў у практыку будаўніцтва ў Мінску вентыляваныя фасады (адміністрацыйны корпус завода «Аліварыя»)[2].

Асноўныя кірункі навуковых даследаванняў — архітэктура жылля, жыллё для сацыяльных праграм, выкарыстанне найноўшых тэхналогій у жылых дамах для аграгарадкоў[2].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жанаты, меў сына і дачку. Трымаў ньюфаўндленда па мянушцы Лентбергер[1].

Зноскі