Перайсці да зместу

Васіль (Тамашчык)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васіль
Уладзімір Тамашчык, Беласток, 1943 г.
Адукацыя
Месца працы
Нараджэнне 15 красавіка 1900(1900-04-15)
Смерць 9 чэрвеня 1970(1970-06-09) (70 гадоў)
Пахаванне

Васі́ль, свецкае імя Уладзімір Данілавіч Тамашчык (15 красавіка 1900, в. Вялікія Азяраны  (польск.) каля Крынак на Сакольшчыне — 9 чэрвеня 1970, Нью-Ёрк) — беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч, архіепіскап БАПЦ.

Нарадзіўся ў 1900 годзе ў сялянскай сям’і. У 1913 годзе сям’я перабралася на нованабытую гаспадарку ў маёнтку Дубляны каля мястэчка Вялікая Бераставіца. Вучыўся ў Вялікіх Азяранах, у Гродне. У 1915 годзе разам з сям’ёю як бежанец трапіў у расійскі Омск, дзе скончыў сярэднюю школу. У 1921 годзе сям’я вярнулася ў Дубляны. Ад гэтага часу далучыўся да беларускага руху, належаў да КПЗБ.

У 1927 годзе быў арыштаваны польскімі ўладамі i асуджаны на тры гады турмы. З 1930 года жыў у Чэхаславакіі. Скончыў у 1934 годзе агранамічны факультэт Пражскага політэхнічнага ўніверсітэта, працаваў асістэнтам у Пражскім інстытуце заалогіі. Браў удзел у грамадскім беларускім жыцці. Некаторы час быў сакратаром старшыні Рады БНР Васіля Захаркі.

Наталля Арсеннева і Уладзімір Тамашчык у Мінску ўлетку 1944 г.

З пачаткам Другой сусветнай вайны пераехаў у Беласток. Быў намеснікам рэдактара газеты «Новая дарога», працаваў у Беларускім камітэце. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.

З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі. Быў абраны старшынём Беларускага цэнтральнага камітэта — галоўнай арганізацыі беларусаў у Германіі ў 1945—1947 гадах. 23 красавіка 1949 года прыняў манаства[1] пад імем Васiль. У тым жа годзе ўзведзены ў сан епіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы архіепіскапам Сергіем і епіскапамі УАПЦ Платонам і Вячаславам. У 1951 годзе скончыў Украінскую багаслоўскую акадэмію ў Мюнхене з дыпломам магістра багаслоўя.

У 1951 годзе пераехаў у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку. Узначаліў Канадска-Амерыканскую епархію БАПЦ. З 1954 года архіепіскап. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці ў ЗША. Узначальваў БІНІМ (1951).

Забіты невядомымі ў сваёй кватэры ў Нью-Ёрку 9 чэрвеня 1970 года. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку каля Нью-Ёрка.

Зноскі

  1. Статус манахаў, прэсвітараў і архіерэеў за прадстаўнікамі БАПЦ і УАПЦ не прызнаецца кананічнымі праваслаўнымі цэрквамі