Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква
Членства:

20 прыходаў

:

Сабор Святога Кірылы Тураўскага (Нью-Ёрк)

Тып арганізацыі:

Царква

Афіцыйная мова:

Беларуская

Кіраўнікі
Епіскап

Святаслаў (Вячаслаў Логін)

Заснаванне
Сабор Беларускай праваслаўнай царквы

9 жніўня 1927

www.belapc.org

401 Атлантык авеню, Бруклін

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ) — рэлігійная арганізацыя беларусаў. БАПЦ не прызнаецца памеснымі праваслаўнымі цэрквамі, а Рускай праваслаўнай царквой называецца, як і іншыя некананічныя цэрквы, праваслаўнай дэнамінацыяй; прызнаецца некананічнымі цэрквамі: Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, Сусветны Амерыканскі Патрыярхат і інш.

Паводле выдання «Голас Царквы беларускай» (2006) БАПЦ мае 12 прыходаў у Беларусі і шэраг за мяжой[1], у т.л. ЗША, Канадзе і Аўстраліі. БАПЦ у Беларусі не мае дзяржаўнай юрыдычнай рэгістрацыі прыходаў.

Богаслужэнні вядуцца на беларускай мове. БАПЦ займаецца таксама культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную духоўную спадчыну[2].

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У традыцыі БАПЦ выводзіць сваё паходжанне ад Наваградскай мітраполіі, створанай Канстанцінопальскім патрыярхатам (1330) па просьбе вялікага князя літоўскага Гедзіміна і ўзначаленай мітрапалітам Феафілам. З 1415 па 1418 гады ёй кіраваў Рыгор (Цамблак), прызначаны саборам епіскапаў без благаславення Канстанцінопальскага Патрыярха[3].

Падчас напалеонаўскай вайны (1812) архіепіскап Магілёўскі Варлаам (Шышацкі) прысягнуў Напалеону, за што быў пазбаўлены сана і сасланы ў Ноўгарад-Северскі манастыр. Па некаторых дадзеных, гэты крок быў абумоўлены імкненнем захаваць спакой у епархіі[4], сам Варлаам сцвярджаў, што заўсёды захоўваў вернасць Усерасійскаму прастолу, але, не жадаючы рэпрэсій супраць манаства, духавенства і паствы епархіі, быў вымушаны прысягнуць Напалеону[5].

Савецкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

23 ліпеня 1922 года ў кафедральным саборы Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мінску адбыўся царкоўны сінод, які вырашыў дзеля абароны ад абнаўленцкага ВЦУ стварыць аўтаномную (але не аўтакефальную) беларускую мітраполію, абраць архіепіскапа Мелхіседэка (Паеўскага) мітрапалітам з тытулам Мінскі і Беларускі і стварыць 4 епархіі: Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую і Слуцкую. Паводле іншых звестак, стварэнне мітраполіі санкцыянаваў патрыярх Ціхан, а Мелхіседэк толькі самачынна ўзяў на сябе кіраўніцтва ўсімі епархіямі на тэрыторыі Беларусі, а не толькі Мінскай[6]. Кардынальных наступстваў гэты крок не меў, і беларускія свяшчэннікі працягвалі знаходзіцца ў кананічных адносінах з Маскоўскім Патрыярхатам, а ў чэрвені 1926 года Мелхіседэк прынёс пакаянне мітрапаліту Сергію і склаў з сябе тытул мітрапаліта[7].

Бабруйскі епіскап Філарэт стварыў ініцыятыўную групу па скліканні з'езда прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы, які адкрыўся 9 жніўня 1927 года ў Мінску. У iм прынялі ўдзел прадстаўнікі 333 прыходаў Мінскай, Барысаўскай, Мазырскай, Слуцкай, Бабруйскай епархій і адной акругі (благачыння) Аршанскай епархіі. Сабор абвясціў аўтакефалію і абраў самастойнае кіраўніцтва. На 1 студзеня 1928 года Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква мела ў Гомельскай акрузе — 24 прыходы, у Полацкай — 12, Аршанскай — 10. Усяго ў БССР на той час БАПЦ налічвала 344 прыходы, у якіх неслі службу 399 святароў[8].

Гэты крок духавенства тлумачыла цяжкім становішчам Праваслаўнай Царквы Усерасійскай, якая ў той час перажывала шматлікія рэлігійныя рознагалоссі, і жаданне пазбегнуць уцягвання ў барацьбу царкоўных груповак[9]. У выніку пашыраных з 1935 года рэпрэсій супраць святарства, на 24 чэрвеня 1938 года ў БССР засталіся дзейнічаць толькі 2 царквы — ў Оршы i Мазыры[8]. Перад вайной, у 1941 годзе, на тэрыторыі БССР не было ані царкоўнай арганізацыі, ані легальна адчыненых цэркваў[10].

Перыяд Другой сусветнай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Вясною 1942 года прадстаўнікі Беларускай народнай самапомачы (БНС) правялі перамовы з Беларускім мітрапалітам Панцялейманам аб узнаўленні аўтакефаліі, але атрымалі адмову. Тады прадстаўнікі БНС звярнуліся ў Генеральны камісарыят "Беларусь" з просьбай аб скасаванні ўлучэння Беларускае Праваслаўнае Царквы ў маскоўскую[11], на што была атрыманая згода. Такім чынам, кіраўніцтва Камісарыяту запатрабавала ад епіскапату Беларускай мітраполіі абвясціць аўтакефалію, прапаведаваць на беларускай мове, звольніць расійскіх[Удакладніць!] святароў ды спыніць згадванне мітрапаліта Сергія. Архірэйскі сабор у асобе мітрапаліта Панцялеймана і епіскапа Венедыкта пастанавіў прыняць патрабаванні, але адкласці абвяшчэнне аўтакефаліі да яе прызнання Маскоўскім патрыярхатам[12].

1 чэрвеня Генеральны камісарыят «Беларусь» загадаў мітрапаліту Панцеляйману пайсці, нібыта на адпачынак, у манастыр у Лядах за супраціў абвяшчэнню аўтакефаліі яго адкладаннем, а царкоўнае кіраўніцтва перадаць архіепіскапу Філафею. Аднак перамовы БНС, а пазней Генеральнага камісарыята, з архіепіскапам Філафеем таксама не далі плёну. У выніку 15 ліпеня кіраўніцтва Камісарыяту загадала епіскапату Беларускай мітраполіі неадкладна пачаць падрыхтоўку да склікання Усебеларускага Царкоўнага Сабору, дзеля чаго архіепіскап утварыў камісію. Па атрыманні 1 жніўня ад мітрапаліта Панцялеймана пісьмовага даручэння склікаць Сабор дзеля «афармлення створанае мітрапалітам аўтакефаліі» архіепіскап Філафей прызначыў яго на 28 жніўня і разаслаў інструкцыі ў справе выбару дэлегатаў. Але Сабор пачаў сваю працу толькі 30 жніўня пасля малебну ў мінскай Свята-Праабражэнскай саборнай царкве і працягваўся да 2 верасня. Бралі ў ім удзел з правам голасу 3 епіскапы, 65 святароў і 65 прадстаўнікоў ад вернікаў. 128-мю галасамі супраць 3-х устрыманых Сабор ўхваліў прапанову неадкладнага абвешчання аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы[11]. На ім прынялі Статут «Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Нацыянальнай Царквы», параграф 113 якога абвяшчаў: Кананічнае аб'яўленне аўтакефаліі наступіць пасля прызнання яе ўсімі аўтакефальнымі цэрквамі[12]. Сабор таксама зацвердзіў тэксты лістоў да Канстанцінопальскага патрыярха і галоваў усіх аўтакефальных праваслаўных цэркваў з просьбай прызнаць аўтакефалію Царквы і прыняць яе, «як сястру», у малітоўную супольнасць. На заканчэнне Сабор прыняў пастанову, якой абавязваў епіскапаў давесці справу аўтакефаліі да завяршэння. Аднак епіскапы, апраўдваючыся неабходнасцю подпісу мітрапаліта пад лістамі ў справе прызнання аўтакефаліі, іх не выслалі[11]. Такім чынам, ні фактычнага абвяшчэння аўтакефаліі, ні прызнання яе іншымі цэрквамі не адбылося.

Эміграцыя[правіць | правіць зыходнік]

Наступленне савецкіх войскаў вымусіла епіскапат Беларускай мітраполіі эмігрыраваць ў Германію.

Пасля вайны члены епіскапата ўвайшлі ў склад Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. Частка эмігрантаў звярнулася да кіраўніка УАПЦ Палікарпа з просьбай стварыць для іх асобную Беларускую аўтакефальную царкву. 5 чэрвеня 1948 года ў Канстанцы (Заходняя Германія) адбыўся царкоўны з'езд, на якім было прынята рашэнне заснаваць Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (БАПЦ)[13]. Узначаліў яе, перайшоўшы з УАПЦ, епіскап Мелітопальскі Сергій (Ахатэнка), узведзены Палікарпам у сан архіепіскапа. У 1949 годзе ён разам з епіскапамі УАПЦ узвёў у сан епіскапа Васіля (Тамашчыка) са званнем Віленскі. У БАПЦ было створана дзве епархіі — Аўстралійская (якую ўзначаліў Сергій) і Канадска-Амерыканская (Васіль). Епіскап Сергій пачаў прымаць у БАПЦ суполкі Канстанцінопальскага патрыярхата, у выніку чаго Канстанцінопальскі патрыярх выдаў Томас, у якім аб'явіў, што Сергій не з'яўляецца праваслаўным епіскапам, а БАПЦ, як праваслаўнай царквы, не існуе[14].

У 1968 годзе ў БАПЦ з'явілася яшчэ два епіскапы: Андрэй (Крыт) быў пасвечаны на епіскапа Гродзенскага, Наваградскага і Кліўлендскага, а архімандрыт Мікалай (Мацукевіч) стаў епіскапам Турава, Пінска і Таронта. Пасля смерці Сергія (1971) быў праведзены Сабор БАПЦ (1972), які выбраў новым старшынёй Андрэя (Крыта) і дараваў яму тытул мітрапаліта. У 1979 годзе святаром БАПЦ стаў Ізяслаў (Бруцкі).

У 1980 годзе, пасля прызначэння Бруцкага настаяцелем у Хайленд-Парк, стары святар адмовіўся пакідаць царкву, і яго прыхільнікі новага настаяцеля не ўпусцілі. У выніку гэтага арх. Мікалай абвясціў мітр. Андрэя недзеяздольным і абвясціў аб пераходзе трох прыходаў (Хайленд-Парк, Кліўленд і Дэтройт) пад яго юрысдыкцыю. 7 жніўня 1982 года архірэйскі сабор БАПЦ (Андрэй і Ізяслаў) аб'явілі аб адлучэнні Мікалая ад царквы. Аднак пасля смерці мітрапаліта Андрэя на саборы ў Хайленд-Парку (26-27 мая 1983) менавіта Мікалай быў абраны мітрапалітам. Таму Ізяслаў склікаў Пазачарговы Сабор у Мюнстэры (Вялікабрытанія), дзе таксама быў выбраны мітрапалітам у маі 1984. Так БАПЦ раскалолася на дзве юрысдыкцыі[15]. Пад кіраўніцтвам Ізяслава апынуліся 3 прыходы ў Англіі, 2 у Аўстраліі і 1 у ЗША. Другую групу ўзначаліў архіепіскап Таронта, пад амафорам якога 5 прыходаў у ЗША, адзін у Канадзе і адзін у Аўстраліі.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці мітрапаліта Мікалая (2003) Ізяслаў далучыў да сваёй юрысдыкцыі большую частку яго прыходаў. У жніўні 2003 на Царкоўным Саборы ў Хайленд-Парку (ЗША) фармальна завершана аб’яднанне двух галін БАПЦ.

Але яшчэ раней новым старшынёй БАПЦ аб'явіў сабе Аляксандр Салагуб (былы супрацоўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў РПЦ), якога раней Мікалай прыняў у сваю БАПЦ, а праз некалькі месяцаў адлучыў ад яе. Аляксандр (які рашэнне Мікалая не прызнаў) разам з сербскім епіскапам Дамаскінам, які знаходзіўся на пакоі, узвялі ў сан епіскапа БАПЦ серба Ёвана Пурыча, які пасля смерці Мікалая аб'явіў сябе мітрапалітам, а Пурыча кіраўніком справамі БАПЦ[Крыніца?]. У гэты час да групы Салагуба далучаецца былы свяшчэннік РПЦ Іван (Спасюк), які разам з Пурычам скінулі Салагуба (які не прызнаў і гэта рашэнне).

У 2004 годзе ў БАПЦ Ізяслава ў сувязі з цяжкай хваробай апошняга вікарным епіскапам Баранавіцкім і Бруклінскім і выконваючым абавязкі кіраўніка БАПЦ быў прызначаны Васіль (Касцюк), які перайшоў у БАПЦ з РПЦ. Але царкоўны савет і яго прыхільнікі заблакіравалі будынак царквы Кірылы Тураўскага і не пусцілі туды Васіля. Праз некалькі месяцаў Васіль вярнуўся ў Беларусь, наклаўшы анафему на шэраг членаў царкоўнага савета. У Беларусі ён некаторы час называў сабе законным кіраўніком БАПЦ, а затым аб'явіў аб стварэнні новой юрысдыкцыі «Беларускі грэка-праваслаўны рух»; у 2009 годзе далучыўся да БАПЦ Пурыча і стаў членам Архіерэйскага Сіноду і «кіраўніком падпольных прыходаў у Беларусі».

Мітрапаліт Ізяслаў (Бруцкі) памёр 27 лістапада 2007 года. 11 мая 2008 года епіскапам быў абраны архімандрыт Святаслаў (Логін). Абрад хіратоніі быў выкананы архіепіскапам Уманскім і Дэтройцкім Аляксандрам, епіскапам Барыспальскім Пасіем ды епіскапам Х'юстанскім і Тэхаскім Макарыюсам пры дапамозе святарства і пры ўдзеле вялікай колькасці вернікаў з Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі і Канады[16]. Варта адзначыць, што менавіта Вячаслаў Логін вёў Царкоўны Сабор у жніўні 2003 года, калі было абвешчана аб спыненні спрэчак унутры царквы[17].

Іншыя арганізацыі[правіць | правіць зыходнік]

  • У 2001 годзе з РПЦ выйшаў свяшчэннік Іван Спасюк і аб'явіў сябе выконваючым абавязкі кіраўніка БАПЦ у Беларусі (ніхто з іншых БАПЦ і Б(Н)АПЦ яго не прызнаў). Ён перайменаваў сваю арганізацыю ў Беларускую народную царкву, а затым выехаў у ЗША, дзе далучыўся да царквы пад кіраўніцтвам А. Салагуба[18].
  • У 1994 годзе была заснаваная Беларуская Народная Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БНАПЦ), якую часта СМІ (а таксама яе члены, неафіцыйна) таксама называюць БАПЦ. Узначалілі яе епіскап Пётр Гушча і свяшчэннік Леанід Акаловіч. Гэтую царкву не прызнае ні БАПЦ, ні ўкраінскія аўтакефалісты. Пётр Гушча ў 1994 годзе стаў епіскапам БНАПЦ. Званне епіскапа атрымаў у арганізацыі «Сусветны Амерыканскі Патрыярхат», якой кіруе архіепіскап Юрый (Рыжы); у гэтай жа арганізацыі атрымаў сан святара Акаловіч, а потым сан епіскапа Іван Спасюк.

Прыходы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Паводле «Голас Царквы беларускай», 2006 г., № 24
  2. БЭ ў 18 т. Т. 2.
  3. Пад пагрозай смерці з боку Вітаўта, пд. http://www.orthodox.com.ru/new/page.php?id=13&pg=2&PHPSESSID=7df98401febc8eb8cafa6213e7284fc1
  4. http://www.ortho-rus.ru/cgi-bin/ps_file.cgi?2_2684
  5. http://www.museum.ru/1812/Library/Rs7/index.html
  6. http://www.church.by/resource/Dir0056/Dir0083/Dir0102/Page0103.html
  7. http://www.pstbi.ccas.ru/bin/db.exe/no_dbpath/docum/cnt/ans/newmr/?HYZ9EJxGHoxITYZCF2JMTdG6XbuAdOjZeC4Zd8Ke60WDc8KWsOeceG0AeCKUe8gUWymWfe8ctmY*
  8. 8,0 8,1 Уладзімір Навіцкі. Палітыка расколу Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі (1920-я гг.)// Беларускі партал «Царква». 30 снежня 2007
  9. http://cb.iatp.by/dialog/d4.htm
  10. Зянон Пазняк. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Беларускія ведамасці, Варшава; Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, Вільня, 2003. — 144 с.: іл. ISBN 9955-9337-8-X — Старонкі 104—107 (Аўтакефалія).
  11. 11,0 11,1 11,2 Барыс Данілюк. Усебеларускі Праваслаўны Царкоўны Сабор 1942 г. у Менску// Беларуская Аўтакефалія. № 1 (1) 2009. Старонкі 15-17.
  12. 12,0 12,1 Силова С. В. Крестный путь. Белорусская православная церковь в период немецкой оккупации 1941—1944 гг. — Минск: Изд-во Белорусского экзархата, 2005. — 71 с.
  13. Аўтакефалія. — Мінск: Грамадзянская ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне», 2005. — 15 с.
  14. http://zarubezhje.narod.ru/rs/S_377.htm
  15. Алег Тачоны. Беларуская Аўтакефалія на ростанях// Наша Ніва. 20 чэрвеня 2002
  16. Хіратонія архімандрыта Святаслава ў епіскапа БАПЦ // Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. 11 мая 2008
  17. Хіратанізаваны новы епіскап БАПЦ// Наша Ніва. 12 мая 2008
  18. http://www.hierarchy.religare.ru/h-orthod-baoc.html
  19. http://www.belapc.org/parahvii

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]