Веткаўская іканапісная школа
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/a4/%D0%94%D0%B5%D0%B8%D1%81%D1%83%D1%81._XVIII_%D0%B2..jpg/250px-%D0%94%D0%B5%D0%B8%D1%81%D1%83%D1%81._XVIII_%D0%B2..jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/fd/%D0%9D%D0%B8%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D0%B0_%D0%9E%D1%82%D0%B2%D1%80%D0%B0%D1%82%D0%BD%D1%8B%D0%B9.jpg/250px-%D0%9D%D0%B8%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D0%B0_%D0%9E%D1%82%D0%B2%D1%80%D0%B0%D1%82%D0%BD%D1%8B%D0%B9.jpg)
Веткаўская іканапісная школа — адна з самабытных школ беларускага іканапісу, якая стваралася ў адпаведнасці стараверскаму канону ў ваколіцах горада Веткі. Абразы Веткаўскай школы даюць выдатны прыклад сінтэзу старажытнарускага мастацтва і мясцовых традыцый іканапісу[1].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Ветка традыцыйна з'яўлялася цэнтрам старавераў. Адасобленасць рэгіёна, наяўнасць духоўнага цэнтра, своеасаблівасць асяроддзя, у якім развіваўся веткаўскі іканапіс, пераемнасць у перадачы з пакалення ў пакаленне іканапіснага майстэрства характарызуюць Ветку як буйны іканапісны цэнтр[2].
У веткаўскіх іконах выразна адбіліся этапы працэса ўзаемадзеяння праваслаўнага іканапісу з заходнееўрапейскім жывапісам. Найбольш паслядоўна гэта адбывалася ва ўніяцкім мастацтве: кананічныя сюжэты набывалі этнаграфічны характар, суправаджаліся побытавымі падрабязнасцямі, пры гэтым пераасэнсоўваліся вартасці светлаценевага жывапісу. У якасці ўзораў кампазіцый шырока выкарыстоўваліся гравюры з беларускіх і ўкраінскіх друкаваных выданняў[3].
Апісанне[правіць | правіць зыходнік]
У іконах Веткаўскай школы бачны адыход ад візантыйскага канону жывапісу пад уплывам барочнага мастацтва Беларусі. У 18 стагоддзі, калі ў Беларусі панавала барочная культура, на абразах веткаўскіх стараабрадцаў з'яўляюцца элементы інтэр'еру, касцюму, некаторыя пабытовыя рэаліі, больш жывымі робяцца выявы[4].
Асноўнымі пародамі дрэва ля Веткі з'яўляюцца таполі. Гэта драўніна асабліва моцна схільная ўздзеянню жучка-тачыльшчыка, таму ікона, напісаная ў Ветцы, практычна заўсёды з'едзена шашалем. Таўшчыня дошак вялікая: 2-2,5-3 см.
Раслінны арнамент з лісця і кветак, а таксама картушы з надпісамі, у лепшых майстроў з ужываннем тэхнік «цыроўкі» і «расцвечання золата», таксама характэрных для веткаўскіх майстроў, уяўлялі вобраз Эдэмскага саду. Асноўныя матывы, характэрныя для Веткі: кветкі, ружы і ружавыя букеты, галіны з лісцем і кветкамі яблынь, імітацыя лісця аканта, вінаградная лаза, гірлянды, рог багацця, нарцысы, ракавіны.
Адметнай рысай абразоў Веткаўскай традыцыі з'яўляюцца моцныя высвятленні вакол рота і падбародка і характэрная форма верхняй губы, якая навісае над прыпухлай, раздвоенай ніжняй губой. Веткаўскія іканапісцы актыўна вылучаюць кінавар'ю міжгуб'е, часам і мяжу ніжняй губы, што з'яўляецца старажытнай традыцыяй.
Уплыў Веткаўскіх ікон[правіць | правіць зыходнік]
Іканапісная вытворчасць была добра наладжана ў Ветцы і забяспечвала абразамі ўвесь стараверскі свет. Іконы з Веткі былі ўзорам для іканапісцаў-старавераў у іншых месцах[2]. Уплыў Веткаўскай школы распаўсюдзіўся на Украіну, у Малдову, дзе таксама жылі стараверы[4].
Зноскі
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Веткаўская іканапісная школа на Вікісховішчы |
---|