Стараверства
Стараве́рства, або Ста́раабра́дства — цячэнне ў рускім праваслаўі, прадстаўнікі якога не прымаюць царкоўнай рэформы патрыярха Нікана і цара Аляксея Міхайлавіча.
Стараверства падзяляецца на дзве плыні: папоўцы (якія лічаць неабходным наяўнасць духавенства і адпраўлення імі царкоўных таінстваў) і беспапоўцы (якія лічаць, што са смерцю апошняга не прыняўшага рэформу свяшчэнніка няма магчымасці ставіць новых і неабходна абыходзіцца без іх). Кожная плыня падзяляецца на рад юрысдыкцый. Буйнейшымі арганізацыямі папоўцаў з'яўляюцца Руская праваслаўная стараверская царква і Дрэўлеправаслаўная царква.
З моманту ўзнікнення стараверы стала праследаваліся свецкімі і царкоўнымі ўладамі з рознай ступенню інтэнсіўнасці. У 1905 годзе маніфестам імператара Мікалая II стараверы былі легалізаваны. У 1971 годзе Руская праваслаўная царква зняла з іх пракляцце.
Дагматычных разыходжанняў з іншымі плынямі праваслаўя ў старавераў няма. Адрозненні ёсць у асноўным толькі ў літургічнай практыцы:
- хрышчэнне двума пальцамі, а не трыма;
- адрозненне ў напісанні некалькіх сакральных імён у тым ліку: Исус, а не Иисус;
- слова алілуя вымаўляецца два разы, а не тры;
- хросны ход па гадзіннікавай стрэлцы, а не супраць яе;
- (у Беларусі) на службе гаворыцца «о богохранимой стране нашей Российской, властех и воинстве ея», а не «о богохранимой стране нашей, властях, воинстве и народе ея», як у РПЦ;
- спяванне монагалоснае, а не палітоннае; таксама старыя знакі для запісу нот (крукі);
- магчымасць карыстання літымі іконамі;
- захаванне саюза-супрацьстаўлення а ў Сімвале веры («рожденна, а не сотворенна»);
- прызнанне выключна васьміканечнага крыжа.
Стараверскія грамады акрамя Расіі знаходзяцца ў Беларусі, Літве, Латвіі, Эстоніі, ва Украіне, у Румыніі, Малдове, Польшы, ЗША, Канадзе, шэрагу краін Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі.
Стараверы ў Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Беларусь была адной з краін, куды стараверы ўцякалі ад праследавання маскоўскіх улад. Найбуйнейшыя пасяленні старабрадцаў у Беларусі склаліся і да нашага часу захаваліся ў шэрагу раёнаў Віцебскай вобласці, у Бабруйску і Бабруйскім раёне і г.д. Дзяржаўная мяжа давала абарону ад праследавання, але не заўсёды надзейную: за Кацярынай II расійскія войскі ладзілі адмысловыя карныя паходы на Ветку. На Беларусі стараверы вольна друкавалі кнігі ў Гродне, Вільне, Супраслі, Магілёве; тыя кнігі потым таксама таемна распаўсюджваліся ў Расіі, дзе былі забаронены.
Старабрадцы ў Беларусі ўтвараюць адмысловую этнаканфесійную групу рускіх, якая выразна ўсведамляе сваю самастойнасць ад астатніх рускіх (як тых, што жывуць у Расіі, так і тых, што прыехалі ў Беларусь). У якасці этноніма адзначана выкарыстанне тэрміна «маскаль», (прынамсі — на Віцебшчыне) — як навакольнымі беларусамі, так і ў якасці саманазвы. На поўдні Беларусі беларускае атачэнне выкарыстоўвае абразлівы тэрмін «кацап» (ка(к)цап — «цап» па-ўкраінску казёл, таму што стараверы прынцыпова не галіліся і нават не стрыглі бароды і вусы), які ў апошнія часы некаторымі нашчадкамі старавераў выкарыстоўваецца таксама як саманазва.
Стараверы захоўвалі архаічныя рускія гаворкі (у тым ліку даследчыкі адзначалі адмысловыя маскоўскія архаічныя рысы), якія не зазналі наступных змен, характэрных для рускай мовы і гаворак метраполіі. Але затое — трапілі пад беларускі ўплыў (а месцамі адбыўся і поўны пераход на беларускую мову, пры захаванні нацыянальнага самаўсведамлення).
Цікава, што найбольш развітыя, найбольш разнастайныя формы беларускіх узораў на рушніках фіксуюцца акурат у тых мясцінах (Ветка, раён Лепельшчыны), дзе захоўваюцца пасяленні старавераў.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Стараверства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 154. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Стараве́ры, раскольнікі // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 684. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Стараверства