Вех
Вех | |
---|---|
індан. Weh | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 156,3 км² |
Насельніцтва | 30 647 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 196,08 чал./км² |
Размяшчэнне | |
5°49′23,20″ пн. ш. 95°19′13,40″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Індыйскі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вех (індан.: Weh) — востраў у Андаманскім моры, на паўночны захад ад Суматры. Уваходзіць у склад Інданезіі. Плошча — 156,3 км². Насельніцтва (2010 г.) — 30 647 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Вех знаходзіцца ў Андаманскім моры ў 21,3 км на паўночны захад ад Суматры і 8 046,2 км на паўднёвы ўсход ад Мінска. Мае вулканічнае паходжанне. На востраве размяшчаецца актыўны стратавулкан (617 м). Каля порта Сабанг у моры назіраюцца выхады фумаролаў. Востраў пацярпеў ад землетрасення і цунамі 2004 г.
Для ўзбярэжжа характэрна спалучэнне пясчаных пляжаў і скальных выступаў. Цэнтральная частка ўзгорыстая. Шмат рэк, ёсць вадаспады.
Клімат трапічны, вельмі вільготны з двума сезонамі мусонаў. Найбольш дажджлівая і прахалодная пара цягнецца з лістапада да студзеня.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Вех — адзін з найпрыгажэйшых астравоў Інданезіі. Горны пейзаж тут спалучаецца з ляснымі абшарамі. На ўзбярэжжы шмат какосавых пальмаў і кветкавых хмызнякоў. Аднак найбольшую цікавасць уяўляе прырода навакольнага мора. Мясцовы каралавы рыф насяляюць шматлікія віды рыб, у тым ліку акул. З лістапада да студзеня можна назіраць кітовых акул.
Значная частка прыродных тэрыторый (каля 34 км² сушы і 26 км² мора) знаходзіцца пад аховай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Жыхары Веха здаўна займаліся гандлем. Праз востраў праходзіў марскі шлях з Аравіі ў Кітай. Мяркуецца, што ён быў вядомы еўрапейскім географам ужо ў IV ст. да н.э.
Пасля прыняцця жыхарамі Паўночнай Суматры ісламу Вех з'яўляўся месцам абавязковага прыпынку для мясцовых мусульман, якія здзяйснялі хадж. На невялікім востраве Рубія каля Веха быў створаны шпіталь для псіхічна хворых.
Значэнне Веха стала яшчэ больш важным пасля будаўніцтва Суэцкага канала, што паўплывала на ажыўленне суднаходства ў суседнім Малакскім праліве. Галандскія каланіяльныя ўлады пабудавалі на востраве буйны порт. Да нашых дзён ён выкарыстоўваецца для транзіту паліва.
У 1945 г. Вех увайшоў у склад Інданезіі. У апошнія дзесяцігоддзі на ім імкліва развіваецца турызм.