Вольга Васілеўна Дзёмкіна
Вольга Васілеўна Дзёмкіна | |
---|---|
Дата нараджэння | 30 красавіка 1953 (71 год) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, габеленіст |
Месца працы | |
Вучоба | |
Член у |
Вольга Васілеўна Дзё́мкіна-Пасо́ (фр.: Olga Demkina-Passot; 30 красавіка 1953, в. Забаенне, Чашніцкі раён[1], Віцебская вобласць) — беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Пасля пяці класаў Красналуцкай школы Вольга паехала вучыцца ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, якую скончыла ў 1977 годзе. У 1977 годзе скончыла аддзяленне тканін і мадэліравання Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Скончыла аспірантуру пры Беларускай акадэміі мастацтваў. Адраджала і ўзначальвала кафедру «Габелен і мадэляванне» Акадэміі мастацтваў[1].
Працавала на Мінскім вытворча-мастацкім камбінаце з 1979 года[2].
У 1996 годзе паехала на выстаўку ў Францыю, дзе разам з Аляксандрам Фінскім прадстаўлялі беларускую творчасць. Там пазнаёмілася з будучым мужам, да якога пераехала неўзабаве. Пражывае ў Францыі, недалёка ад Ліёна[3].
Член Саюза мастакоў Беларусі з 1988 года, член Саюза мастакоў Францыі.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]У тэхніцы габелену стварае творы на тэмы беларускай мінуўшчыны («Рэха», 1977, «Песня з мінулых стагоддзяў», 1978, «Ветразь міру», 1986, «На строме часу», 1986, «Малітва», 1992), чарнобыльскай трагедыі («Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся», «Крыніца часу», абедзве 1989, «Узыходжанне», 1990, «Зорка Палын», 1991, «Таямніца святла», 1995), космасу і сусвету («Пакланенне зоркам», 1992, «Песня вятроў», 1996)[2]. Таксама стварыла габелен «Сіротка»; занавес сцэны ў Нясвіжскім палацы культуры (72 м2); габелен плошчай 175 м² і 75 м² у саўгасе «Белавежскі» пад Камянцом; габелен «Рагнеда» ў Заслаўскім краязнаўчым музеі; габелены ў Нацыянальным гістарычным музеі. Габелен Дзёмкінай «Панадпрыпяцкая завіруха» ўпрыгожвае беларускае пасольства ў Парыжы. Працуе над маштабным праектам «Мадонны пяці кантынентаў», а таксама над габеленам для Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля, прысвечаным яго заснавальніку Мікалаю Крыштафу Радзівілу «Сіротку»[1].
Габелен «Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся» прысвечаны сястры мастачкі, якая стала ахвярай чарнобыльскай трагедыі. На габелене — жанчыны ў жалобе: з-за радыяцыйнага абпраменьвання яны змушаныя пазбавіцца плода, які выношвалі з такой любоўю. Поўныя смутку вочы мацярок зямлі беларускай, апаленых Чарнобылем[4].
У работах «Дажынкі», «Гуканне вясны», «Купалле», «Паганскія сімвалы», «Гімн лілеям» (усе 1990-я г.) тактоўная спроба расшыфраваць знакавую сістэму беларускага арнаменту[2].
Стварыла сцэнічныя касцюмы для ансамбляў «Песняры» (з Юрыем Піскуном), «Жалейка», «Зорачка», «Купалінка» і інш[2]. Па ўспамінах Дзёмкінай, шляхетныя касцюмы для «Песняроў» розныя камісіі нас не разумелі і крытыкавалі, бо тады беларусаў успрымалі выключна як сялянскую нацыю. Толькі дзякуючы падтрымцы міністра культуры БССР Юрыя Міхневіча гэтыя касцюмы зацвердзілі[3].
У Красналуках зараз захоўваюцца тры работы Вольгі Дзёмкінай: партрэты яе маці і бацькі і эскіз песняроўскіх касцюмаў. У мясцовай школе збіраюць матэрыялы для прысвечанай ёй экспазіцыі[2].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Узнагароджана двума залатымі медалямі міжнароднай акадэміі мастацтва і літаратуры «Лютэс» у Парыжы, дыпломам Нацыянальнай асамблеі Францыі[1].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]У шлюбе з французскім музынкатам Жоржам Пасо.
Зноскі
- ↑ а б в г Дзёмкіна Вольга Васільеўна
- ↑ а б в г д Г. А. Фатыхава. Дзёмкіна Вольга Васілеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- ↑ Галія Фатыхава. Памяць праз вобраз // Літаратура і мастацтва № 16 20 красавіка 2012 г
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Фатыхава Г. Зорка Палын // ЛіМ. 1996. 26 крас.;
- Фатыхава Г. Музыка габелена // Беларусь. 1996. № 10.
- Г. А. Фатыхава. Дзёмкіна Вольга Васілеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Нарадзіліся 30 красавіка
- Нарадзіліся ў 1953 годзе
- Нарадзіліся ў Лепельскім раёне
- Выпускнікі Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка
- Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
- Члены Таварыства французскіх мастакоў
- Члены Беларускага саюза мастакоў
- Асобы
- Мастакі паводле алфавіта
- Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, якія не маюць старонак цёзак па прозвішчы
- Нарадзіліся ў Чашніцкім раёне
- Мастакі Беларусі
- Мастакі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
- Імігравалі ў Францыю з Беларусі
- Мастакі-габеленісты Беларусі