Відзінскае царства
царства | |||||
Відзінскае царства | |||||
---|---|---|---|---|---|
Видинско царство | |||||
|
|||||
|
|||||
1280 — 1422
|
|||||
Сталіца | Відзін | ||||
Мова(ы) | старабалгарская | ||||
Рэлігія | праваслаўе | ||||
Форма кіравання | манархія | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Відзінскае царства — дзяржава, якая адкалолася ад Балгарыі (Тырнаўскага царства) у XIV стагоддзі.
Відзінскі дэспатат
[правіць | правіць зыходнік]Пасля смерці ў 1241 годзе цара Івана Асеня II і барацьбы за балгарскі прастол, Балгарская дзяржава саслабла і шэраг феадалаў абвясцілі пра незалежнасць сваіх уладанняў. У канцы XIII стагоддзя дэспат Шышман кіраваў наваколлямі горада Відзін як незалежны кіраўнік. З Тырнаўскім царствам (асноўнай балгарскай дзяржавай таго часу) Шышман падтрымліваў мірныя адносіны. Прынамсі звестак пра ваенныя сутыкненні паміж Відзінам і Тырнава не захавалася. Пасля смерці Шышмана ўлада ў Відзінскім княстве перайшла да яго сына, Міхаіла Шышмана.
У 1323 годзе дэспат Відзіна Міхаіл Шышман быў абраны балгарскім царом. У выніку гэтага Відзінскае княства аб’ядналася з Балгарскім царствам. У Відзіне застаўся кіраваць Белаўр, брат Міхаіла Шышмана. Пасля таго, як у 1331 годзе на балгарскі прастол уступіў цар Іван Аляксандр, Белаўр адмовіўся падпарадкавацца яму, аднак падчас вайны 1331 года, цар Іван Аляксандр атрымаў перамогу і ўлада Балгарскага царства ў Відзіне зноў была адноўлена.
Калі цар Іван Аляксандр захацеў абвясціць сваім спадчыннікам свайго трэцяга сына Івана Шышмана, то другому сыну Івану Сраціміру ён у 1356 годзе якасці кампенсацыі даў уладу ў Відзіне (першы сын цара Івана Аляксандра, Міхаіл Асень, загінуў пры жыцці бацькі). З гэтага моманту Відзінскае княства становіцца вядомае як Відзінскае царства. Іван Срацімір з’ехаў з Тырнава ў Відзін і кіраваў ім як незалежнай дзяржавай. Аднак да смерці свайго бацькі, Іван Срацімір не абвяшчаў фармальнай незалежнасці Відзінскага царства.
Венгерская акупацыя (1365—1369)
[правіць | правіць зыходнік]У 1365 годзе венгерскі кароль Людовік I захапіў Відзінскае царства. Аднак у 1369 годзе яно было адноўлена сумеснымі дзеяннямі балгарскага (тырнаўскага) цара Івана Аляксандра, влашскага князя Уладзіслава I і кіраўніка Дабруджы Даброціцы. На відзінскі прастол вярнуўся Іван Срацімір.
Відзінскае царства (1371—1396)
[правіць | правіць зыходнік]Пасля смерці цара Івана Аляксандра абодва яго сыны Іван Срацімір і Іван Шышман абвясцілі сябе адзінымі законнымі кіраўнікамі Балгарыі і не прызнавалі адзін аднаго. Кіраўнік Відзінскага царства, Іван Срацімір абвясціў незалежнасць Відзіна і абвясціў сябе сябе балгарскім царом, успрыняўшы тытул свайго бацькі «У Хрыста Бога верны цар і самадзержац усіх балгараў і грэкаў». Тое ж самае зрабіў і Іван Шышман. Няма дакладных звестак пра ваенныя дзеянні паміж Відзінскім і Тырнаўскім царствамі, але мяркуецца, што горад Сафія першапачаткова належаў Івану Сраціміру, а з 1373 года перайшоў да Івана Шышмана.
Дэманструючы поўную незалежнасць Відзінскага царства, Іван Срацімір парваў адносіны з Тырнаўскім патрыярхам і падпарадкаваў Відзінскую мітраполію Канстанцінопалю.
Летапісец Іаган Шыльтбергер пісаў, што ў канцы XIV стагоддзі былі:
тры краіны, якія называліся Балгарыя. |
Ён меў на ўвазе, што замест адзінай дзяржавы былі Відзінскае царства, Тырнаўскае царства і Дабруджанскае княства і кожнае лічыла сябе сапраўдным Балгарскім царствам.
Дзякуючы свайму размяшчэнню, Відзінскае царства было абаронена ад нападаў турак. Аднак, гэта працягвалася нядоўга. У 1396 годзе, неўзабаве пасля падзення Тырнаўскага царства, туркі паклалі канец незалежнасці Відзіна. Іван Срацімір быў арыштаваны за непадпарадкаванні султану (ён прапусціў венгерскія войскі праз сваю тэрыторыю) і яго далейшы лёс невядомы. Пасля гэтага Відзінскае царства канчаткова страціла сваю незалежнасць.
Балгарскае (Відзінскае) царства (1396—1422)
[правіць | правіць зыходнік]Пасля падзення ў 1395 годзе Тырнаўскага царства і заваявання ў 1396 годзе Відзінскага царства, на прастол Відзіна ўзышоў Канстанцін II Асень, сын Івана Сраціміра. Ён кіраваў то як васал турэцкага султана, то як венгерскага караля, а таксама на час абвяшчаў незалежнасць, але тым не менш яго ўлада распаўсюджвалася толькі на частку былога Відзінскага царства. У перыяд з 1396 па 1422 гады гэтыя рэшткі Відзінскага царства і ўяўлялі сабой Балгарыю. Спрэчкі паміж Тырнавам і Відзінам ужо не было. Шэраг замежных дзяржаў прызнавалі Канстанціна II Асеня менавіта як кіраўніка Балгарыі. У такім відзе Балгарыя працягвала існаваць да 1422 года, калі пасля смерці Канстанціна II Асеня, Відзінскае царства перастала згадвацца ў крыніцах, хутчэй за ўсё яно было канчаткова ліквідавана туркамі.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Відзінскае царства
- Відзінскае царства Архівавана 21 мая 2013. — артыкул з Савецкай гістарычнай энцыклапедыі
- Цар Іван Шышман (1371—1395) Архівавана 17 лістапада 2007. (балг.)
Для паляпшэння артыкула пажадана |