Перайсці да зместу

Віктар Фёдаравіч Гур’еў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віктар Фёдаравіч Гур’еў
Дата нараджэння 11 жніўня 1926(1926-08-11)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 22 красавіка 2020(2020-04-22)[2] (93 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Жонка Лідзія Пятроўна Шаўчэнка[d]
Дзеці Анатоль Віктаравіч Гур’еў[d] і Ганна Віктараўна Гур’ева[d]
Адукацыя
Прафесія оперны спявак
Тэатр
Член у
Узнагароды
Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь

Віктар Фёдаравіч Гур’еў (11 жніўня 1926, в. Барысаўка, Жытомірская вобласць22 красавіка 2020) — беларускі оперны спявак[3].

Нарадзіўся 11 жніўня 1926 года ў вёсцы Барысаўка[4] на Жытоміршчыне ў шматдзетнай сям’і, меў адзінаццаць братоў і сясцёр. У пошуках лепшай долі і ратуючыся ад голаду пераехалі на Данбас. Бацька працаваў на шахце, але добра спяваў, як і яго сыны[3].

Віктар Фёдаравіч ужо ў 10 гадоў пачаў выступы на сцэне ў складзе сямейнага хору, але гэта абарвалася з пачаткам вайны. У 1942 годзе сям’ю эвакуіравалі на Дон, у Растоўскую вобласць[3].

За гумарыстычны вершык пра паліцаяў і фашыстаў, 16-гадовага Віктара сагналі ў Германію. Ён патрапіў у Эрфурт, дзе змяшчаўся канцлагер, з якога вязняў вадзілі на працу на завод «Алімпія». Віктар працаваў у штамповачным цэху[3].

У 1945 годзе быў вызвалены з лагера саюзнікамі. Пасля фільтрацыі і праверак пачаў служыць у Савецкай Арміі на тэрыторыі Германіі, дзе трапіў у палкавы аркестр. Самастойна засвоіў кларнет, але было відавочна, што галоўныя музычныя перспектывы трэба звязваць з вакалам[3].

Паступіў у Жытомірскае музычнае вучылішча імя В. С. Касенкі  (укр.), якое скончыў з чырвоным дыпломам. Пасля скончыў Мінскую кансерваторыю[3].

З-за таго, што педагогі не маглі вызначыцца з тэмбрам голасу В. Гур’ева, яму неправільна падбіралі партыі, што прывяло да праблем з голасам. Спатрэбілася не толькі хірургічная аперацыя, але і працяглая рэабілітацыя, Віктар Фёдаравіч выканаў каля 200 маленькіх роляў, каб зноў авалодаць голасам на поўную моц. Ужо пазней ён выканаў шмат галоўных роляў у самых розных спектаклях[3].

У 1960—1992 гадах з’яўляўся салістам Тэатра оперы і балета Беларусі, атрымаў званне заслужанага артыста рэспублікі.

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1966 года.

Памёр 22 красавіка 2020 года ў Мінску[5].

Выканаў больш за 50 роляў. Выконваў партыі рознага плана: ад лірыка-драматычных да характарных. Увасобіў шэраг вобразаў у операх беларускіх кампазітараў: Сяргей («Алеся» Я. Цікоцкага), Нунцый («Джардана Бруна» С. Картэса), Старшыня («Брэсцкая крэпасць» К. Малчанава[ru]) і інш. Сярод партый класічнага рэпертуару: Галіцын, Шуйскі («Хаваншчына[ru]», «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага), Герман, Княжыч («Пікавая дама», «Чарадзейка[ru]» П. Чайкоўскага), Барклай дэ Толі («Вайна і мір» С. Пракоф’ева), Атэла, Манрыка («Атэла», «Трубадур» Д. Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), («Дон Жуан» В. А. Моцарта), Стары Фаўст («Фаўст» Ш. Гуно), Спалаццані («Казкі Гофмана» Ж. Афебаха) і інш[4].

Зноскі

  • Р. І. Баравік. Гур’еў Віктар Фёдаравіч // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.
  • Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.] Т. 3. — Минск, 2006.
  • Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. — Мінск, 2002.