Перайсці да зместу

Гамбія (калонія і пратэктарат)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Гамбія
Герб Сцяг
Герб Сцяг
 >
17 кастрычніка 1821 — 18 лютага 1965

Сталіца
Афіцыйная мова англійская
Грашовая адзінка заходнеафрыканскі фунт[d] і фунт стэрлінгаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Калонія і пратэктарат Гамбія (англ.: Gambia Colony and Protectorate) — брытанская каланіяльная адміністрацыя Гамбіі, якая існавала з 1821 па 1965 год. Прадстаўлена двума складнікамі — калоніяй, якая ўключала горад Батэрст (цяпер Банжул) разам з наваколлем, і пратэктаратам, тэрыторыяй уздоўж ракі Гамбія.

Асновай калоніі сталі фарты Джэймс і Батэрст, дзе брытанская прысутнасць была ўстаноўлена ў 1815 і 1816 гадах адпаведна. У раннія перыяды свайго існавання яны знаходзілася ў падпарадкаванні калоніі Сьера-Леонэ. Аднак да 1888 года вылучаны ў самастойную адміністрацыйную адзінку з пастаянна прызначаным губернатарам.

Межы брытанскіх уладанняў былі прадметам спрэчак, паколькі на дадзеную вобласць прэтэндавалі французы, жадаючы далучыць яе да французскага Сенегалу[1]. Акрамя таго, брытанскі ўрад неаднаразова спрабаваў абмяняць гамбійскія землі з Францыяй на іншыя тэрыторыі, напрыклад, у вярхоўях ракі Нігер[2]. У 1889 годзе Францыя і Вялікабрытанія ўсталявалі мяжу на ўзроўні 10 км (6,2 мілі) на поўнач і поўдзень ад ракі і на ўсход да Ярбутэнды, самай далёкай суднаходнай кропкі на Гамбіі[3].

У 1965 годзе Гамбія стала незалежнай дзяржавай у рамках Садружнасці Нацый[4].

Упраўленнем калоніі займаўся губернатар і яго адміністрацыя, у якую ўваходзілі генеральны пракурор, старшы медыцынскі супрацоўнік, мытны кантралёр і дырэктар грамадскіх работ. Існавала два савета, кожны з якіх адказваў за выканаўчую і заканадаўчыя ўлады адпаведна.

У 1960 годзе ў Гамбіі прынята свая Канстытуцыя, на падставе якога ў краіне з’явіўся парламент — Палата прадстаўнікоў. 19 дэпутатаў абіраліся шляхам галасавання ўсяго насельніцтва, 8 — толькі правадырамі[5].

У гэты ж перыяд, канец 50-х і пачатак 60-х, адбываецца фарміраванне першых палітычных партый — «Аб’яднаная партыя» і «Народна-прагрэсіўная партыя».

Воінскія часці

[правіць | правіць зыходнік]

У 1901 годзе ў складзе Каралеўскіх пагранічных сіл Заходняй Афрыкі сфарміравана гамбійская рота, якая ў 1940—1945 гг. дзейнічала як полк. Падраздзяленне ўдзельнічала ў абедзвюх сусветных войнах.

Сельская гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]

Эканоміка Гамбіі, як і іншых афрыканскіх калоній таго часу, была заснавана на сельскай гаспадарцы. Амаль увесь экспарт складаў арахіс, што зрабіла краіну эканамічна ўразлівай[6].

Былі зроблены спробы павялічыць вытворчасць іншых тавараў. Карпарацыя каланіяльнага развіцця распрацавала праграму па птушкагадоўлі. Мэтай праекта стала вытворчасць дваццаці мільёнаў яйкаў і аднаго мільёна фунтаў раздзеленай птушкі ў год. Аднак рэалізаваць задуманае не атрымалася, паколькі тыф знішчыў большую частку курынага пагалоўя, што выклікала крытыку ў адрас карпарацыі[7].

Рака Гамбія была асноўным маршрутам суднаходства і транспарту ўнутры краіны з портам у горадзе Батэрст. Дарожная сетка была сканцэнтравана вакол сталіцы, а астатнія раёны ў асноўным звязаны грунтавымі дарогамі.

Адзіны аэрапорт знаходзіўся ў Юндумэ. Ён пабудаваны падчас Другой сусветнай вайны[8]. У пасляваенны час паветраная гавань выкарыстоўвалася для пасажырскіх рэйсаў British South American Airways і British Overseas Airways Corporation[9].

  1. Hansard HC Deb 18 August 1887, vol 319, cols 944–955(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2017. Праверана 26 жніўня 2023.
  2. Thomas Pakenham (1991), The Scramble for Africa. London: Abacus. p. 675
  3. Atlas Obscura
  4. The Gambia Independence Act 1964, c. 93
  5. History of the Independence Movement. Gambia Information Site (10 жніўня 2012).
  6. Hansard HC Deb 25 March 1959, vol 602, cols 1405–1458(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2017. Праверана 26 жніўня 2023.
  7. Hansard HC Deb 13 March 1951, vol 485, cols 1317–1375(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2020. Праверана 26 жніўня 2023.
  8. Yundum. Britannica Online encyclopedia. Праверана 10 August 2012.
  9. Hansard HC Deb 29 January 1947, vol 432, cols 202(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 26 жніўня 2023.