Перайсці да зместу

Геаграфія Перу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]
Рэльеф Перу

Мяжуе на паўночным захадзе з Эквадорам, на поўначы — з Калумбіяй, на ўсходзе — з Бразіліяй, на паўднёвым усходзе — з Балівіяй і Чылі. На захадзе абмываецца Ціхім акіянам. У Перу знаходзіцца мыс Парыньяс — крайняя заходняя кропка Паўднёвай Амерыкі. Змена халоднага Перуанскага цячэння на цёплае Эль-Ніньё перыядычна (прыкладна раз у 7-10 гадоў) выклікае значныя экалагічныя і эканамічныя катастрофы.

вулкан Карапуна

Тэрыторыя Перу падзяляецца на 3 фізіка-геаграфічных рэгіёны: Коста — пустынная паласа берагавых раўнін на захадзе (шырыня да 180 км); С'ера — магутная сістэма Перуанскіх Андаў з участкамі плато і пласкагор’яў у цэнтры, з вяршыняй Уаскаран (6768 м), пагаслымі і дзеючымі вулканамі; на паўночным усходзе і ўсходзе раскінулася частка Амазонскай нізіны — Сельва. Паміж С'ерай і Сельвай ляжыць паласа перадгорных раўнін — Мантанья. Паколькі ў вобласці берагавой лініі Перу праходзіць мяжа паміж літасфернымі плітамі (пліта Наска заглыбляецца пад Паўднёваамерыканскую), тут бываюць моцныя землетрасенні і вывяржэнні вулканаў. Карысныя выкапні: нафта, руды цынку, свінцу, срэбра, кадмію, ртуці, малібдэну, вісмуту, селену, германію, жалеза. На прыбярэжных астравах паклады гуана.

Клімат берагавых раўнін і заходніх схілаў Андаў трапічны, пустынны, амаль без ападкаў. Сярэднямесячныя тэмпературы 17-25 °C на поўначы і 15-24 °C на поўдні. Клімат горнай часткі краіны высакагорна-трапічны, больш вільготны на поўначы (ападкаў да 1000 мм) і кантынентальны на поўдні (ападкаў 700—800 мм у год). Сярэднія тэмпературы паветра ў міжгорных далінах у ліпені 5-12 °C, у студзені 9-16 °C з рэзкімі сутачнымі ваганнямі. У высакагор’і клімат больш халодны, на вяршынях (вышэй 4000-5000 м) — вечныя снягі. На ўсходніх схілах Андаў і ў нізінах клімат вільготны экватарыяльны (ападкаў да 3000 мм за год). Сярэднямесячныя тэмпературы 24-27 °C.

Унутраныя воды

[правіць | правіць зыходнік]

Большая частка рэк належыць басейну Амазонкі (Амазонка, якая пачынаецца на перуанскай зямлі ад зліцця рэк Мараньён, Укаялі). У Ціхі акіян упадаюць кароткія малаводныя рэкі (напр. рака Чыра). На паўднёвым усходзе на мяжы з Балівіяй — высакагорнае возера Тытыкака. Другое былое возера — возера Хунін, хутчэй не возера, а серыя водных вокнаў паміж балотамі, папулярнае месца для бёрдуотчынгу.

Ландшафты і раслінны свет

[правіць | правіць зыходнік]

Расліннасць берагавых і заходніх схілаў Андаў пустынная і паўпустынная (рэдкія хмызнякі і кактусы), на ўнутраных пласкагор’ях і плато — высакагорны трапічны стэп (халка) і паўпустыня (пуна). Усходнія схілы Андаў да вышыні і нізіна на ўсходзе ўкрыты вільготнымі вечназялёнымі лясамі (сельвай) з каштоўнымі пародамі дрэў (каўчуканосы, хіннае дрэва). Ад 1500 м да 2300-2500 м — пояс горнага трапічнага лесу: мноства дрэвападобных папарацяў вышынёй 10-14 м, калючых кустоў, імхоў, лішайнікаў, дзеразы, багацце вогненна-чырвоных ці ярка-жоўтых архідэй, хіннае дрэва, адлюстраванае на гербе краіны. Увогуле пад лесам і хмызнякамі — 66 % тэрыторыі.

Жывёльны свет

[правіць | правіць зыходнік]

Жывёльны свет берагавых раўнін збеднены; на міжгорных плато — ламы (гуанака, вікунья), шмат птушак; на ўсходніх раўнінах у сельве — малпы, ляніўцы, мурашкаеды, тапіры, пекары, пумы і ягуары.

Прыродахоўныя тэрыторыі

[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальныя паркі: Нацыянальны парк Уаскаран, Нацыянальны парк Ману.

Зноскі