Дзяржаўныя сяляне (Расійская імперыя)
Дзяржа́ўныя сяля́не, таксама казё́нныя сяля́не — буйная саслоўная група сялян у Расійскай імперыі ў XVIII—XIX стагоддзях, якая карысталася дзяржаўнай зямлёй[1] і была ў феадальнай залежнасці ад дзяржавы, але лічылася асабіста свабоднай. Адным з відаў дзяржаўных сялян былі эканамічныя сяляне.
Гісторыя паходжання саслоўя
[правіць | правіць зыходнік]У саслоўе дзяржаўных сялян, якое сфарміравалася ў пачатку XVIII стагоддзя, звычайна траплялі расійскія перасяленцы і іншаземцы на каланізаваных землях паўночна-еўрапейскай часткі Расіі, Паволжа, Урала і Сібіры, у прыватнасці, чарнасошныя сяляне і палоўнікі Памор’я, незапрыгоненае земляробчае насельніцтва Паволжа і Урала (у тым ліку прадстаўнікі фіна-вуграў і цюркскіх народаў), сібірскія пашанныя сяляне, аднадворцы і іншыя[2].
Значную колькасць дзяржаўных сялян па ўсёй Расійскай імперыі складалі былыя прыгонныя секулярызаваных царкоўных маёнткаў, колькасць якіх пастаянна павялічвалася ў сувязі з абмежаваннем царкоўных надзелаў. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя (1858), гэта значыць напярэдадні скасавання прыгоннага права, доля дзяржаўных сялян у еўрапейскай частцы Расійскай імперыі складала больш за 50 % ад агульнай колькасці сялянства[3].
На Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Па далучэнні беларускіх земляў да Расійскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, што адбылося ў канцы XVIII стагоддзя, у катэгорыю дзяржаўных сялян у пачатку XIX стагоддзя была ўключана частка сялян дзяржаўных уладанняў і секвестраваных маёнткаў Вялікага Княства Літоўскага (панцырныя баяры, вайсковыя людзі і іншыя). Колькасць дзяржаўных сялян значна скарацілася ў перыяд з 1773 па 1801 год у выніку падараванняў сялян расійскім чыноўнікам. Канфіскацыя маёнткаў актыўных удзельнікаў паўстання 1830—1831 гадоў і секулярызацыя землеўладанняў каталіцкіх манастыроў у 1830-я гады значна павялічыла колькасць дзяржаўных сялян. У 1812 годзе іх было 166 650 душ мужчынскага полу (9,3 % насельніцтва), у 1857 годзе — 390 795 (17 % насельніцтва Беларусі, альбо 19,5 % сялян Беларусі[4]). Расійскі ўрад раздаваў, прадаваў ці здаваў у арэнду дваранам дзяржаўныя маёнткі з дзяржаўнымі сялянамі[5].
Люстрацыя 1840—1850-х гадоў канстатавала павіннасці дзяржаўных сялян. У 5 беларускіх губернях за карыстанне душавым надзелам (да 4—5 дзесяцін) сяляне выконвалі паншчыну ці плацілі аброк (7,5 — 10 рублёў), з іх бралі таксама падушны падатак, паборы на земскія і грамадскія патрэбы, яны адбывалі дарожную, падводную, пастойную і іншыя феадальныя павіннасці[5].
Заняпад дзяржаўных гаспадарак, збядненне і хваляванні дзяржаўных сялян вымусілі расійскі ўрад правесці рэформу дзяржаўнай вёскі 1837—1841 гадоў. У выніку рэформы становішча дзяржаўных сялян на Беларусі крыху палепшылася. Падушны падатак быў заменены прагрэсіўным зямельна-прамысловым. З 1857 года паншчына цалкам заменена аброкам; была ліквідавана практыка здачы дзяржаўных маёнткаў у арэнду, зменшаны памеры феадальных павіннасцей і павялічаны зямельныя надзелы. Сялянская рэформа 1861 года не пашырылася на дзяржаўных сялян. Паводле рэформы дзяржаўных сялян 1867 года на Беларусі яны пераводзіліся з аброку на выкуп[5].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Проскурякова Н. А. Казённые земли Архівавана 12 серпня 2020. // Большая российская энциклопедия. Том 12. Москва, 2008, стр. 446.
- ↑ Радянська енциклопедія історії України. Том 2. — К., 1970, с. 10-11
- ↑ Радянська енциклопедія історії України. Том 2. — К., 1970, с. 10-11
- ↑ Александр Кохановский Отмена крепостного права на территории Беларуси: ход реформы, ее последствия и значение(руск.) // Деды : дайджест публикаций о беларуской истории. Выпуск 13. — Минск — С. 48—57.
- ↑ а б в ЭГБ 1996, с. 251.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Павел Казлоўскі, Мар’ян Зайцаў. Дзяржаўныя сяляне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 250—251. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.