Мадонна Альдабрандзіні
| ||
Рафаэль Санці[2] | ||
Мадонна Альдабрандзіні. каля 1500-я[1] | ||
Матэрыял | алейныя фарбы | |
---|---|---|
Памеры | 38,7 × 32,7 см | |
Лонданская Нацыянальная галерэя[3] | ||
(інв. NG744) | ||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мадонна Альдабрандзіні (Madonna Aldobrandini) — адна з мадоннаў Рафаэля, напісаная ім меркавана ў 1509—1510 гг., перад самым ад’ездам з Флорэнціі ў Рым або адразу пасля яго. Мяркуючы па размяшчэнні накідаў у рабочым сшытку мастака, створана ў адзін час з «Мадоннай Макінташа». Экспануецца ў Лонданскай Нацыянальнай галерэі.
У XVII—XVIII стст. (да канца 1780-х) карціна захоўвалася ў зборы знатнага сямейства Альдабрандзіні на віле Баргезэ, куды, верагодна, паступіла з дома Лукрэцыі д’Эстэ. У час Напалеонаўскіх войнаў яна была набыта ў Рыме англійскім мініяцюрыстам Аляксандрам Дэем . У 1824 г. ён прадаў карціну лорду Гарвагу (Garvagh) з роду Канінгаў, стрыечнаму брату Джорджа і Чарльза Канінгаў. У 1865 г. «Мадонну лорда Гарвага» ў яго ўдавы выкупіла Нацыянальная галерэя.
«Мадонна Альдабрандзіні» ўяўляе сабой класічны прыклад пірамідальнай кампазіцыі. Адзенні Марыі вытрыманы ў традыцыйных яе колерах — чырвоным і блакітным. Пейзаж за двума вокнамі абапал Марыі выдае ўплыў Леанарда да Вінчы («Мадонна Літа»). Паводле меркавання Кавальказеле, вежа і ферма за акном — гэта пейзаж, больш уласцівы Лацыа, чым Таскане, што паказвае на напісанне карціны пасля пераезду ў Рым.
Мадонна сядзіць у крэсле і трымае на руках немаўля Хрыста. Левай рукой яна абдымае юнага Іаана Хрысціцеля. Позіркі ўсіх траіх накіраваны на кветку гваздзіка, якую Іаан перадае немаўлю. Паводле іконаграфічнай традыцыі гваздзік сімвалізуе пралітую на крыжы кроў, а таксама тайную сувязь маці з немаўлём і Хрыста з яго царквой.
Зноскі
- ↑ https://www.nationalgallery.org.uk/paintings/raphael-the-garvagh-madonna Праверана 13 лістапада 2022.
- ↑ http://artuk.org/discover/artworks/the-madonna-and-child-with-the-infant-baptist-the-garvagh-madonna-115719 Праверана 25 мая 2023.
- ↑ https://www.nationalgallery.org.uk/paintings/raphael-the-garvagh-madonna
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Інфармацыя на сайце Нацыянальнай галерэі Архівавана 11 красавіка 2011.