Маскоўская духоўная акадэмія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маскоўская духоўная акадэмія
(МДА)
Заснаваны 1814
Год закрыцця 19191946
Тып Духоўная навучальная ўстанова
Рэктар архіепіскап Амвросій (Ермакоў)  (руск.)[1]
Размяшчэнне Сцяг Расіі Расія
Юрыдычны адрас 141300 Маскоўская вобласць, Сергіеў Пасад, Троіца-Сергіева лаўра
Сайт mpda.ru
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Маскоўская духоўная акадэмія (руск.: Московская духовная академия) — вышэйшая навучальная ўстанова Рускай праваслаўнай царквы.

Афіцыйная назва арганізацыі: Рэлігійная арганізацыя — духоўная адукацыйная арганізацыя вышэйшай адукацыі «Маскоўская духоўная акадэмія Рускай праваслаўнай царквы», (абрэвіятура — МДА). Заснавальнікам МДА з’яўляецца праваслаўная рэлігійная арганізацыя «Руская Праваслаўная Царква». Маскоўская духоўная акадэмія падсправаздачная Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі і Свяшчэннаму Сіноду РПЦ.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

«Эліна-славянскія схолы» Ліхудаў (1685—1699)[правіць | правіць зыходнік]

Калі ў Маскоўскай дзяржаве задумалі завесці ў Маскве вышэйшую школу са ступенню акадэміі, цар Фёдар і Патрыярх Іякім у 1682 годзе прасілі Усходніх Патрыярхаў даслаць у Маскву праваслаўных спрактыкаваных настаўнікаў. У Канстанцінопалі на падворку ў Іерусалімскага Патрыярха Дасіфея II  (руск.) жылі браты Іянікій Ліхуд і Сафроній Ліхуд. Патрыярх прапанаваў братам адправіцца ў Маскву, забяспечыўшы іх рэкамендацыйнымі граматамі і грашамі на дарогу. Праз два гады браты Ліхуды дабраліся да Масквы і адкрылі перш у Богаяўленскім  (руск.), потым у Заіканаспаскім манастыры  (руск.)[2] школу, у якой выкладаліся граматыка, піітыка, рыторыка, логіка і фізіка на лацінскай і грэцкай мовах.

Навучанне ў Славяна-грэка-лацінскай акадэміі

Гэта была ў зародку Славяна-грэка-лацінская акадэмія са схаластычным кірункам выкладання. У другой палове 1694 года браты Ліхуды павінны былі пакінуць Акадэмію — школа грэцкага тыпу не задавольвала прыхільнікаў лацінскай адукацыі. Пазбаўленая настаўнікаў і пакінутая на саму сябе, Маскоўская акадэмія зведвала цяжкія часы. Месца Ліхудаў у школе занялі іх лепшыя вучні: Мікалай Сямёнаў і Фёдар Палікарпаў, але выкладалі яны толькі тыя прадметы, якія самі паспелі прайсці: граматыку, паэтыку і рыторыку; лацінская мова была выгнана са школы.

«Лацінскі перыяд» (1701—1784)[правіць | правіць зыходнік]

Пётр I, які жадаў асветы еўрапейскай, 7 чэрвеня 1701 года выдае ўказ: «завесці ў Акадэміі навукі лацінскія». Выкладанне грэцкай мовы спынілася, і Акадэмія стала звацца Славяна-лацінскай. Не ўціхамірыўшыся з перавагай лаціны, Сафроній Ліхуд арганізаваў каля 1707 года невялікую грэцкую школу ў Маскве, якая паступова вярнулася назад ў акадэмію: ў студзені 1725 года школа была пераведзена ў адзін будынак з Маскоўскай акадэміяй, а з лютага 1726 года ўвайшла ў склад Акадэміі асобным факультэтам. Нягледзячы на гэта, выкладанне грэцкай мовы ў акадэміі было адноўлена толькі ў 1738 годзе. З пераходам школы ў вядзенне Паладыя Рагоўскага  (руск.) акадэмія схіляецца да заходняй асветы і застаецца такой ва ўвесь працяг другога перыяду (1700—1775). Сам кіраўнік школы скончыў адукацыю на Захадзе і быў некаторы час уніятам; гэтаму кірунку спрыяла і воля Пятра I, і спагада адукаваных людзей таго часу (Стэфан Яворскі) да заходняй адукацыі. Настаўнікі, а нярэдка і вучні, выклікаліся з Кіева; навукі выкладаліся на лацінскай мове. На чале акадэміі стаялі рэктар і прэфект; першы назіраў галоўным чынам за настаўнікамі і выкладаннем, другі — за вучнямі. Прадметы выкладання: багаслоўе, філасофія па Арыстоцелю, фізіка, метафізіка, псіхалогія, метэаралогія, рыторыка. Вучні набіраліся з духоўнага саслоўя, з дваранаў і разначынцаў, часам праз прымусовыя меры; у ліку вучняў бывалі святары, дыяканы, царкоўныя служкі і манахі. Здольныя праходзілі акадэмічны курс у 12—13 гадоў; іншыя ж на працягу 15-ці гадоў ледзь дасягалі філасофскага класа; былі выпадкі, калі вучні вучыліся па 20 гадоў і ў адным класе заставаліся па 10 гадоў. У гэтай акадэміі атрымалі адукацыю многія з найвядомейшых дзеячаў XVIII ст.: мітрапаліт Гаўрыіл  (руск.), будучы яе рэктар Феафілакт Горскі  (руск.), гісторык Бантыш-Каменскі  (руск.), князь А. Д. Кантэмір, рускі перакладчык і паэт Я. І. Кастроў  (руск.), вялікі расійскі вучоны М. В. Ламаносаў.

Перавод акадэміі ў Троіца-Сергіеву Лаўру[правіць | правіць зыходнік]

У 1775 годзе Свяцейшаму сіноду быў дадзены імператарскі ўказ:

" таму як Маскоўская акадэмія стаіць у вельмі няздольным для вучэльняў месцы, то да пераводу гэтай адшукаць іншае месца. "

Лік навучэнцаў рос, будынкі ў Заіканаспаскім манастыры  (руск.) струхлелі, але толькі ў 1797 годзе прапанова пра перамяшчэнне акадэміі была ўхвалена Сінодам. Новым месцам меркаваўся Данскі манастыр, дзе на ўзвядзенне новых будынкаў патрабавалася вялізная сума, і таму праект быў адхілены. Тады Сінод вырашыў перамясціць акадэмію ў Троіца-Сергіеву лаўру, дзе з 1727 (1742[3]?) года месцілася Троіцкая лаўрская семінарыя  (руск.).

Рэформа духоўнай адукацыі (1808—1814)[правіць | правіць зыходнік]

У эпоху Аляксандра I у расійскіх кіруючых колах з’яўляецца думка аб перабудове ўсёй дзяржавы, аб адмене прыгоннага права, пачынаецца рэформа свецкай і духоўнай школы. У 1808 годзе ствараецца Камісія духоўных вучылішчаў і распрацоўваецца статут аб ўнутраным кіраванні акадэмій. У 1812 годзе з прычыны захопу Масквы французамі Заіканаспаскі манастыр быў спустошаны і зрабаваны. Будынкі не пацярпелі ад пажару, але апынуліся моцна пашкоджанымі ад дзеянняў захопнікаў. Навучальнае жыццё было адноўлена там 3 сакавіка 1813 года пасля пасільнага рамонту. У 1814 годзе, пасля першага выпуску Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, статуты духоўных школ (акадэмій, семінарый і вучэльняў) былі зацверджаны імператарам 30 жніўня 1814 года. У той жа год Славяна-грэка-лацінская акадэмія была аб’яднана з Троіцкай лаўрскай семінарыяй са стварэннем новай духоўнай вышэйшай навучальнай установы, якая атрымала назву Маскоўская духоўная акадэмія. Урачыстае адкрыццё акадэміі на новым месцы адбылося 1 (14) кастрычніка 1814 года, на свята Пакрова Багародзіцы. Гадаванцы старой акадэміі і Траецкай семінарыі ўтварылі траціну складу першага курса. З гэтай нагоды некаторыя будынкі лаўры былі перабудаваны. Так, будынак Царскіх палацаў страціў вонкавыя ўсходы, а для злучэння паміж паверхамі былі прабіты зборы. З’явіліся і новыя будынкі для патрэб акадэміі: шпіталь, сталовая, лазня і бібліятэка; да будынка Царскіх палацаў быў прыбудаваны трохпавярховы навучальны корпус.

Першыя паўстагоддзя ў Лаўры (1814—1862)[правіць | правіць зыходнік]

Навучанне ў Акадэміі было чатырохгадовае, але набор ажыццяўляўся раз на два гады аж да прыняцця статута 1869 года. Новая навучальная праграма ўводзілася паступова. Пры пачатку заняткаў ў 1814 годзе чыталіся прадметы: трактаванне Святога Пісьма, філасофія, усеагульная літаратура, усеагульная грамадзянская гісторыя, матэматыка; мовы: яўрэйская, грэцкая, нямецкая, французская і англійская. У 1816 годзе пачынаецца чытанне дагматычнага багаслоўя. З 1817 года чытаюцца лекцыі па маральным багаслоўі і выкрывальным багаслоўі. Нароўні з гэтымі прадметамі ў праграму ўваходзяць: пастырскае багаслоўе, царкоўнае красамоўства, царкоўная гісторыя, кананічнае (царкоўнае) права (з 1840), патрыстыка (з 1841), метафізіка (з 1842), гісторыя філасофіі (з 1843), біблейская гісторыя, руская грамадзянская гісторыя, царкоўная археалогія (з 1844). У такім выглядзе праграма існавала да 1869 года. Маскоўская духоўная акадэмія прымала ўдзел і ў перакладзе Бібліі на рускую мову, але тут роля Акадэміі была другараднай. Асноўная праца здзяйснялася ў Пецярбургу.

На мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў[правіць | правіць зыходнік]

З 1869 года прыняты новы Статут акадэмій: вышэйшым органам акадэмічнага кіравання станавіўся Савет акадэміі на чале з рэктарам. Найважнейшыя справы акадэмія павінна вырашаць на агульных сходах, новага выкладчыка абіраць усёй карпарацыяй. Былі пашыраны магчымасці паступлення ў акадэмію: не толькі семінарысты, але і гімназісты, дапускаліся вольныя слухачы. Дазволена публікаваць лекцыі, засноўваць навуковыя грамадствы, акадэміі набываюць права ўласнай цэнзуры. Ажыўленню навуковай дзейнасці спрыяла ўвядзенне абавязковай доктарскай ступені для рэктара і прафесараў. Канец XIX стагоддзя характарызуецца значным змяншэннем колькасці навучэнцаў у Маскоўскай і ў іншых духоўных акадэміях. Да 1888 года лік студэнтаў МДА хутка рос і дайшоў да 300 чалавек. Потым стаў меншаць з прычыны абмежавальных мер; у 1899 годзе іх было толькі 191 рускіх і 24 іншаземцы. Пачатак XX стагоддзя ўнёс шмат новага ў жыццё акадэміі. Студэнты і прафесары — усе адгукаліся на падзеі, што адбываліся ў Расіі. Пасля падзей 1905 года многія слупы навукі былі выдаленыя з акадэміі. З канца XIX стагоддзя адзначаецца «паслабленне багаслоўска-навуковай дзейнасці акадэмічных выхаванцаў». У верасні 1917 года ўпершыню за гісторыю акадэміі адбыліся выбары рэктара.

Ліквідацыя акадэміі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў канцы 1917 года і лаўра, як манастыр, была зачынена, і акадэмія выселена з занятых памяшканняў, з экспрапрыяцыяй усёй маёмасці. Фармальна акадэмія была пераведзена ў Маскву, дзе заняткі са студэнтамі «прыватным парадкам» праходзілі да канца 1920-х гадоў у розных месцах горада: у Епархіяльным доме  (руск.), у царкве Іаана Ваяра  (руск.), у царкве Пятроўскага манастыра  (руск.) і ў храме Жывапачатнай Троіцы ў Лістах  (руск.).

Адраджэнне акадэміі[правіць | правіць зыходнік]

У 1944 годзе адкрыўся Маскоўскі праваслаўны багаслоўскі інстытут і Багаслоўска-пастырскія курсы ў Маскве. Гэта былі першыя вышэйшая і сярэдняя навучальныя ўстановы РПЦ пры савецкай уладзе. Жыццё інстытута і курсаў пачалося дзякуючы намаганням Свяцейшага Патрыярха Сергія (Страгародскага; † 15 мая 1944 года) пасля сустрэчы трох мітрапалітаў у верасні 1943 года з І. В. Сталіным[4]. Навучальны камітэт пры Свяшчэнным Сінодзе на пасяджэнні 26 жніўня 1946 года пастанавіў ператварыць Праваслаўны багаслоўскі інстытут у Маскоўскую духоўную акадэмію з чатырохгадовым курсам навучання, якая месцілася спачатку ў памяшканнях Новадзявочага манастыра. Прытым III і IV курсы Інстытута сталі I і II курсамі МДА, а Падрыхтоўчыя курсы і два першыя курсы Інстытуты — Семінарыяй  (руск.) з чатырохгадовай праграмай навучання. Акадэмія і Семінарыя былі аб’яднаны пад адной адміністрацыяй, выкладчыкаў налічвалася ўсяго 15 чалавек. Пасля ўступных экзаменаў у верасні 1946 года ў МДС навучэнцаў было 147 чалавек, а ў МДА — 14. У 1947 годзе 29 лістапада Савет Міністраў СССР перадаў Маскоўскай патрыярхіі частку будынкаў Троіца-Сергіевай лаўры, і ў 1949 годзе туды былі вернутыя духоўная акадэмія і семінарыя. 21 мая 1955 года патрыярх Алексій I асвяціў адноўлены Пакроўскі акадэмічны храм, раней заняты пад гарадскі Палац культуры. За дзесяць год (1947—1957) адноўленай акадэміяй была падрыхтавана вялікая колькасць духавенства і выкладчыцкіх кадраў (чацвёртая частка настаўнікаў МДА была па ўзросце не старэйшыя за 30 гадоў). З 1955—1956 навучальнага года аднавілася традыцыя праводзіць гадавы акт акадэміі ў дзень пасаднага свята яе храма, 14 (1) кастрычніка. Падчас Хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі вялося паляванне за кожным ахвотнікам паступіць у семінарыю ці акадэмію. За 1972—1974 гады духоўныя школы змаглі накіраваць на прыходскае служэнне ўсяго толькі 219 свяшчэннаслужыцеляў, у сярэднім па 4 чалавекі на епархію. Таму вялікае значэнне набыў узноўлены ў студзені 1964 года Завочны сектар пры МДА, замест ліквідаванага некалькімі гадамі раней падобнага сектара пры Ленінградскай духоўнай акадэміі і семінарыі. Праз навучанне на ім прайшла ледзьве не асноўная частка духавенства. У 1969 годзе пры Маскоўскай акадэміі з’явіўся рэгенцкі  (руск.) клас, ператвораны ў 1985 годзе ў Рэгенцкую школу, у якой займалася каля 100 выхаванак. У тыя часы гэта была адзіна магчымая форма жаночай рэлігійнай адукацыі. З сярэдзіны 1970-х гадоў ўмовы існавання Маскоўскіх духоўных школ становяцца крыху больш цярпімымі. Пад канец 70-х — на пачатку 80-х гадоў у Маскоўскія духоўныя школы прынялі выкладчыкаў з універсітэцкай гуманітарнай адукацыяй і грунтоўнымі ведамі ў вобласці царкоўных навук, атрыманымі шляхам самаадукацыі (калегі далі ім мянушку «варагі»). Дзякуючы гэтаму якасць выкладання ў Акадэміі атрымалася трохі падняць. 13 верасня 1989 года Свяшчэнны сінод блаславіў адкрыццё іканапіснай школы пры МДА. У наш час у Рускай Праваслаўнай Царкве ідзе рэформа сістэмы духоўнай адукацыі. З 2003—2004 навучальнага года ў акадэміі адбыліся два наборы першакурснікаў на трохгадовую сістэму з падзелам на спецыялізацыі.

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Акадэмія ўключае ў сябе 6 структурных падраздзяленняў:

  • бакалаўрыят
  • магістратура
  • аспірантура
  • дактарантура
  • рэгенцкая школа
  • іканапісная школа

Кафедры:

  • Біблеістыкі
  • Багаслоўя
  • Царкоўнай гісторыі
  • Царкоўна-практычных дысцыплін
  • Філалогіі
  • Гісторыі і тэорыі царкоўнага мастацтва

Таксама асобна выдзеленыя:

  • Сектар завочнага навучання
  • Цэнтр дадатковай адукацыі

Кіраўніком МДА і Маскоўскіх духоўных школ з’яўляецца рэктар — архіепіскап Вярэйскі Амвросій  (руск.). Калегіяльным органам, які ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва адукацыйнай, навукова-даследчай і выхаваўчай дзейнасцю акадэміі, з’яўляецца Вучоны савет акадэміі.

Выдавецкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

«Багаслоўскі веснік» 1896 г.
  • «Багаслоўскі веснік» (руск.: Богословский вестник) — перыядычнае выданне, што спецыялізуецца на публікацыі тэалагічных навуковых даследаванняў. Часопіс выдаецца Маскоўскай духоўнай акадэміяй з 1892 года з перапынкам з 1919 па 1992 год. Аднаўленне выдання адбылося ў 1993 годзе.
  • «Сустрэча» (руск.: Встреча) — студэнцкі праваслаўны часопіс, выдаецца з 1996 года.

Рэктары[правіць | правіць зыходнік]


Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]