Перайсці да зместу

Нгоні

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нгоні
(angoni)
Агульная колькасць 1187000 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання  Замбія — 739 тыс.

 Танзанія — 374 тыс.
 Мазамбік — 74 тыс.

Мова кінгоні (чынгоні)
Рэлігія культ продкаў, анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы зулусы, свазі, ндэбеле, коса

Нгоні (саманазва: angoni) — усходнеафрыканскі народ. Жывуць пераважна на тэрыторыі дзяржаў Замбія, Танзанія, Малаві і Мазамбік. Агульная колькасць (2016 г.) — каля 1 187 000 тыс. чал.[1]

Непасрэднымі продкамі нгоні з’яўляюцца паўночныя групы банту-нгуні. Яны перасяліліся ў сярэднявеччы з Цэнтральнай або Усходняй Афрыкі ў Паўднёвую Афрыку, дзе займаліся пастаральнай жывёлагадоўляй[2][3]. У першай трэці XIX ст. частка нгоні аб’ядналася на чале з правадыром Чакам і стварыла дзяржаву зулусаў. Заваяванні Чакі на поўдні Афрыкі выклікалі міграцыі яго праціўнікаў на поўнач. Найбольшае перасяленне ва Усходнюю Афрыку адбылося пасля 1819 г., калі зулусы перамаглі альянс нгуні-ндвандвэ. Каля 1825 г. буйная група перасяленцаў на чале з правадыром Звангендабам пераправілася праз Замбезі, дзе нанесла паражэнне шона. Да яе далучаліся меншыя групы нгуні.

Дзяржава Звангендабы стала першасным месцам фарміравання нгоні Усходняй Афрыкі. Звангендаба і яго паплечнікі вялі актыўную ваенную палітыку, урываліся ў раёны Вялікіх Афрыканскіх азёр, на ўсходзе даходзілі да Індыйскага акіяна. Нгоні не мелі поўнага адзінства. Іх суіснаванне суправаджалася ўзаемнымі сутычкамі, захопам суседніх тэрыторый для пашырэння пашаў. Пасля смерці Звангендабы ў 1848 г. дзяржава нгоні канчаткова распалася.

У другой палове XIX ст. на ўсходзе Афрыкі існаваў шэраг дзяржаўных аб’яднанняў нгоні, якія рэдка межавалі адно з іншым. У некаторых дзяржавах нгоні ператварыліся ў высакародны пласт ваенных, да якога далучаліся прадстаўнікі іншых народаў. Такія нгоні захоўвалі сваю назву і гістарычную тоеснасць, аднак хутка гублялі сваю родную мову і пастаральную культуру. Да пачатку XX ст. дзяржавы нгоні трапілі ў склад каланіяльных валоданняў еўрапейскіх дзяржаў, а ў другой палове XX ст. — незалежных дзяржаў Афрыкі.

Нгоні ў ваенным аблачэнні, 1911 г.

Да вымушанай міграцыі на ўсход Афрыкі нгоні займаліся пераважна жывёлагадоўляй. Асноўнай жывёлай для выпасу быў даўгарогі зебу[4], прыстасаваны для жыцця ў саванне. Пры перасяленні пашавая жывёлагадоўля дазваляла захоўваць мабільнаць і патэнцыйна прытрымлівацца больш высокіх стандартаў жыцця, чым у земляробаў[5], паколькі каровы служылі агульнапрынятым сродкам абмену і разліку. Клопат пра зебу лічыўся абавязкам мужчын. У некаторых выпадках групы перасяленцаў захоўвалі лад жыцця жывёлагадоўцаў. У Танзаніі качэўнікі-нгоні вандравалі па ўсяму поўдню краіны і вялі сезонны абмен каля ўзбярэжжа Індыйскага акіяна. На тэрыторыі Малаві яны былі вымушаны стаць земляробамі. Земляробства было вядома ўжо падчас жыцця ў Паўднёвай Афрыцы, жанчыны-нгоні вырошчвалі проса. Але пасля перасялення нгоні запазычвалі земляробчыя традыцыі мясцовых народаў[6].

Традыцыйны від паселішча — крааль[7], які ўяўляе сабою замкнёнае кола з круглявых хацін, крытых саломай. Нгоні ладзяць плот з калючага хмызняку, каб абараніць жытлы ад дзікіх драпежнікаў. Шырокі двор выкарыстоўваецца як часовы загон для жывёлы.

Нягледзячы на значныя змены ў матэрыяльнай культуры, якія адбыліся пасля міграцыі XIX ст., нгоні захоўваюць традыцыйную грамадскую арганізацыю. Яе асновай з’яўляюцца пашыраныя сем’і, што аб’ядноўваюцца ў роды. На чале сям’і стаіць старэйшы мужчына. Пашырана палігінія. Роды нгоні маюць розны сацыяльны статус[8]. У прыватнасці, вылучаюцца высакародныя сямейныя саюзы, у тым ліку манархічныя. Падчас заваявання новых тэрыторый нгоні вымушалі палонных воінаў далучацца да свайго войска, астатніх жыхароў забівалі. Нашчадкі палонных складаюць ніжэйшы пласт родаў, аднак разглядаюцца вышэй за суседнія народы.

У XIX ст. галоўнай справай нгоні з’яўлялася ваенная. Перавага атрадаў нгоні над мясцовым насельніцтвам выяўлялася ў наяўнасці страявой пабудовы арміі і выкарыстанні шчытоў і цяжкіх ручных дзід, у той час як іх супернікі аддавалі перавагу лёгкім кідальным дзідам. Ваенныя групы нгоні на полі боя замыкаліся ў паўкола для магчымасці ўзяць атрад ворагаў у аблогу. Яны імітавалі напад, кідаючы лёгкія дзіды, і такім чынам вымушалі кідаць дзіды ў адказ. Потым нгоні ішлі ў наступ на раззброеных праціўнікаў і атрымоўвалі перамогу. У пазнейшыя часы, калі нгоні сутыкнуліся з агнястрэльнай зброяй, яны паспяхова выкарыстоўвалі засады ў перасечанай мясцовасці.

Нгоні знакаміты сваім фальклорам — казкамі, легендамі, гістарычнымі паданнямі, песнямі і танцамі. У лютым арганізуецца найбольш яркае свята нквала[9]. Яно бярэ пачатак у XIX ст. ад рытуальных узнясенняў продкам рода вярхоўнага правадыра і месячнаму зацьменню. У нашы дні прысвячаецца збору ўраджаю, суправаджаецца песнямі, танцамі, забоем рагатай жывёлы.

Кінгоні (або чынгоні) — родная мова народа нгоні. Яна належыць да групы нгуні моўнай сям’і банту. Доўгі час заставалася бяспісьменнай. У выніку дысперсіі розных груп нгоні склалася мноства дыялектаў, якія папаўняліся лексікай суседніх народаў. У тых мясцовасцях, дзе нгоні фарміравалі толькі вышэйшы пласт насельніцтва або жылі ў асяроддзі іншых этнічных груп, іх асабістая мова хутка гублялася. У іншых выпадках яна выціскалася ў выніку школьнай адукацыі, калі дзеці нгоні вывучалі пісьмовыя мовы, а потым былі вымушаны імі карыстацца ў паўсядзённым жыцці. Аднак у нашы дні робяцца захады для адраджэння і ўкаранення адзінай літаратурнай формы кінгоні.

Традыцыйная рэлігія нгоні заснавана на веры ў шматлікіх духаў, магію. Важную ролю ў ёй адыгрывае культ продкаў, якія разглядаюцца як заступнікі перад адзіным богам. У XIX — пачатку XX стст. распаўсюдзіліся розныя плыні хрысціянства.

Зноскі