Свазі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Свазі
(Emaswazi)
Men prepare to enter royal kraal.jpg
Агульная колькасць 2594000 (2017 г.)
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Афрыка:
Flag of Swaziland.svg Свазіленд — 1113000 
Flag of South Africa.svg Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка — 1392000
Flag of Zimbabwe.svg Зімбабвэ — 86000
Мова сісваты
Рэлігія хрысціянства, анімізм, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы зулусы, коса, ндэбеле

Сва́зі (саманазва Emaswazi) — паўднёваафрыканскі народ з групы нгуні. Складаюць асноўнае насельніцтва дзяржавы Свазіленд. Таксама жывуць у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і Зімбабвэ. Агульная колькасць (2017 г.) — 2 594 000 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Продкамі свазі былі групы нгуні, што мігрыравалі каля XIV - XVI стст. у Паўднёвую Афрыку з рэгіёна Вялікіх азёр. Група Нкосі-Дламіні пасялілася на тэрыторыі сучаснага паўднёвага Мазамбіка[2], дзе, відавочна, была інтэгравана ў палітычную супольнасць Тэмбэ, якая распалася ў XVIII ст. Паміж 1720 г. і 1744 г. вярхоўны правадыр Хлубі Дламіні мігрыраваў разам з паплечнікамі ўздоўж ракі Пангола на поўдзень ад сучаснага Свазіленда[3]. Заснаваная ім дзяржава пашыралася ў выніку войн з продкамі педы. Заваяванні суправаджаліся інкарпарацыяй часткі падначаленых плямён, таму некаторыя сучасныя свазі вядуць свой род ад педы.

Асаблівую ролю ў гісторыі свазі адыграў манарх Сабхуза I (18151836 гг.)[4], нашчадак Хлубі Дламіні. Ён перамясціў цэнтр дзяржавы на поўнач, вёў паспяховыя войны і заключыў дынастычны саюз з магутным родам Ндвандэ, што насяляў землі на поўдзень ад дзяржавы Нкосі-Дламіні. Яго палітыку ўмацавання дзяржавы працягваў сын Мсваты II (18361868 гг.)[5], які рэарганізаваў армію па прыкладу Чакі і запрасіў еўрапейскіх місіянераў. Яго рэформы спрыялі аб'яднанню стракатага насельніцтва заваяваных зямель.

Пагроза з боку бураў і зулусаў вымусіла свазі падтрымліваць саюзніцкія адносіны з Вялікабрытаніяй. У 1894 г. Свазіленд трапіў у залежнасць ад Трансвааля. У 1906 г. быў абвешчаны брытанскі пратэктарат[6]. У 1909 г. дзве трэці зямель свазі былі адчужаны[7]. У 1961 г. яны ўвайшлі ў склад ПАР. У 1968 г. пратэктарат быў пераўтвораны ў незалежную дзяржаву Свазіленд.

У нашы дні ў ПАР жыве болей свазі, чым у Свазілендзе (1 392 000 чалавек у ПАР, 1 113 000 чалавек у Свазілендзе). Гэта тлумачыцца не толькі адчужэннем зямель свазі ў 1909 г. Значную прычыну складае сталая эканамічная і палітычная эміграцыя з Свазіленда.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Свазі здаўна займаліся пастаральнай жывёлагадоўляй і ручным земляробствам. Прычым, жывёлагадоўля лічылася мужчынскай, а земляробства — жаночай справай. У канцы XIX ст. з-за інфекцыйных хвароб колькасць кароў і коз значна скарацілася[8], што вымусіла мужчын шукаць працу на нарыхтоўцы драўніны, буйных еўрапейскіх фермах, у прамысловасці. У нашы дні жывёлагадоўля адыгрывае другаснае значэнне.

Свазі традыцыйна вырошчваюць проса, сорга, бабовыя. З сярэдзіны XIX ст. значную ролю адыгрываюць кукуруза і фасоля. Камерцыйнае значэнне мае вырошчванне цукровага трыснёга, цытрусавых, гародніны[9]. З распаўсюджаннем плуга мужчыны таксама былі ўцягнуты ў апрацоўку зямлі.

Народныя рамёствы засяроджаны вакол апрацоўкі драўніны, жалеза і медзі. У хатніх гаспадарках да нашых дзён вараць піва, плятуць цыноўкі, робяць тканіны і ўпрыгожванні[10].

Жытло[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя пабудовы ў Свазілендзе

У мінулым асноўным тыпам паселішча з'яўляўся крааль. У канцы XIX ст. сфарміраваўся сядзібны земляробчы тып. Ён захаваў круглявую форму, дзе жылыя і гаспадарчыя хаціны гуртаваліся вакол вялікага двара[11]. Хаціны таксама мелі круглявую форму. Яны ўяўлялі сабою купалападобныя каркасныя структуры з дахам да зямлі. На каркас накладвалася сетка, плеценая з травы. У яе укладваўся трыснёг. Традыцыйныя хаціны дастаткова цёплыя ўзімку, улетку захоўваюць прахалоду[12].

Вопратка[правіць | правіць зыходнік]

У мінулым дзеці свазі амаль не карысталіся вопраткай. Толькі пасля 8 гадоў насілі кароткія скураныя повязі, дзяўчыны таксама — спадніцы з травы і кавалкі тканін. Дарослыя мужчыны апраналі повязі са скур і кавалкаў тканін, жанчыны — скураны фартух і спадніцу. І мужчыны, і жанчыны ўпрыгожваліся бісерам. Дарослыя жанчыны збіралі валасы разам. Старыя паважаныя мужчыны шчаплялі валасы абручом[13].

Кухня[правіць | правіць зыходнік]

Народная кулінарыя свазі шчыльна звязана з традыцыямі земляробства і жывёлагадоўлі. Шырока вядомы такія стравы, як умнквеба (сушаная ялавічына), кукурузная або прасяная каша шышвая, суцэльная вараная кукуруза слаай, сідлвадлва (мяса, тушанае з капустай і арахісам), эмасіемабеле (сорга з кіслым малаком) і г. д.[14] Папулярныя напоі: кіслае малако і хатняе піва ўмкамботсі[15].

Грамадства[правіць | правіць зыходнік]

Галоўная сацыяльная адзінка традыцыйнага грамадства свазі — патрылінейны экзагамны род сібонга[16], які насяляе канкрэтную мясцовасць і складаецца з дворагаспадарак індлу[17]. Асновай індлу з'яўляецца нуклеарная або пашыраная сям'я на чале мужчыны. Забараняюцца шлюбы знутры бацькоўскага рода, аднак дапушчальныя шлюбы з блізкімі сваякамі маці. Нароўні з хрысціянскімі шлюбамі распаўсюджаныя традыцыйныя. У апошнім выпадку муж можа мець другую жонку інхланты, што мае падпарадкаванае становішча ў дачыненні да першай, але звычайна разам з дзецьмі жыве ў асобнай хаціне і стварае сваю аўтаномную гаспадарку знутры індлу. Галоўны прымач сямейнай спадчыны — старэйшы сын першай жонкі.

У XVIII - XIX ст. сярод свазі склалася палітычная сістэма, у якой дамінуючым стаў род Дламіні. З яго паходзяць манархі Свазіленда. Ніжэй за іх стаяць мясцовыя правадыры, чыя ўлада ўмоўна абмежавана радай трох старэйшын бандланканэ. Яшчэ ніжэй — главы дворагаспадарак і рады родаў лусендва[18]. У Свазілендзе традыцыйная сістэма ўлады існуе поруч з сучаснай. У немалой ступені захаванню традыцыйнай сістэмы садзейнічаюць перажыткі старой сістэмы землекарыстання[19].

Святы[правіць | правіць зыходнік]

Свазі славуты захаваннем традыцыйных святаў і цырымоній. З іх найбольш вядомы:

  • Інквала[20] — ваенныя цырымоніі, што суправаджаюцца адмысловымі танцамі з удзелам манарха і ахвярапрынашэннямі продкам.
  • Нувала (свята першай садавіны)[21] арганізуецца ў канцы года і можа працягвацца да месяца. Суправаджаецца зборам рачной пены і пладоў акацый, скончваецца ваеннымі танцамі вакол рэзідэнцыі манарха.
  • Умхланга (свята трысняговага танца)[22] прысвечана дзявочай цнатлівасці. У мінулым яго наведванне нявінніцамі з 11 - 12 гадоў было абавязковым, інакш сям'я выплочвала штраф. Падчас свята манарх выбіраў сабе чарговую жонку.
  • Умтсымба[23]шлюбныя цырымоніі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова сісваты належыць да групы моў банту, блізкая да іншых моў нгуні[24]. Падзяляецца на 4 рэгіянальных варыянта. Мае афіцыйны статус у Свазілендзе і суседніх раёнах ПАР.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія свазі заснавана на веры ў шматлікіх духаў. Згодна ўяўленням, сусвет быў створаны богам Мвелінчанты[25], аднак ён адыгрывае малую ролю ў дачыненні да сучаснага існавання. Свазі шануюць духаў продкаў амадлоты, на нацыянальным узроўні — былых манархаў, вераць у магію. Шырока распаўсюджана знахарства[26]. З 1844 г. распаўсюджваецца хрысціянства[27]. Большасць вернікаў-хрысціян — пратэстанты.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]