Шона

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Шона
(Shona)
N'anga.jpg
Агульная колькасць 13 670 000 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання Flag of Zimbabwe.svg Зімбабвэ — 4 757 тыс., таксама Мазамбік, ПАР, Батсвана
Мова чышона
Рэлігія культ продкаў, анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя банту

Шона (саманазва: Shona) — народ групы банту. Складае асноўнае насельніцтва Зімбабвэ, насяляе суседнія рэгіёны ПАР, Мазамбіка, Батсваны. Агульная колькасць (2016 г.) - 13 670 000 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Шона маюць агульнае паходжанне з іншымі народамі банту, пра што сведчаць іх мова[2] і генетычная спадчына[3]. Групы банту пачалі міграцыю на поўдзень Афрыкі ў першай палове 1 тысячагоддзя н. э. Ужо да перасялення яны ведалі земляробства, выраб керамікі, здабычу і апрацоўку жалеза[4].

Археалагічныя раскопкі ў Замбіі паказалі, што рэгіён Замбезі насяляўся ў выніку трох хваляў перасяленцаў-банту з боку Атлантычнага акіяна, Вялікіх Афрыканскіх азёр і Індыйскага акіяна[5]. Шона могуць паходзіць ад усіх трох буйных міграцый. Так, сярод іх выяўлена субэтнічная група лемба, якая, як мяркуюць антраполагі і генетыкі, мае частковае паходжанне па мужчынскай лініі ад яўрэйскага насельніцтва Блізкага Усходу[6]. Дакладна не вядома, або яны трапілі на поўдзень Афрыкі ў позняе сярэднявечча разам з суахілі, або з'яўляюцца нашчадкімі больш старажытнай міграцыі.

З XI ст. продкі шона будавалі ўмацаваныя гарады. Найстаражытнейшым з вядомых быў Мапунгубвэ. У XII - XV стст. важную ролю адыгрываў горад Вялікі Зімбабвэ. Усяго на тэрыторыі ПАР, Зімбабвэ і Мазамбіка знойдзена каля 200 гарадоў. Іх будаўнікі займаліся здабычай золата. Аднак у XVII ст. будаўніцтва гарадоў спынілася[7]. Відавочна, гарадская цывілізацыя шона не мела палітычнага адзінства. Раз'яднанасць па палітычнай, моўнай і тэрытарыяльнай прыкметах захоўвалася і ў пазнейшыя часы.

Пэўнай кансалідацыі шона садзейнічала ўварванне з поўдню плямён нгуні у першай палове XIX ст. Яно выклікала перасяленне тубыльцаў з карэнных тэрыторый і значныя пераўтварэнні традыцыйнага сацыяльнага ладу. Тады ж за імі замацавалася адзіная назва шона. Паўночныя ндэбеле называлі так усіх банту, якія не адносіліся да нгуні. У пачатку XX ст. еўрапейскія місіянеры распрацавалі алфавіт і адзіную літаратурную мову шона, якія выкладаліся ў школах. З 1957 г. мова чышона выкарыстоўвалася ў публікацыях. У другой палове XX ст. сфарміраваўся пласт інтэлігенцыі, які прымаў удзел у антыкаланіяльнай барацьбе народаў Зімбабвэ і Мазамбіка.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Паселішча шона ў Зімбабвэ

Асноўным заняткам шона здаўна з'яўлялася сельская гаспадарка. У мінулым асноўнай земляробчай культурай было проса. Аднак з XIX ст. пашырылася вырошчванне кукурузы, арахісу, тытуню, бавоўніку. Шона трымаюць кароў, авечак, коз, свінняў, хатнюю птушку. Ужо ў сярэднявеччы вылучылася прафесія кавалёў. Шона здабывалі і апрацоўвалі жалеза і золата. У Паўднёвай Афрыцы асаблівай папулярнасцю карысталіся іх нажы[8]. Выраб тканін і керамікі лічыўся звычайным жаночым заняткам. У нашы дні многія шона жывуць у гарадах і працуюць у якасці наёмных рабочых і гандляроў.

У сярэднявеччы шона будавалі ўмацаваныя гарады. Насельніцтва Вялікага Зімбабвэ перавышала 10 тысяч чалавек[9]. Некаторыя групы шона аддавалі перавагу жыццю ў умацаваных гарадах да XIX ст. Ужо да прыходу каланізатараў меліся буйныя вёскі, якія адыгрывалі ролю цэнтраў рамяства і гандлю. Але большасць шона жылі ў раскіданых малых паселішчах сямейнага тыпу накшталт хутароў, будавалі круглявыя драўляныя хаціны, абмазаныя глінай, з саламянымі дахамі.

Асноўная ежа — садза, або судза. Яна ўяўляе сабою вараную здробненую кукурузу ці проса, што падаюцца без солі і спецый, могуць запраўляцца мясной і агародніннай падлівай.

Асновай сацыяльнай арганізацыі шона з'яўляецца пашыраная сям'я[10] з некалькіх пакаленняў. На чале яе стаіць старэйшы мужчына. Распаўсюджана палігінія. Жонкі звычайна жывуць у сям'і мужа. Жаніцьба звязана з выплатай выкупу. У мінулым існавалі часовыя шлюбы, калі бацькоўская сям'я перадавала жанчыну ў якасці заклада. Пры разводзе былы муж мог атрымаць значную частку выкупа зваротна. Пасля смерці мужа яго маёмасць пераходзіць да сыноў або родных братоў. Спаткаемцы абавязаны клапаціцца пра жонак памерлага. Адлік сваяцтва вядзецца па мужчынскай лініі, але сустракаецца адлік сваяцтва па жаночай лініі для жанчын.

Пашыраныя сем'і пэўнай тэрыторыі падпарадкоўваліся ўладзе правадыра, якая мела спадчынны характар. Правадыры размяркоўвалі зямлю, арганізоўвалі суд і абарону. У каланіяльны перыяд іх галоўнай задачай стаў збор падаткаў. У нашы дні ўлада правадыроў ужо намінальна.

Майстры шона — выдатныя разьбяры па дрэве і каменю, знакаміты размаляванымі баваўнянымі тканінамі. Звычайна тканіны размаўлёўваюць геаметрычным арнаментам. Фарбу робяць з садза[11]. Папулярна музычнае мастацтва. Распаўсюджаны струнна-клавішны музычны інструмент мбіра[12].

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія шона спалучае элементы монатэізму, анімізму і культу продкаў. Шона вераць у адзінага бога Мвары (літаральна "той, хто")[13], які стварыў сусвет. Аднак у іх няма рытуалаў яго шанавання. Шона лічаць, што зварот да Мвары магчымы толькі праз пасродніцтва духаў продкаў вадзіму. Душа ўяўляецца як цень і дух[14]. Пасля смерці цень пакідае магільню і прымае выгляд лічынкі казуркі. Разам з ёю вызваляецца дух. З дапамогай складаных цырымоній вернікі-шона імкнуцца ўласкавіць яго і "ўсяліць" у якое-небудзь асяроддзе. Інакш беспрытульны дух пагражае жывым непрыемнасцямі і хваробамі. Існуе пласт шаманаў, якія арганізуюць "кантакты" паміж светам жывых і духаў.

З XIX ст. многія шона спавядаюць розныя напрамкі хрысціянства.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Шона размаўляюць на некалькіх мовах і дыялектах. На працягу першай паловы XX ст. была распрацавана адзіная літаратурная мова чышона, якая мае афіцыйны характар у Зімбабвэ.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]