Павел Андрэевіч Растаргуеў
Павел Андрэевіч Растаргуеў | |
---|---|
Дата нараджэння | 30 чэрвеня 1881 ці 1881[1] |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 21 сакавіка 1959 ці 1959[1] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мовазнавец, філолаг, дыялектолаг, педагог, лексікограф, выкладчык універсітэта |
Навуковая сфера | філалогія, дыялекталогія[2], педагогіка, мовазнаўства[2], лексікаграфія[2], руская філалогія[d][2] і беларуская філалогія[d][2] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар філалагічных навук (1941) |
Навуковае званне |
|
Альма-матар | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Па́вел Андрэ́евіч Растаргу́еў (руск.: Павел Андреевич Расторгуев; 30 чэрвеня 1881, Старадуб, цяпер Расія — 21 сакавіка 1959, Навазыбкаў, цяпер Расія) — беларускі і расійскі мовазнавец і педагог. Правадзейны член Інбелкульта (1924), доктар філалагічных навук (1941), прафесар (1923)[3].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Бацька — Андрэй Якаўлевіч Растаргуеў, сын губернскага сакратара, пачынаў службу другаразрадным пісцом у мясцовага прадвадзіцеля дваранства, потым служыў у павятовым судзе, у 1870 годзе атрымаў першы класны чын — калежскага рэгістратара, перайшоў у павятовае казначэйства, дзе даслужыўся да надворнага саветніка і заняў пасаду старшага бухгалтара. Маці — Зінаіда Іванаўна Касовіч, дачка святара.[4] У сям’і было восем дзяцей. Ахрышчаны ў старадубскім прыходзе Захарыі і Лізаветы[4].
Паводле Растаргуева, жывучы з бацькамі ў прадмесці Старадуба, ён лічыў мясцовую народную гаворку сваёй роднай[4]. Нягледзячы на складанае матэрыяльнае становішча, у доме была вялікая бібліятэка, якой Павел з дзяцінства цікавіўся.
Хацеў паступаць ва ўніверсітэт, але праз нястачу сродкаў вымушаны не ў гімназію, а ў Старадубскае гарадское двухкласнае вучылішча. Пасля паступіў у Глухаўскі настаўніцкі інстытут, які скончыў у чэрвені 1901 года. Вярнуўся ў Старадуб, працаваў памочнікам настаўніка ў гарадскім двухкласным вучылішчы, у сакавіку 1902 года заняў месца настаўніка Мглінскага гарадскога двухкласнага вучылішча. Думкі пра працяг адукацыі не пакідаў, у маі-чэрвені 1903 года здаў іспыты на атэстат сталасці ў Старадубскай гімназіі і быў прыняты на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Вучыўся ў вядомага славіста, прафесара Р. Ф. Бранта і А. А. Шахматава займаўся параўнальным славянскім мовазнаўствам.[4] Скончыў універсітэт у 1908 годзе[5][4], здаўшы экзамены на магістра рускай мовы і славеснасці.
Пасля сканчэння ўніверсітэта застаўся ў Маскве. Жыў у раёне Чыстых прудоў (Срэценскі бульвар, 7; Б. Харытоньеўскі зав., 16, кв. 6; Срэценка 9, кв. 3), затым на Садовым кальцы (Бажэдомскі зав., 4; 2-я Мяшчанская, 5). Выкладаў адразу ў трох жаночых гімназіях — 2-й на Гарохаўскай вуліцы, 5-й на Таганцы і прыватнай гімназіі Раеўскай у Карэтным радзе. Разам з тым працягваў інтэнсіўна займацца навуковымі даследаваннямі, на летніх вакацыях здзяйсняў этнаграфічныя і дыялекталагічныя экспедыцыі ў Старадубскі і суседнія паветы. Вынікам гэтых даследаванняў стала 2-томная праца «Опыт характеристики северо-черниговских городов». Даследаванні працягваў і ў рэвалюцыйны час. Летам 1918 года прачытаў лекцыю пра беларускую мову ў Беларускім народным універсітэце, пазней яна пакладзена ў аснову брашуры «Белорусская речь в ее современном и прошлом состоянии».[4]
У сакавіку 1917 года Растаргуеў атрымаў пасаду прыват-дацэнта. Да 1923 года вёў курсы рускай і беларускай моў у 1-м і 2-м Маскоўскіх універсітэтах і іншых маскоўскіх вышэйшых навучальных установах.[4]
У 1924 годзе стаў правадзейным членам Інбелкульта, браў удзел у працы камісіі па дыялекталогіі і жывой беларускай мове. У працах таго часу адзначаў, што гаворкі Старабудскага павета належаць да беларускіх і пры гэтым роднасныя паўднёва-заходнім беларускім гаворкам, утвараючы асобую групу ў іншамоўным акружэнні.[4]
На пачатку 1930-х гадоў працаваў у маскоўскім Навукова-даследчым інстытуце мовазнаўства. Як і многія калегі, аказаўся ахвярай палітычнай кан’юнктуры праз развіванае ў СССР «новае вучэнне пра мову», якое даводзіла класавасць моў, і яго крытыку з боку навукоўцаў рускай эміграцыі, найперш М. С. Трубяцкога. У лютым 1934 года арыштаваны па інспіраванай АДПУ справе «Расійскай нацыянальнай партыі» і ў сакавіку 1934 года асуджаны да 5 гадоў ППЛ, высланы адбываць іх у Караганду.[4]
У 1936 годзе яму дазволілі выехаць з Караганды, але без права жыць у Маскве. Два гады жыў у сястры ў Клінцах. У 1938 годзе пераехаў у Навазыбкаў, дзе атрымаў месца загадчыка кафедры рускай мовы Навазыбкаўскага педагагічнага інстытута, працаваў там да 1950 года. Пасле Другой сусветнай вайны, у 1947—1948 гадах па запрашэнні Якуба Коласа працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР[3]. У 1950 годзе выйшаў на пенсію.[4]
У 1951—1959 гадах працягваў даследаванні на сваёй радзіме, у Бранскай вобласці. Памёр у 1959 годзе ў Навазыбкаве, дзе і пахаваны[5]. Падрыхтаваны ім «Словарь народных говоров Западной Брянщины» апублікаваны ўжо пасля смерці аўтара.[4]
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Вывучаў беларускія гаворкі ў іх гістарычным і сучасным стане, гаворкі расійска-беларуска-ўкраінскага памежжа ў іх узаемадзеянні. Даследаваў праблемы беларускай літаратурнай мовы.[3]
На Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 года прапаноўваў афрыкаты дз і дж перадаваць літарамі сербскага алфавіта — ђ (ђед), ћ (хаћу), а літару й замяніць літарай j і выкарыстоўваць яе ў тых выпадках, як там жа прапанаваў Язэп Лёсік (замест літары й увесці літару j і спалучэнне зычнага гуку j з галоснымі гукамі э, о, у, а абазначаць літарай j з адпаведнай галоснай — jэхаць, jолка, jунак, мaja, a літары е, ё, ю, я пакінуць для абазначэння адпаведнага галоснага гуку і мяккасці папярэдняга зычнага — лес, нёс, людзі, мяса)[6].
Працы
[правіць | правіць зыходнік]Праекты
[правіць | правіць зыходнік]- Праграма па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы
Кнігі
[правіць | правіць зыходнік]- «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскай губерні ў іх сучасным стане» (1927)
- «Северско-белорусский говор. Исследование в области диалектологии и истории белорусских говоров» (1927), залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства ў 1928 годзе.[4]
- «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960)
- «Словарь народных говоров Западной Брянщины» (1973)
Артыкулы
[правіць | правіць зыходнік]- «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» (1922)
- «Да пытання аб ляшскіх рысах у беларускай фанетыцы» (1927)
- «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930)[3]
Зноскі
- ↑ а б Identifiants et Référentiels — ABES, 2011. Праверана 8 жніўня 2024.
- ↑ а б в г д Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ а б в г Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 362. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Баринов 2021.
- ↑ а б Подкоха Р.. Наш земляк — Павел Расторгуев (руск.). Беларуская Смаленшчына. «Стародубский вестник» №83 (16 кастрычніка 1993). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2015. Праверана 2 чэрвеня 2015.
- ↑ Германовіч І. К. Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 20.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Павел Андрэевіч Растаргуеў
- Баринов И. Павел Расторгуев и его малая родина // Запісы беларусаведа, 5 ліпеня 2021.
- Ольга Белугина, Мария Мухина Имя профессора П. А. Расторгуева как символ славянской лингвокультуры в пограничном регионе (руск.) // novozybkov.ru, 18.04.2014
- Расторгуев, П. А. Белорусская речь в ее современном и прошлом состоянии(недаступная спасылка) // Курс белоруссоведения: лекции, читанные в Белорусском народном университете в Москве летом 1918 года. — М., 1918—1920. — С. 185—257.
- Нарадзіліся 30 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1881 годзе
- Нарадзіліся ў Старадубе
- Памерлі 21 сакавіка
- Памерлі ў 1959 годзе
- Памерлі ў Навазыбкаве
- Пахаваныя ў Бранскай вобласці
- Выкладчыкі МДУ
- Супрацоўнікі Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАНБ
- Дактары філалагічных навук
- Прафесары
- Выпускнікі МДУ
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Педагогі Беларусі
- Педагогі СССР
- Мовазнаўцы Беларусі
- Педагогі Расіі
- Мовазнаўцы Расіі
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай