Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва ў Маскве. Існавала з 27 мая 1923 да вясны 1930. Створана як ідэалагічная і арганізацыйная альтэрнатыва Беларускай культурна-навуковай асацыяцыі пры Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, якая ў 1923 спыніла дзейнасць.

Статутныя мэты: «змаганне з буржуазна-шавіністычнай і непралетарскай ідэалогіяй часткі беларускага студэнцтва ў Маскве»; арганізацыя навуковай і культурніцкай працы сярод беларускіх студэнтаў; падрыхтоўка для Беларусі кваліфікаваных спецыялістаў, якія ведаюць мясцовыя асаблівасці і беларускую мову; стварэнне навуковых гурткоў па спецыялізаваным вывучэнні Беларусі, па гісторыі, геаграфіі, роднай мове і літаратуры; арганізацыя вучэбнай практыкі на Беларусі; размеркаванне пасля сканчэння ВНУ на працу ў Беларусь; матэрыяльная ўзаемадапамога. Паводле статута, сябрамі маглі быць толькі выхадцы з пралетарскіх слаёў Беларусі. У склад гарадской арганізацыі ўваходзілі аўтаномныя зямляцтвы пры паасобных ВНУ. Дзейнічала пад кіраўніцтвам цэнтральнага бюро, якое прадстаўляла зямляцтва па-за межамі Масквы, распрацоўвала планы і методыку работы, вырашала фінансавыя пытанні, размяркоўвала стыпендыі і грашовую дапамогу, пуцёўкі ў санаторыі і на лячэнне. Дзейнічала ў кантакце і пад кантролем Маскоўскага бюро студэнтаў пры гарадскім савеце прафсаюзаў, паўнамоцнага прадстаўніцтва БССР у РСФСР, паўнамоцнага прадстаўніка Наркамата асветы пры Наркамаце асветы РСФСР і Цэнтральньш бюро пралетарскага студэнцтва Беларусі (ЦБ пралетстуда, Мінск).

3 восені 1923 зямляцтва атрымлівала матэрыяльныя датацыі ад СНК БССР, Наркамата асветы БССР і Цэнтральнага савета прафсаюзаў БССР. Найбольш буйная нацыянальная студэнцкая арганізацыя ў Маскве (756 чал.), якая аб'ядноўвала зямляцтвы з 22 ВНУ. Створана шырокая сетка навуковых гурткоў па беларусазнаўстве, спецыяльных прадметах, беларускай мове і літаратуры, культуры, гісторыі, геаграфіі і эканамічнай геаграфіі. Зямляцтва ўдзельнічала ў агульнагарадскіх мерапрыемствах Маскоўскага бюро студэнтаў, камсамола, у мітынгах супраць палітыкі Польшчы ў Заходняй Беларусі. 3 сябрамі зямляцтва сустракаліся A. Р. Чарвякоў, У. М. Ігнатоўскі, В. Г. Кнорын, В. А. Багуцкі, М. I. Мароз і інш. Пры зямляцтве існавалі студэнцкі хор пад кіраўніцтвам беларускага кампазітара М. Равенскага, драматычныя гурткі. Вясной 1924 з дапамогай 3. Ф. Жылуновіча выдадзены часопіс «Змаганне», на старонках якога асвятлялася палітычная, навуковая і культурніцкая дзейнасць студэнцтва. 3 лютага 1925 супольна з ЦБ пралетстуда Беларусі ў Мінску выдаваўся часопіс «Чырвоны сцяг» (выйшла 8 нумароў). У 1923/24 навучальным годзе на баланс зямляцтва перададзены Беларускі клуб і бібліятэка. У 1926 працавалі 12 гурткоў беларускай мовы і літаратуры, у якіх займалася 200 студэнтаў.

На 1 студзеня 1927 у зямляцтве 830 сяброў з 21 ВНУ, наладжана супрацоўніцтва з Украінскім пралетарскім студэнцкім зямляцтвам і Беларускай драматычнай студыяй у Маскве (восень 1923), аддзяленнем Таварыства палітэмігрантаў з Заходняй Беларусі ў Маскве (сакавік 1925). Зімой 1927 праведзена сустрэча-вечарына з Я. Коласам. 3 1927 арганізоўвала гурткі для заахвочвання напісання дыпломаў па беларускай тэматыцы пры Інстытуце інжынераў шляхоў зносін, гідрамеліярацыйны гурток пры Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя Ціміразева. Лепшым дыпломнікам выдзяляліся спецыяльныя стыпендыі.

У 1927/28 навучальным годзе колькасць гурткоў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, драматычных і вакальных паменшылася, паступова спынялася беларусізацыя справы зямляцтва. 3 1928/29 навучальным годзе дзейнасць яго бюракратызавана і фактычна зведзена да агітацыі і прапаганды пралетарскай ідэалогіі. Паводле рашэння цэнтральнага бюро зямляцтва і ЦБ пралетстуда Беларусі, гуртаванні студэнтаў па тэрытарыяльна-нацыянальных прыкметах былі скасаваны і ўсе пытанні моладзі перададзены ў камсамольскія арганізацыі па месцы вучобы.

Сябрамі зямляцтва ў Маскве ў розныя гады былі дзяржаўны дзеяч Беларусі Р. Парэчын; беларускія пісьменнікі і літаратары А. Ляжневіч, А. Гародня (А. Функ), Ю. Гаўрук, У. Дубоўка, М. Дуброўскі, К. Якаўчык, Л. Родзевіч; мастакі Iван Ахрэмчык, В. Руцай, Р. Семашкевіч, М. Філіповіч, Акім Шаўчэнка; спявачка Iрма Яўнзем; вучоныя Ю. Вольскі, М. Лойка, В. Лубяка, Я. Палявы, А. Пракапчук, Ф. Яхімовіч; мастацтвазнавец А. Ус; артыст М. Міцкевіч, студэнты М. Брыт, А. Кахановіч, М. Кіеня і інш. 3 зямляцтвам супрацоўнічалі прафесары П. Растаргуеў, Ф. Турук і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]