Перайсці да зместу

Палемон (князь літоўскі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Палемон — міфічны родапачынальнік дынастыі літоўскіх князёў Палямонавічаў.

Летапісная легенда

[правіць | правіць зыходнік]

У сучаснай гістарыяграфіі прынята лічыць, што легенда была прыдумана ў XV ці XVI стагоддзі каб давесці паходжанне вышэйшай літоўскай шляхты ад рымлян і літоўскай дзяржаўнасці ад рымскай[1]. Яшчэ ў другой палове XV стагоддзя Ян Длугаш пісаў, што ў літоўцаў рымскія карані, але не паглыбляўся ў дэталі. Легенда пра Палемона і заснаванне Літвы ўпершыню згадваецца ў другой рэдакцыі беларуска-літоўскіх летапісаў, створанай у 1520-х ці 1530-х гадах[2].

Па легендзе рымлянін Палемон, сваяк імператара Нерона, ратуючыся ад жорсткасці імператара з пяццюстамі шляхетнымі сямействамі, прыплыў да вусця Нёмана, а па Нёмане дабраўся да рэк Дубісы і Юры. Тут яны пасяліліся, назваўшы гэту зямлю Жамойціяй (нізкай зямлёй). Гэту легенду трохі развіў Мацей Стрыйкоўскі, які перасунуў перасяленне на 452 год і растлумачыў гэта тым, што продкі літоўцаў ратаваліся ад зверстваў Атылы[3].

Аўтары легенды даволі дрэнна ведалі геаграфію сучаснай Літвы і Беларусі, таму ў ёй сустракаецца мноства геаграфічных памылак і недарэчнасцей. Акрамя таго, існавалі шматлікія храналагічныя праблемы, а таксама неадпаведнасць з некаторымі іншымі крыніцамі. Паколькі вялікая частка тэксту датычыцца наваколляў гораду Наваградак, легенда, хутчэй за ўсё, паўстала менавіта ў гэтым горадзе[4].

Гістарыяграфія

[правіць | правіць зыходнік]

Легенда пра Палемона даволі шырока разглядалася ў гістарыяграфіі. Да публікацыі «Хронікі Быхаўца» многія былі ўпэўнены, што легенда складзена Стрыйкоўскім, хоць Васіль Тацішчаў заўважаў, што некаторыя элементы легенды ёсць у ранейшых гісторыкаў[5]. У гістарычнасці легенды сумняваліся ўжо ў XVIII стагоддзі: Мікалай Карамзін пісаў, што звесткі пра паходжанне літоўцаў «казачныя і відавочна заснаваны на здагадках»[6].

Пасля выяўлення «Хронікі Быхаўца» яе даследаваў Тэадор Нарбут. Ён быў упэўнены ў пэўнасці падання, аднак абверг версію пра рымскае паходжанне літоўцаў, лічачы іх нашчадкамі герулаў. Пазней Іосіф Ярашэвіч, які выдаў зборную працу па гісторыі Літвы, хоць і прымаў шматлікія палажэнні Нарбута, назваў легенду пра перасяленне літоўцаў з Італіі «сапраўднай байкай»[7]. У сучаснай гістарыяграфіі легенда як гістарычная звестка не разглядаецца.

Згадваецца ў паэме Яна Радвана «Радзівіліяда» (1592), у рамане Ганны Мастоўскай-Радзівіл «Астольда» (1806—1807), вершах «Гімн святому Казіміру» (1855—1858) і «Вызваленне сялян» (1859) Уладзіслава Сыракомлі. Галоўныя героі рамана Леаніда Дайнекі «Назаві сына Канстанцінам» (2010) уваходзяць у «Ордэн святога Палемона»[8]. Ад Палемона выводзіць свой радавод галоўны герой серыі раманаў Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча».

Зноскі

  1. Lithuania Ascending: A Pagan Empire Within East-Central Europe, 1295-1345. — ISBN 9780521450119.
  2. Ivinskis Z. Palemonas // Lietuviu enciklopedija. — Boston, Massachusetts: Lietuviu enciklopedijos leidykla, 1953–1966. — Vol. 21. — P. 400—401.
  3. Улашчык М. М. Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання. — С. 130.
  4. Улашчык М. М. Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання. — С. 158—159.
  5. Тацішчаў В. М. Гісторыя расійская. — М, Л, 1962. — Т. I. — С. 290.
  6. Карамзин М. М. Гісторыя дзяржавы Расійскай. — Спб, 1842. — Т. II, гл. II. — С. 17, нататка 35.
  7. Улашчык М. М. Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання. — С. 171—172.
  8. Рыцарская Беларусь и крамбамбуля
  • Jurginis J., Legendos apie lietuvių kilmę, V., 1971. (літ.)
  • Rowell S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire Within East-Central Europe, 1295-1345. — Cambridge University Press, 1994. — P. 41. — ISBN 978-0-521-45011-9. (англ.)