Беларуска-літоўскія летапісы
Беларуска-літоўскія летапісы, да сярэдзіны XIX ст. літоўскія летапісы, пазней часта заходнерускія летапісы — паводле Мікалая Улашчыка, група летапісаў, якія выкладаюць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і напісаны на яго тэрыторыі. Беларуска-літоўскія летапісы, як з’ява агульнадзяржаўнага летапісання, складаліся з сярэдзіны XIII ст. да сярэдзіны XVII ст. З сярэдзіны XVII ст., праз 100 гадоў пасля спынення агульнадзяржаўнага летапісання, у розных гарадах Беларусі пачалі складацца хронікі, прысвечаныя пераважна падзеям у гэтых гарадах — гарадскія хронікі. Цэнтрам беларуска-літоўскага летапісання прызнаецца Смаленск тых часоў, калі горад знаходзіўся ў складзе ВКЛ. Існаванне летапісання ў Наваградку эпохі XIII ст. не выключаецца[1].
Вялікая частка беларуска-літоўскіх летапісаў была страчана праз войны і культурныя чысткі, ацалелыя часта не захаваліся цалкам. У двух тамах Поўнага збору рускіх летапісаў, тамы 32-ы (М., 1975) і 35-ы (М., 1980), было апублікавана 17 летапісаў, вядомых (ацалелых) у новы час. Апроч гэтага, у Мацея Стрыйкоўскага былі звесткі пра яшчэ 15 летапісаў, ніводны з іх не захаваўся. Відаць, у Сярэднявеччы наогул была значна большая колькасць беларуска-літоўскіх летапісаў, і карыстанне імі было даступным нават для людзей сярэдняга дастатку[2].
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Да сярэдзіны XIX ст. такія летапісы называліся «літоўскімі», пазней пачалі прапаноўвацца шматлікія іншыя назвы, такія, як «беларускія аб Вялікім Княстве Літоўскім» (В. М. Бадзянскі, 1846), «беларускія» (М. І. Кастамараў, 1861, В. А. Чамярыцкі, 1969), «літоўска-рускія» (І. А. Ціхаміраў , 1901), «заходнерускія» (А. А. Шахматаў, 1901), «летапісы Вялікага Княства Літоўскага» (Р. К. Батура і У. Ц. Пашута, 1977). Найчасцей у XX ст. такія летапісы называліся літоўскімі або заходнерускімі.
Гістарыяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Навуковае вывучэнне беларуска-літоўскіх летапісаў пачалося з публікацыі І. М. Даніловічам Супрасльскага летапісу (1823—1827) і яго працы па «літоўскіх» летапісах (1840, руск. выд.; 1841, польск. выд.; 1846, польск. 2-е выд.), якая застаецца шмат у чым актуальнай і зараз. Пазней Т. Нарбут зрабіў палеаграфічнае даследаванне «Хронікі Быхаўца» (1838) і выдаў яе поўны тэкст (1846).
Фактычна, яшчэ раней да сюжэтаў «літоўскіх» летапісаў звяртаўся А. Л. Шлёцэр, але палічыў іх існаванне нябылым, бо ў яго час самі гэтыя летапісы не былі вядомымі, а меліся толькі спасылкі на іх М. Стрыйкоўскага, і апроч таго, Шлёцэр атаясняў ВКЛ з этнічнай Літвой, а магчымасць існавання пісьменнасці звязваў з прыняццем хрысціянства (у этнічнай Літве — 1386), а пад «літоўскімі» разумеў помнікі, пісаныя на літоўскай мове, якіх і праўда не існавала. Таксама існаванне летапісаў, пісаных жыхарамі ВКЛ, адмаўляў Крашэўскі.
З сярэдзіны XIX ст. вывучэнне «літоўскіх» летапісаў актывізуецца, хоць і ненадоўга. Апроч выдання Нарбутам «Хронікі Быхаўца» (1846), Бадзянскі выдаў урыўкі з летапісу Рачынскага (1846), А. М. Папоў — частку Слуцкага (Увараўскага) летапісу (1854). У «Лекцыях па рускай гісторыі» Кастамарава (1861) «беларускім» летапісам прысвячаецца невялікі раздзел. Аднак, пасля гэтага ў вывучэнні гэтай праблемы настаў перыяд застою, які так збянтэжыў Расійскую акадэмію навук, што ва ўмовы конкурсу прац на 10-ю прэмію графа Уварава (1868) было ўнесена пажаданне, каб спаборнікі прысвяцілі свае даследаванні «заходнерускім» летапісам (Гл. таксама: заходнерусізм).
У 1880-я гады невялікія часткі сваіх прац па гісторыі Украіны прысвяцілі «літоўскім» («рускім», «руска-літоўскім») летапісам гісторыкі М. Малчаноўскі, А. Аганоўскі , У. Б. Антановіч і М. Дашкевіч (1885), пазней — М. С. Грушэўскі (1895).
У 1880-я—1890-я гады вывучэннем «літоўскіх» летапісаў займаліся польскія навукоўцы І. Шараневіч (1882), С. Смолька (1890), А. Прахаска (1890). Найважнейшай высновай Шараневіча стала прывязка (упершыню) цэнтру беларуска-літоўскага летапісання да Смаленска.
У 1901 годзе выйшла напісаная яшчэ ў 1881 праца І. А. Ціхамірава «Аб саставе заходнярускіх, гэтак званых літоўскіх летапісаў», а ў 1910 і 1912 — дзве працы Я. Якубоўскага.
Дакастрычніцкі перыяд гістарыяграфіі беларуска-літоўскага летапісання заве́ршыла напісаная яшчэ да 1917 года манаграфія Ф. Сушыцкага (1921—1929) «Заходне-рускія летапісы як помнікі літаратуры», якая выявілася непераўзыдзенай як у сэнсе паўнаты выкарыстання першакрыніц (у параўнанні з 1980-мі гадамі не ўлічвалася толькі «Хроніка літоўская і жамойцкая»), так і літаратуры пра іх, аднак, не ўлічвала прац Якубоўскага. Пад гэты час склалася класіфікацыя беларуска-летапісаў летапісаў на 2 ці 3 групы, прычым Хроніка Быхаўца заўсёды называлася поўным спіскам. Сушыцкі падзяліў летапісы на кароткія (Супрасльскі (асноўны з кароткіх), Слуцкі (Увараўскі), Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі летапісы, летапіс Дуброўскага), складаныя (Румянцаўскі, Красінскага (абодва — асноўныя складаныя), Археалагічнага таварыства, Ціханравава, Рачынскага, Яўрэінаўскі, Патрыяршы), поўныя (Хроніка Быхаўца). Таксама да дакастрычніцкіх прац належыць манаграфія А. А. Шахматава «Агляд рускіх летапісных зводаў XIV—XVI вв.» (выд. 1938), адна з частак якой цалкам прысвячалася беларуска-літоўскім летапісам.
Першым пасля 1917 да беларуска-літоўскіх летапісаў звярнуўся У. Пічэта, які выдзеліў «літоўска-беларускія летапісы» як адзін з асобных відаў крыніц у працы «Уводзіны ў рускую гісторыю» (1922), і наогул увёў паняцце «крыніцы па гісторыі Беларусі».
Літоўская гістарыяграфія звярнулася да вывучэння летапісаў, пачынаючы з некалькіх невялікіх артыкулаў, апублікаваных у міжваенны перыяд (К. Авіжоніс, І. Ёнінас, І. Жылюс).
У пасляваенныя гады асноўныя даследаванні беларуская-літоўскіх летапісаў адбываліся ў Літве і Беларусі. Так, у 1968 годзе выйшла манаграфія М. Ючаса «Літоўскія летапісы» (асноўная ўвага звернута на легендарныя часткі летапісаў і іх крытыку, на разбор «Хроніку Быхаўца», на «Кроніку» Стрыйкоўскага і яе крытыку). У 1969 годзе выйшла праца В. А. Чамярыцкага «Беларускія летапісы як помнік літаратуры», дзе была прапанавана новая класіфікацыя летапісаў на 4 групы, паводле належнасці да асобных зводаў (рэдакцый). У 1-ю групу былі аднесены летапісы Віленскі, Дуброўскага, Origo regis, Пагодзінскі, БАН № 34.4.32, ЦДАСА № 20/25, дзе захаваўся «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», у 2-ю групу (1-ы звод-рэдакцыю) — Нікіфараўскі, Акадэмічны, Супрасльскі, Слуцкі, у 3-ю (2-і звод-рэдакцыю) — Красінскага, Патрыяршая Б (адзін з летапісных урыўкаў са зборніка № 790 ДІМ), Ціхаміравава, Пазнаньскі (Рачынскага), Яўрэінаўскі, у 4-ю (3-і звод-рэдакцыю) — Хроніку Быхаўца.
У 1985 годзе выйшла манаграфія М. Улашчыка «Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання». Гарадскія хронікі да 1980-х гадоў не даследаваліся ніяк[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Улащик 1985, с. 238.
- ↑ Улащик 1985, с. 237.
- ↑ Улащик 1985, с. 28.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Улащик Н. Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания (руск.) / Отв. ред. В. И. Буганов; Академия наук СССР, Ин-т истории СССР. — М.: Наука, 1985. — С. 3—8, 9—28, 237—238. — 259 с.
У іншым моўным раздзеле ёсць паўнейшы артыкул Беларуска-літоўскія летапісы(бел. (тар.)) |