Радзівіліяда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Радзівіліяда» (лац.: Radivilus, sive de vita…) — лацінамоўная паэма, найбольш значны твор Яна Радвана. Пабачыла свет у панегірычным зборніку, выдадзеным у 1592 у Вільні у гонар памерлага ў 1584 ваяводы віленскага, гетмана вялікага літоўскага, князя Мікалая Радзівіла. У выданні Яна Карцана акрамя паэмы Я. Радвана змешчаны празаічныя прысвячэнні Яна Абрамовіча, Андрэя Волана, Яна Руцкага, вершы Яна Радвана, Пятра Раізія, Яна Казаковіча.

Паэма складаецца з 3470 радкоў дактылічнага гекзаметра. Згодна класічнай традыцыі, Я. Радван пачынае паэму выкладам тэмы твора (тлумачыць, што не сонца, не месяц, не зоркі, не цуды сусвету будзе ён апяваць, а подзвігі Радзівіла) і зваротам да музаў (да Каліёпы і Эраты). «Радзівіліяда…» насычана шматлікімі міфалагічнымі вобразамі, экскурсамі ў антычную гісторыю, апісаннямі бітваў і паядынкаў, ваенных саветаў і нарадаў, палымянымі прамовамі военачальнікаў, пералікам войскаў і воінаў, а таксама іншымі неад’емнымі атрыбутамі антычнага эпасу.

Я. Радван запазычваў у Гамера, Вергілія, Авідзія асобныя трапныя метафары, параўнанні, канструкцыі, злёгку перарабляючы іх і дастасоўваючы для ўласных патрэб. Побач з канкрэтнымі запазычаннямі з твораў антычных аўтараў у «Радзівіліядзе…» сустракаецца шмат дэкарацыйных стылізацыяў, малюнкаў-праекцый, ды і ўся паэма з’яўляецца ў пэўнай ступені стылізацыяй пад «Іліяду» Гамера, пра што сведчыць ужо сама назва твора. Я. Радван быў майстрам стылізацыі, многія сцэнкі маляваў не столькі з натуры, колькі азіраючыся на «Іліяду». Напрыклад, яго прываблівалі гамераўскія апісанні войскаў.

Кампазіцыйная пабудова твора, насычанасць яго антычнымі алюзіямі і прыхаванымі цытатамі, высокі эпічны стыль, багацце вобразаў даюць падставу бачыць у «Радзівіліядзе…» класічную, еўрапейскага ўзроўню героіка-эпічную паэму Адраджэння[крыніца?]. Паэма Я. Радвана — твор шматпланавы і шматгранны, у якім гістарычны, фактаграфічны змест гарманічна суседнічае з элементамі ўласнамастацкімі, у якім праз пышную класічную форму выяўлены палымяныя патрыятычныя ідэі. Узяўшыся скласці гімн персанальна Мікалаю Радзівілу, паэт у сапраўднасці стварыў гімн Радзіме, уславіў гераізм і мужнасць народаў ВКЛ, праяўленыя ў барацьбе за свабоду і незалежнасць дзяржавы.

Ужо ў пачатку паэмы Я. Радван пераходзіць да ўслаўлення велічы і прыгажосці лясоў і пушчаў Літвы:

"

Тут празрыстыя, як шкло, ручаі амываюць высокія дрэвы,
Якія сваімі верхавінамі сягаюць ажно да зорак,
А каранямі - да царства стыгійскіх ценяў.
Тут дом для аленя, лася і лютага зубра...

"

Я. Радван звяртаецца да гісторыі Літвы, згадвае дзеянні знакамітых князёў літоўскіх, апісвае змаганне ліцвінаў супраць ворагаў. Мяркуе, што новае пакалення гераічнымі справамі павінна пацвердзіць сваю любоў да Айчыны.

Галоўная небяспека пагражала ВКЛ у гэты час з боку Маскоўскай дзяржавы, на троне якой сядзеў Іван IV Грозны. Я. Радван з абурэннем называе Івана IV парушальнікам міру, лічыць небяспечнай неабмежаваную ўладу над велізарнай дзяржавай правіцеля, які слухаецца толькі ўласнага гневу і бяздумна кідае сваю краіну ў полымя войнаў, прыносіць беды і разарэнне суседнім дзяржавам. У вобразе Івана Грознага, створаным Я. Радванам, адлюстраваны многія рысы характару цара (жорсткасць, крывадушнасць, цынізм), у некаторых выпадках паэт завастрае іх, даводзіць да карыкатуры. Нястрыманы і агрэсіўны, Іван IV не можа спакойна пераносіць паражэнні сваіх войскаў, царскі гнеў падае ў такіх выпадках на галовы рускіх военачальнікаў, прыбліжаных баяр, а часам нават на багоў і святых:

"

Гнеў і сорам падступаюць, з жахлівага аблічча
Сыплюцца іскры, і, калі б не стрымлівала павага,
Ён скіпетрам сваім разбіў бы святога Міколу.

"

Івану Грознаму ў «Радзівіліядзе…» супрацьстаіць Мікалай Радзівіл, разважлівы военачальнік і смелы воін, абаронца Айчыны, свабоды і справядлівасці, парушанай Іванам Грозным. Такая трактоўка дзеянняў герояў, палітычны падтэкст твора вынікалі як з гістарычнай сітуацыі, так і з іх жанравых уласцівасцяў паэмы. Асабліва падкрэслівае Я. Радван значэнне пераможнай бітвы на рацэ Уле, калі выявіліся военачальніцкія здольнасці Мікалая Радзівіла.

Шмат увагі прысвячае Я. Радван і іншым героям Лівонскай вайны. Увёўшы ў «Радзівіліяду…» побач з вобразам Мікалая Радзівіла вобразы іншых герояў Лівонскай вайны, паэт зрабіў яшчэ адзін важны крок ад панегірычнага твора да эпічнай паэмы, ад метаду рытарычнага ўслаўлення дабрачыннасцяў героя да метаду канкрэтнага паказу яго подзвігаў на фоне ўчынкаў іншых герояў.

У «Радзівіліядзе…» выявіліся многія тэндэнцыі і асаблівасці развіцця тагачаснай паэзіі. Сярод іх — паступовы якасны пераход ад пасіўнага фактаграфічнага апісання рэчаіснасці да актыўнага мастацкага спасціжэння яе ў паэтычным творы, павышэнне ролі аўтарскай індывідуальнасці. У гэтым сэнсе «Радзівіліяда…» з’яўляецца найбольш дасканалым узорам гераічнага эпасу ў шматмоўнай літаратуры Беларусі і Літвы позняга Рэнесансу[крыніца?].

Пераклад паэмы на беларускую мову зроблены Жаннай Некрашэвіч-Кароткай. Публікаваўся ў часопісе "Маладосць" у 2011-12.[1]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. “Радзівіліяда” – наша “Іліяда” | Сайт Дениса Мартиновича (руск.). martsinovich.of.by. Праверана 24 снежня 2023.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]