Перайсці да зместу

Пётр Барташэвіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пётр Барташэвіч
Дата нараджэння 29 чэрвеня 1914(1914-06-29)
Месца нараджэння
Дата смерці 13 студзеня 1991(1991-01-13) (76 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар

Пётр Барташэвіч (29 чэрвеня 1914, Вільня — 13 студзеня 1991) — беларускі каталіцкі царкоўны дзеяч.

Нарадзіўся ў 1914 годзе ў Вільні, дзе скончыў школу і гімназію. У 1934 паступіў вучыцца ў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1939 атрымаў ступень магістра тэалогіі. 16 чэрвеня 1940 у Вільні арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

Спачатку служыў вікарыем у Шумску, а пазней — у віленскай Кальварыі. У кастрычніку 1941 г. быў накіраваны на працу ў Зембіне пад Мінскам, але не трапіў туды. Па просьбе Антонія Зянкевіча, тагачаснага генеральнага вікарыя біскупа, застаўся ў парафіі ў Глыбокім.

У 1943 годзе быў пробашчам парафіі ў Пярплішчы, у 1946 г. — пробашчам парафіі ў Крулеўшчызне. Восенню быў арыштаваны і прывезены ў Полацк. Яго абвінавацілі ў тым, што ён не верыць у моц Чырвонай арміі, прымушаў дзяцей маліцца і актыўна ўдзельнічаў у сустрэчах святароў.

У пачатку 1949 быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў і канфіскацыю маёмасці. Спачатку быў накіраваны ў турму ў Оршу, адтуль — у лагер Старая Вятка ў Комі АССР. Праз два гады быў высланы ў лагер Чуна ў Сібір. Быў вызвалены 1 мая 1955 г., прыбыў у парафію ў Пярплішчы, дзе касцёл быў ужо зачынены.

Ксёндз Пётр звярнуўся ў Гродна, дэкан Міхал Арановіч накіраваў яго ў Адэльск. 13 чэрвеня 1955 г., пасля атрымання адпаведных дакументаў, пачаў там працу. Займаўся моладдзю, пры касцёле арганізаваў спартыўныя спаборніцтвы. Яго выхаванцам з'яўляецца Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У адэльскай школе дзеці не ўступалі ў піянеры і камсамол, улады вінавацілі ў гэтым ксяндза.

У яго былі адабраны дакументы (т. зв. даведка). Пасля сустрэчы ў Маскве са старшынёй Найвышэйшай рады па справах рэлігіі святар дакументы атрымаў.

У 1963 г. ён быў вымушаны пакінуць парафію ў Адэльску і накіравацца ў Жалудок, дзе выконваў функцыі пробашча. Дзякуючы старанням кс. Пятра ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе быў прыняты Антоні Ханько, будучы канцлер біскупскай курыі ў Гродне. Ксёндз Пётр разам з кс. Юзафам Грасевічам заснаваў патаемную супольнасць сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. У 1990 г. ён стаў папскім прэлатам.

Памёр ў 1991 годе ў Жалудку, дзе быў пахаваны каля магілы сваёй маці[1].

Зноскі