Порплішча
Аграгарадок
Порплішча
| ||||||||||||||||||
По́рплішча[1] — аграгарадок у Беларусі, цэнтр сельсавета Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Насельніцтва 688 чал. (2010).
Знаходзіцца за 10 км у напрамку на паўночны захад ад горада Докшыцы, за 197 км ад Віцебска, на скрыжаванні аўтамабільных дарог Докшыцы — Глыбокае і Крулеўшчына — Параф’янава.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Першы пісьмовы ўспамін пра Порплішча датуецца 8 ліпеня 1511 года, калі яго ўладальнік Сямён Чартарыйскі прадаў Порплішча разам з двума суседнімі сёламі Юрыю Зяновічу[2].
У XVI—XVII стст. за 5 км на ўсход ад Порплішча, пры дарозе Докшыцы — Галубічы, узнік аднайменны фальварак. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1628 г. у Порплішчы збудавалі першую царкву. У XVII ст. маёнткам валодалі Радзівілы.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Порплішча апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце Мінскай, пазней Віленскай губерні. Станам на 1795 год тут было 45 двароў. Праз вёску праходзіў паштовы тракт з Дзісны на Вілейку. У 1864 годзе адкрылася народнае вучылішча. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 24 двары.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі вёска ўвайшла ў склад БССР.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Порплішча апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дунілавіцкага павета Наваградскага, з 1922 г. Віленскага ваяводства. У 1922 годзе адкрылася школа. Станам на 1930 год — 71 двор, 608 дзесяцінаў зямлі, управа гміны, пастарунак паліцыі, пошта, 7-класная школа, чыгуначны прыпынак, царква. У 1937 годзе ў цэнтры вёскі збудавалі касцёл.
У 1939 годзе Порплішча ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 г. зрабілася цэнтрам Порплішчанскага сельсавета. Бальшавікі зачынілі касцёл, знеслі вежу (адноўленыя ў 1993 годзе). З 24 студзеня 1958 года вёска ў складзе Валодзькаўскага сельсавета[3], з 24 красавіка 1959 года — у складзе Крулеўшчынскага сельсавета, з 29 снежня 1961 года — цэнтр адноўленага Порплішчанскага сельсавета[4].
Станам на 2001 год у вёсцы было 293 двары, на 1 студзеня 2006 г. — 276 двароў.
У 2009 годзе царкоўны прыход супольна з святаром БЭМП пакрылі сайдынгам вежу і купал царквы, а ў 2011 годзе зафарбавалі інтэр’ер. На думку старшыні добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча, гэта з’яўляецца крымінальным злачынствам. Ён звярнуўся ў пракуратуру з лістом, у якім просіць прыцягнуць ад адказнасці арганізатараў і выканаўцаў прац у адпаведнасці з ч.2 арт. 344 КК за наўмыснае пашкоджанне гістарычна-культурнай каштоўнасці групай асоб[5].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVIII стагоддзе: 1795 — 249 чал.;
- XIX стагоддзе: 1886 — 135 чал., з іх 69 каталікоў і 66 праваслаўных; 1897 — 186 чал.
- XX стагоддзе: 1921 — 395 чал.[6]; 1930 — 364 чал.; 1931 — 402 чал.; 1999 — 756 чал.
- XXI стагоддзе: 2001 — 785 чал.; 2006—738 чал.; 2010 — 688 чал.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Спаса-Праабражэнская царква (1627 год) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000447.
- Касцёл Маці Божай Каралевы (1937—1941 гады).
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Ірына Пятроўна Камінская, Герой Сацыялістычнай Працы (1958).
- Валерый Васільевіч Рабец (нар. 1951) — беларускі дзяржаўны дзеяч.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU). С. 255
- ↑ AGAD, Archiwum Radziwiłłów, dz. XIII, t. 170, p. 6, s. 15.
- ↑ Рашэнне выканкома Маладзечанскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 24 студзеня 1958 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1958, № 2.
- ↑ Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 29 снежня 1961 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1962, № 12 (971).
- ↑ Сямён Печанко. Фотафакт: У драўлянай царкве XVII ст. зрабілі «красіва» // «Наша Ніва», 19 ліпеня 2011.
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część II: Ziemia Wileńska. Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага раёна / Рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004.— 750 с. : іл.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 512. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 12).
- Porpliszcze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście (польск.). — Warszawa, 1887. S. 827.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Порплішча
- Порплішча на Radzima.org