Роты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Роты
індан. Pulau Rote
Заходні бераг
Заходні бераг
Характарыстыкі
Плошча978,54 км²
Насельніцтва119 711 чал.
Шчыльнасць насельніцтва122,34 чал./км²
Размяшчэнне
10°28′ пд. ш. 123°23′ у. д.HGЯO
АкваторыяТыморскае мора
Краіна
Роты (Індыйскі акіян)
Роты
Роты
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Роты (індан.: Rote) — востраў у групе Малых Зондскіх астравоў. Уваходзіць у склад Інданезіі. Плошча — 978,54 км². Насельніцтва — 119 711 чал. (2010).

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Роты знаходзіцца за 11,25 км на паўднёвы захад ад большага па плошчы вострава Тымор, за 1880 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Выцягнуты з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 82 км. Найбольшая шырыня — 22 км.

Востраў з’явіўся ў зоне субдукцыі літасферных пліт (гл. Тэктоніка пліт) у Юрскі перыяд. Доўгі час ён уяўляў сабою падводны хрыбет, дзе на плыткаводдзі развіваліся каралы, адбываўся працэс адкладання асадкавых парод. Падняцце над вадою прывяло да ўтварэння паверхні, складзенай пераважна вапнякамі і даламітамі. Сучасныя ландшафты сфарміраваліся ў немалой ступені дзякуючы працэсу выветрывання.

Для берагоў характэрны пясчаныя пляжы і скальныя ўздымы. Частка берагавой лініі, асабліва на поўначы, парэзана глыбокімі залівамі. Вылучаецца некалькі невялікіх па плошчы, але глыбокіх азёр — рэштак старажытных лагун. Возера Усіпока на паўночным усходзе мае глыбіню 245 м. Вада ў ім вельмі салёная. У цэнтральнай частцы вылучаюцца пагоркі да 444 м у вышыню.

Клімат трапічны, блізкі да экватарыяльнага. Сярэднія тэмпературы на працягу года вагаюцца ад +26 °C да +29 °C. Найбольш вільготны месяц — студзень, калі выпадае да 361 мм ападкаў.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Паверхня вострава Роты пакрыта лугамі, саваннамі і лясамі. Агульная плошча лясоў дасягае 17 019,84 га. З іх 1 899,17 га займаюць мангры. На Роты сустракаюцца пальміравая пальма, тыкавае дрэва, фікусы, акацыі і г. д. Фаўна славіцца шматлікімі птушкамі і эндэмічнымі чарапахамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Роты быў населены ў першай палове 1 тысячагоддзя н. э. аўстранезійцамі з вострава Серам. Згодна паданням астравіцян, іх продкі перасяляліся невялікімі групамі праз суседні Тымор. Да кантактаў з еўрапейцамі яны стварылі 18 дзяржаўных утварэнняў нусак на чале спадчынных арыстакратаў з тытуламі раджаў. Нусак належалі да усходняга або заходняга саюзаў. Жыхары Роты падтрымлівалі сувязі з аддаленымі краінамі. Доказам гэтага з’яўляецца знаходка на востраве старажытнага кітайскага фарфору.

Першымі еўрапейцамі, якія дасягнулі вострава, былі партугальцы ў XVI ст. На іх картах упершыню з’яўляецца назва Ротэс. Яе паходжанне да канца не вызначана. Былі вядомы і іншыя назвы. Канчаткова яна замацавалася ў XVII — XVIII стст. дзякуючы галандцам. У 1662 г. Галандская Ост-Індская кампанія заключыла дамову з 12 нусак. Яна атрымала манаполію ў знешнім гандлі, а таксама права адміністравання. У XVIII ст. большасць арыстакратаў прыняла хрысціянства. Дзякуючы гэтаму на Роты была пабудавана сетка царкоўных школ, дзе астравіцяне маглі атрымліваць адукацыю на блізкай малайскай мове. Многія з іх пераязджалі на Тымор, займалі пасады ў каланіяльнай адміністрацыі. Пазней выхадцы з Роты ўдзельнічалі ў барацьбе за незалежнасць Інданезіі.

Пасля далучэння да незалежнай Інданезіі ў 1949 г. раджы нусак фактычна страцілі ўладу. Востраў увайшоў у склад Усходняй Нуса-Тэнгара. У 2002 г. была створана асобная акруга Ротэ—Ндаа. На востраве развіваецца турызм.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]