Рукю (дзяржава)
Даннік Кітая, васал Сацумы | |||||
Дзяржава Рукю | |||||
---|---|---|---|---|---|
琉球國 | |||||
|
|||||
|
|||||
1429 — 1879
|
|||||
Сталіца | Сюры | ||||
Мова(ы) | рукюская, вэньянь | ||||
Афіцыйная мова | Ryukyuan[d] і вэньянь | ||||
Грашовая адзінка | Ryūkyū Tsūhō[d], Taise Tsūhō[d], Eiraku Tsūhō[d], Sekō Tsūhō[d], Chūzan Tsūhō[d], Kin'en Yohō[d] і Ryukyuan mon[d] | ||||
Плошча | 2271 км² | ||||
Форма кіравання | манархія | ||||
Дынастыя | Сё | ||||
Ван Рукю | |||||
• 1429—1439 | Сё Хасі | ||||
• 1477—1526 | Сё Сін | ||||
• 1587—1620 | Сё Нэй | ||||
• 1848—1879 | Сё Тай | ||||
Гісторыя | |||||
• 1429 | Аб'яднанне Акінавы | ||||
• 1609 | Уварванне Сацумы | ||||
• кастрычнік 1872 | Японія аб'яўляе пра пераўтварэнне дзяржавы Рукю ў хан | ||||
• 11 сакавіка 1879 | Далучэнне да Японскай імперыі | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дзяржава Рукю (акін. 琉球國; яп.: 琉球王国; кіт. трад. 琉球國, спр. 琉球国, піньінь Liúqiúguó) — дзяржава з манархічнай формай кіравання, якая існавала на Акінаве і астравах Рукю ў XV—XIX стст. Дзяржава не была цалкам незалежнай: плаціла даніну Кітаю, а з 1609 года таксама прызнавала сюзерэнства даймё хана Сацумы. У 1879 годзе афіцыйна анексавана Японскай імперыяй і ператворана ў прэфектуру Акінава (невялікая група астравоў Амамі адышла да Кагасімы).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Стварэнне дзяржавы
[правіць | правіць зыходнік]У XIII—XIV стагоддзях, у часы перыяду Сандзан (яп.: 三山時代 Сандзан дзідай), на Акінаве існавалі тры княствы: Хакудзан (яп.: 北山, «Паўночная Гара»), Нандзан (яп.: 南山, «Паўднёвая Гара») і Цюдзан (яп.: 中山, «Цэнтральная Гара»). Усе тры княствы былі даннікамі Кітая, і ўсе тры змагаліся за ўладу над востравам. У 1416 годзе Хасі, сын князя Цюдзана і фактычны кіраўнік княства, захапіў Хакудзан. Хасі дамогся падтрымкі Кітая; 1421 годзе, калі Хасі атрымаў у спадчыну прастол Цюдзана, кітайскі імператар Чжу Дзі даў яму прозвішча Сё (尚, па-кітайску «шан») і тытул вана (王, па-рукюску «о:») — гэта значыць кіраўніка — вострава. Нарэшце, у 1429 годзе Сё Хасі заваяваў Нандзан, такім чынам упершыню аб'яднаўшы ўвесь востраў. Ён кіраваў да да 1439 года, пабудаваўшы замак Сюры і порт Наха.
Дзяржава паступова пашыралася на суседнія астравы. Да канца XV стагоддзя ваны Сё кіравалі на ўсёй паўднёвай частцы архіпелага Рукю, а ў 1571 годзе яны сталі сюзерэнамі архіпелагаў Амамі і Осіма каля берагоў Кюсю.
Залаты век Рукю
[правіць | правіць зыходнік]На архіпелагу Рукю было мала прыродных рэсурсаў, таму з моманту заснавання дзяржавы ваны Сё выбралі марскі гандаль як асноўны вектар эканамічнага развіцця. Рукюскія караблі заходзілі ў порты Кітая, Японіі, Карэі, В'етнама, Сіяма, Малакі, Явы, Лусона, Суматры і Барнеа. Мінская палітыка забароны марскога гандлю дазваляла рукюскім купцам працаваць на кітайскім кірунку з мінімальнай канкурэнцыяй. (Забарона не тычылася Рукю, паколькі ваны Рукю плацілі даніну Кітаю і не займаліся пірацтвам.) Маштабы гандлю з Кітаем былі такімі, што яшчэ ў 1439 годзе імператар дазволіў рукюсцам пабудаваць асобную гандлёвую факторыю ў Цюаньчжоу. Рукю імкнулася падтрымліваць дружалюбныя адносіны адначасова з усімі суседзямі. Калі адносіны паміж дзвюма суседнімі дзяржавамі па нейкай прычыне пагаршаліся — напрыклад, паміж Кітаем і Японіяй з-за чарговага горада, разрабаванага японскімі піратамі, — то кіраўнікі Рукю выступалі ў ролі пасродніка для перавозу тавараў паміж варагуючымі бакамі. Такім чынам з XIV і да сярэдзіны XVI стагоддзя Рукю была багатай і паспяховай гандлёвай дзяржавай. З другой паловы XVI стагоддзя канкурэнцыя з партугальцамі на поўдні і японцамі на поўначы прывяла да канца эпохі росквіту.
Пачатак залежнасці ад Японіі
[правіць | правіць зыходнік]У XVI стагоддзі павялічыўся японскі культурны ўплыў. У 1530-х гадах у Рукю з'явіліся японскія місіянеры, а пачынаючы з 1572 года, акінаўцы сталі адпраўляцца вывучаць дзэн-будызм у храмах Кіёта. Узнікла цікавасць да японскай мовы і літаратуры.
Канфлікты з Японіяй пачаліся ў 1450 годзе, калі японскі феадал Хасакава Кацумота, кіраўнік Сікоку, захапіў рукюскі карабель; падобныя інцыдэнты працягваліся. Пачынаючы з 1527 года, японскія піраты вакоу сталі нападаць на Акінаву. Для абароны Нахі ванам Рукю прыйшлося пабудаваць два форты. У 1588 годзе аб'яднальнік Японіі Таётомі Хідэёсі запатрабаваў, каб дзяржава Рукю ўдзельнічала ў паходзе на Карэю і далейшай вайне з Кітаем. Сё Нэй, ван Рукю, вырашыўшы, што Кітай мацнейшы за Японію, не адказаў і перастаў накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у Кіёта.
Пасля бітве пры Сэкігахары ў 1600 годзе ўлада ў Японіі перайшла да Такугавы Іэясу. Даймё, якія ваявалі супраць Такугавы пры Сэкігахары, трапілі ў няміласць. Сярод апальных феадалаў быў і Сімадзу Ёсіхіра, магутны кіраўнік Сацумы. Пад ціскам Такугавы Ёсіхіра адрокся ад улады на карысць свайго пляменніка Сімадзу Тадацунэ — але і Тадацунэ не змог дабіцца прыязні сёгуна. Не маючы магчымасці ні прасоўвацца пры двары, ні ваяваць з дружалюбнымі Такугаве паўночнымі суседзямі, новы даймё Сацумы звярнуў позірк на поўдзень, на багатую, але слаба ўзброеную дзяржаву Рукю.
У 1603 годзе прадстаўнік Сацумы параіў Рукю падпарадкавацца Японіі і выказаць павагу да сёгуна Такугаве. Сё Нэй адмовіўся. Тады Сімадзу Тадацунэ папрасіў дазвол у Такугавы пакараць Рукю за грубасць у стаўленні да Японіі. У 1606 годзе Такугава даў згоду, і праз тры гады флот Сімадзу адплыў на поўдзень.
Увесну 1609 годзе сацумскае войска высадзілася на Акінаве, разбіла мясцовае грамадзянскае апалчэнне і разрабавала замак Сюры і ванскія скарбніцы. Сё Нэй быў узяты ў закладнікі і адпраўлены ў Японію на два гады. У 1611 годзе, пасля таго, як Сё Нэю было дазволена вярнуцца на радзіму, яму і яго двару прыйшлося падпісаць мірны дагавор, які сцвярджае, апрача іншага, што дзяржава Рукю заўсёды была васалам Сацумы. Астравы Амамі і Осіма былі далучаны да хана Сацумы (па гэтай прычыне ў сучаснай Японіі яны ўваходзяць у прэфектуру Кагасіму, а не Акінаву), але ванам Сё было дазволена працягваць кіраваць астатняй часткай архіпелага Рукю ў рамках, усталяваных Сацумай. Такім чынам, Рукю апынулася ў двайной феадальнай залежнасці: ад кітайскага імператара (сувязі з Кітаем працягваліся) і ад даймё Сацумы.
У 1615 годзе япона-кітайскія перамовы зайшлі ў тупік; Кітай забараніў японскім караблям заходзіць у кітайскія порты. Дзякуючы палітыцы сакоку еўрапейскія купцы страцілі права заходзіць у японскія порты. Такім чынам, асноўны патоку гандлю паміж Японіяй і Кітаем пайшоў праз дзяржаву Рукю, якую і Кітай, і Японія лічылі «сваёй». Гандаль з Кітаем быў важным для прэстыжу і фінансавага дабрабыту даймё Сацумы. Каб пазбегнуць магчымых канфліктаў з Кітаем, кіраўнікі Сацумы прадпісалі Рукю прыкідвацца незалежнай дзяржавай. Жыхарам Рукю было забаронена карыстацца японскімі імёнамі і адзеннем. Прадстаўнікам Рукю за мяжой было забаронена згадваць залежнасць Рукю ад Сацумы. Японскія падданыя не мелі права наведваць Рукю без урадавага дазволу. Нават рукюскі пасол у Эда быў абавязаны весці перамовы толькі праз перакладчыка. Кітай хутка даведаўся праўду, але гульня ў незалежнасць Рукю дазваляла ўсім захаваць твар і працягваць выгодны гандаль.
На Рукю з Кітая пракраліся некаторыя сельскагаспадарчыя культуры: батат (1605 год) і цукровы трыснёг (1623 год)[1].
Далучэнне да Японіі
[правіць | правіць зыходнік]У 1866—1869 гг. улада ў Японіі перайшла ад сёгуна да імператара Мэйдзі. У 1871 годзе была праведзена адміністрацыйная рэформа; старыя феадальныя ханы былі рэарганізаваны ў прэфектуры. Каб пазбегнуць расчлянення заходнімі дзяржавамі (у 1854 годзе ЗША заключылі гандлёвы дагавор з Рукю, як з незалежнай дзяржавай; Расія часова акупавала Цусіму; да 1875 года Вялікабрытанія заяўляла пра свае правы на Банінскія астравы), японскім уладам трэба было тэрмінова арганізаваць эфектыўны кантроль над васаламі і вызначыць міжнародныя межы дзяржавы. Астравы Рукю, па планах Японіі, неабходна было ператварыць са змяшанага кітайска-сацумскага васала ў японскую тэрыторыю.
У снежні 1871 года бура прыбіла рукюскую джонку да паўднёвага берага Тайваня. Мясцовыя абарыгены напалі на каманду карабля і забілі 54 чалавекі. Японія вырашыла скарыстацца гэтым інцыдэнтам як падставай для адлучэння Рукю ад Кітая. Японскі пасол у Кітаі запатрабаваў, каб кітайскія ўлады пакаралі забойцаў «японскіх падданых», і атрымаў адказ, што Кітай не нясе адказнасць за тое, што адбываецца на ўсходнім узбярэжжы Тайваня. Тады ў 1874 годзе Японія адправіла ваенную экспедыцыю на Тайвань. Кітай падняў пратэст; у кастрычніку 1874 года Кітай і Японія падпісалі дагавор, у якім рукюскія маракі былі ахарактарызаваны проста як «японскія падданыя». З дагаворам пагадзіліся і брытанскія прадстаўнікі. Такім чынам, міжнародная супольнасць прызнала, што Рукю — японская тэрыторыя.
У кастрычніку 1872 года міністр замежных спраў Японіі абвясціў рукюскаму паслу, што Рукю з гэтага часу не дзяржава (коку), а хан, гэта значыць тэрытарыяльная адзінка Японіі. У 1875 годзе, пасля падпісання дагавора з Кітаем, на Акінаву прыбыў японскі пасланец Мацуда Митыюкі для перамоў з рукюскім ванам Сё Таем аб канчатковым статусе архіпелага. Рукюскія ўлады выбралі тактыку паравалок і ўсяляк адцягвалі вырашэнне пытання. Нарэшце ў 1879 годзе на востраў высадзіўся японскі дэсант. 11 сакавіка 1879 года японскія салдаты занялі замак Сюры, і Мацуда абвясціў, што ўжо да канца месяца дзяржава (ці хан) Рукю будзе лічыцца прэфектурай Акінавай і часткай японскай метраполіі.
Спіс каралёў Рукю
[правіць | правіць зыходнік]Імя | Кандзі | Гады кіравання | Гады жыцця | Заўвагі | Дынастыя |
---|---|---|---|---|---|
Сюнтэн | 舜天 | 1187-1237 | 1166-1237 | Сын Мінамота-но Тамэтома | Дынастыя Сюнтэн |
Сюнбадзюнкі | 舜馬順熙 | 1238-1248 | 1185-1248 | Сын Сюнтэна | Дынастыя Сюнтэн |
Гіхон | 義本 | 1249-1259 | каля 1204 — каля 1260 | Сын Сюнбадзюнкі | Дынастыя Сюнтэн |
Эйсо | 英祖 | 1260-1299 | 1229-1299 | Дынастыя Эйсо | |
Тайсэй | 大成 | 1300-1308 | 1247-1308 | Сын Эйсо | Дынастыя Эйсо |
Эйдзі | 英慈 | 1309-1313 | 1268-1313 | Сын Тайсэя | Дынастыя Эйсо |
Імя | Кандзі | Гады кіравання | Гады жыцця | Заўвагі | Дынастыя |
---|---|---|---|---|---|
Тамагусуку | 玉城 | 1314-1336 | 1296-1336 | Сын Эйдзі | Дынастыя Эйсо |
Сэі | 西威 | 1336-1349 | 1326-1349 | Сын Тамагусуку | Дынастыя Эйсо |
Сато | 察度 | 1350-1395 | 1321-1395 | Дынастыя Сато | |
Бунэй | 武寧 | 1396-1406 | 1356-1406 | Сын Сато | Дынастыя Сато |
Сё Сісё | 尚思紹 | 1407-1421 | 1354-1421 | Першая дынастыя Сё | |
Сё Хасі | 尚巴志 | 1422-1439 | 1371-1439 | Старэйшы сын Сё Сісё | Першая дынастыя Сё |
Імя | Кандзі | Гады кіравання | Гады жыцця | Заўвагі |
---|---|---|---|---|
Сё Хасі | 尚巴志 | 1429-1439 | 1371-1439 | Старэйшы сын Сё Сісё (1354—1421), караля Цюдзана (1406—1421) |
Сё Цю | 尚忠 | 1439-1444 | 1391-1444 | Другі сын Сё Хасі |
Сё Сітацу | 尚思達 | 1443-1449 | 1408-1449 | Старэйшы сын Сё Цю |
Сё Кімпуку | 尚金福 | 1450-1453 | 1398-1453 | Пяты сын Сё Хасі |
Сё Тайкю | 尚泰久 | 1454-1460 | 1415-1460 | Сёмы сын Сё Хасі |
Сё Току | 尚徳 | 1461-1469 | 1441-1469 | Сын Сё Тайкю |
Імя | Кандзі | Гады кіравання | Гады жыцця | Заўвагі |
---|---|---|---|---|
Сё Эн | 尚円 | 1470-1476 | 1415-1476 | Выхадзец з сялянскай сям'і |
Сё Сен'і | 尚宣威 | 1477 | 1430-1477 | Малодшы брат папярэдняга |
Сё Сін | 尚真 | 1477-1526 | 1456-1526 | Сын Сё Эна |
Сё Сэй | 尚清 | 1527-1555 | 1497-1555 | Пяты сын Сё Сіна |
Сё Гэн | 尚元 | 1556-1572 | 1528-1572 | Другі сын Сё Сэя |
Сё Эй | 尚永 | 1573-1588 | 1559-1588 | Другі сын Сё Гэна |
Сё Нэй | 尚寧 | 1588-1620 | 1564-1620 | Старэйшы сын прынца Сё І (пам. 1584), прапраўнук караля Сё Сіна |
Сё Хо | 尚豊 | 1621-1640 | 1590-1640 | Сын прынца Сё Кю (1560—1620), унук Сё Гэна |
Сё Кэн | 尚賢 | 1641-1647 | 1625-1647 | Трэці сын Сё Хо |
Сё Сицу | 尚質 | 1648-1668 | 1629-1668 | Чацвёрты сын Сё Хо, малодшы брат папярэдняга |
Сё Тэй | 尚貞 | 1669-1709 | 1645-1709 | Старэйшы сын папярэдняга |
Сё Эки | 尚益 | 1710-1712 | 1678-1712 | Старэйшы сын спадчыннага прынца Сё Юна (1660—1706), унук Сё Тэя |
Сё Кэй | 尚敬 | 1713-1751 | 1700-1752 | Старэйшы сын папярэдняга |
Сё Боку | 尚穆 | 1752-1794 | 1739-1794 | Старэйшы сын Сё Кэя |
Сё Он | 尚温 | 1795-1802 | 1784-1802 | старэйшы сын спадчыннага прынца Сё Тэцу (1759—1788), унук Сё Боку |
Сё Сэй | 尚成 | 1803 | 1800-1803 | Адзіны сын Сё Она |
Сё Ко | 尚灝 | 1804-1828 | 1787-1839 | Чацвёрты сын спадчыннага прынца Сё Тэцу (1759—1788), унук Сё Боку |
Сё Іку | 尚育 | 1829-1847 | 1813-1847 | Старэйшы сын Сё Ко |
Сё Тай | 尚泰 | 1848-1879 | 1843-1901 | Другі сын Сё Іку |
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- George H. Kerr. Ryukyu Kingdom and Province before 1945. — Вашынгтон: Pacific Science Board, National Academy of Sciences, 1953. — 240 с.
- Gregory Smits. Visions of Ryukyu. — Ганалулу: University of Hawaii Press, 1999. — 213 с. — ISBN 0824820371.