Перайсці да зместу

Рунь (літаратурнае аб’яднанне)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Народны калектыў літаратурна-мастацкага майстэрства «Рунь»
Тып літаратурнае таварыства
Год заснавання 6 чэрвеня 1981
Размяшчэнне Валожын, Мінская вобласць, Беларусь
Ключавыя фігуры Валянціна Гіруць-Русакевіч, Марыя Шакун, Віктар Шніп, Зінаіда Гасціловіч
Колькасць супрацоўнікаў 3
Колькасць членаў 30
Слоган Зямелькай роднаю распетая, душа не можа не тварыць

Народны калектыў літаратурна-мастацкага майстэрства «Рунь» — літаратурна-мастацкае аб’яднанне Валожынскага раёна. Размешчана ў Валожынскім раённым цэнтры культуры ў Валожыне.

Літаратурна-мастацкі калектыў «Рунь» створаны на базе Валожынскай раённай газеты «Працоўная слава» ў 1982 годзе як літаратурнае аб’яднанне, заснавальнікамі якога былі Віктар Шніп і Валянціна Гіруць-Русакевіч. З 1994 года літартатурнае аб’яднанне перайшло пад кіраўніцтва Валожынскага раённага цэнтра культуры і называцца стала як літаратурна-мастацкае аб’яднанне. У 1997 годзе аб’яднанню нададзена званне «народнае». З 2024 года Народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне было перайменавана ў Народны калектыў літаратурна-мастацкага майстэрства. У склад калектыву ўваходзяць школьнікі і дарослыя творцы. Станам на 2024 год «Рунь» афіцыйна аб’ядноўвае 30 чалавек з Валожынскага раёна, але фактычна сябрамі калектыву было значна болей людзей. Многія былыя «рунеўцы» цяпер жывуць і працуюць за мяжой, напрыклад, Юлія Шапарэвіч (у Швейцарыі), Алена Рагель (у Ізраілі).[1] У склад калектыву ўваходзяць 9 членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, сярод іх Марыя Шакун, Зінаіда Гасціловіч, Наталля Жызнеўская і інш.

Асноўныя кірункі работы калектыву — вывучэнне, захаванне і папулярызацыя літаратурнай спадчыны Валожыншчыны, класікаў беларускай і рускай літаратуры; садзейнічанне ў выданні і распаўсюджванні кніг сучасных валожынскіх аўтараў; выяўленне літаратурных талентаў сярод дзяцей, моладзі і дарослых. Вершы «рунеўцаў» друкуюцца ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацства», «Сельская газета», «Принёманский вестник»; на старонках раённай газеты «Працоўная слава»; у альманаху «Метамарфозы» і іншых перыядычных выданнях. Творы ўдзельнікаў калектыву размешчаны на розных інтэрнэт пляцоўках і ў сацыяльных сетках. Творы валожынскіх літаратараў выходзяць уласнымі кнігамі, прэзентацыі якіх праводзяць у розных фарматах і на розную аўдыторыю, таксама паэты і пісьменнікі «Руні» публікуюцца ў калектыўных выданнях: кнігах серыі «Славянскае слова»; у калектыўных зборніках «Абярэг» і «Званоў перазвон», якія былі выдадзены Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі; паэтычным зборніку «Сябрына»; еўразійскім літаратурным зборніку «Нить».[2]

У 2021-2024 гадах выдадзены 31 аўтарскі зборнік, сярод якіх кнігі для дарослых і дзяцей.

  • Зборнік паэтаў Валожыншчыны «Зямлі маёй і землякам» (2005, выдавецтва «Чатыры чвэрці»).
  • Зборнік вершаў «Нашчадкам» (2009, выдавецтва «Чатыры чвэрці»).
  • Зборнік вершаў маладых паэтаў «Маладыя галасы Валожыншчыны» (2012, выдавецтва «Чатыры чвэрці»).
  • Зборнік паэтаў «Помнім і жывём» (2015, выдавецтва «Чатыры чвэрці»).
  • Зборнік вершаў «Ад каранёў да кроны» (2020, выдавецтва «Чатыры чвэрці»).
Удзельнікі «Руні» на конкурсе «Маладыя галасы» у 2024 годзе.

Адзін з праектаў калектыву — раённы конкурс маладых пісьменнікаў і паэтаў «Маладыя галасы», які праходзіць у красавіку штогод ужо болей за дваццаць гадоў, а ў 2024 годзе пастаўлены рэкорд — удзельнічала 30 пачынаючых паэтаў і пісьменнікаў, а на сам конкурс было даслана звыш 50-ці твораў.

«Маладыя галасы» праходзяць адным днём у некалькіх намінацыях. Члены журы — удзельнікі народнага калектыву «Рунь», члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, знакамітыя землякі Валожыншчыны.

Па выніках конкурсу выдаецца зборнік твораў удзельнікаў або публікацыі іх твораў у раённых, рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ.

  1. У Валожыне прайшла юбілейная вечарына літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” “Роднаму краю славу спяваю” - Kraj.by (руск.). KRAJ.BY - Культура. Праверана 21 снежня 2023.
  2. Валожынскі раённы выканаўчы камітэт(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2022. Праверана 19 кастрычніка 2022.
  • Ад каранёў да кроны : творцы Валожыншчыны / укл. В. Ф. Гіруць-Русакевіч. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2020. — 242 с.
  • Маладыя галасы Валожыншчыны / уклад. В. Ф. Гіруць-Русакевіч; прадм. А. А. Акушэвіча. — Мінск : выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2012. — 162 с.