Рыгор Папараць
Рыгор Папараць | |
---|---|
Рыгор Макаравіч Сапун | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 17 лістапада 1902 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 30 красавіка 1948 (45 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, настаўнік |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рыгор Папараць (сапр. — Рыгор Макаравіч Сапун; 17 лістапада 1902, в. Шалягі, Цытвянская воласць, Ігуменскі павет, Мінская губерня (цяпер — ў Пухавіцкім раёне, Мінская вобласць) — 30 красавіка 1948, Дудзічы, Рудзенскі раён, Мінская вобласць) — беларускі паэт, педагог.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і валаснога старшыны Макара Міхайлавіча і Евы Станіславаўны. У маладыя гады працаваў па найме і адначасова вучыўся ў Вароніцкай пачатковай і Дукорскай працоўнай школах, Скончыў Цытвянскае трохкласнае вучылішча.
У 1921 годзе паводле пастановы ЦВК БССР быў накіраваны вучыцца на рабочы факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 1924 — вучыўся на медыцынскім факультэце. Падчас вучобы ў Мінску пачаў займацца паэтычнай дзейнасцю. Жадаючы прысвяціць сябе літаратуры, кідае навучанне ў Мінску і ў 1925 годзе паступіў на першы курс факультэта мовы і матэрыяльнай культуры Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1926 годзе стварыў ленінградскую філію «Маладняка» у сямі чалавек. Пазней стаў членам беларускай секцыі Ленінградскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, як дэлегат удзельнічаў у яе III абласной канферэнцыі. Уклаў і выдаў альманах «Цагліны ў падмурак», дзе сярод іншых твораў былі надрукаваны апавяданне «Грымасы» і інш. У 1931 годзе на смерць Усевалада Ігнатоўскага напісаў верш «Памяці Ігнатоўскага» і распаўсюдзіў яго сярод сябраў-студэнтаў, за што быў выключаны з апошняга курса «за крамольные стишки, порочащие партию и советское правительство».
З 1931 па 1933 год працаваў на кінафабрыцы «Белдзяржкіно» на пасадзе загадчыка метадычнага кабінета. Адначасова з 1932 года выкладаў рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 7 Чырвонагвардзейскага раёна Ленінграда. Ажаніўся з актрысай і балерынай Эльвірай Багачунас, дачкой латышскага стралка.
Увесну 1937 года арыштаваны і абвінавачаны ў нацыяналістычнай дзейнасці. Пасля шасці месяцаў катаванняў быў вызвалены з турмы. Зрэшты, супрацоўнікі НКУС узялі з паэта распіску, у якой ён абавязваўся больш не займацца літаратурнай творчасцю. Як успамінала яго другая жонка школьная настаўніца Любоў Арлова:
«На працягу шасці месяцаў ужывалі страшэнныя катаванні, якія людзі не маглі вытрымаць і спрабавалі скончыць жыццё самагубствам. Бацька Рыгора Макар Міхайлавіч і першая жонка Элеанора Багачунас сабралі золата і каштоўнасці і выкупілі яго з турмы. Але, вызваляючы Рыгора, каты ўзялі падпіску аб тым, што ён больш пісаць не будзе. Так сталінскія сатрапы вырвалі з рук чалавека пяро і спынілі творчую думку.»
У 1938 высланы ў Халопеніцкі раён БССР, дзе з 1 красавіка 1938 года працаваў спачатку выкладчыкам рускай мовы і літаратуры, потым завучам Чырваналуцкай сярэдняй школы, улетку 1938 — інструктарам-метадыстам Халопеніцкага раёна. У 1939 годзе памерла ад сухотаў Элеанора Багачунас, і праз год ён ажаніўся другога разу з настаўніцай Любоўю Арловай. Разам з ёю ў ліпені 1940 перавёўся ў Дудзіцкую сярэднюю школу Рудзенскага раёна. У 1941 у паэта нарадзілася дачка Кансуэла і ён разам з сям’ёй вярнуўся да сваіх бацькоў у вёску Шэлягі.
З прыходам нямецкіх войскаў уключыўся ў падпольную барацьбу, а вясной 1942 года стаў партызанам брыгады «Беларусь». Скончыў вайну пад Кёнігсбергам, дзе быў цяжка паранены і кантужаны. Пасля вайны настаўнічаў і гадаваў дзяцей (за год да смерці бацькі нарадзіўся сын Уладзімір). У 1945—1948 гадах працаваў дырэктарам і настаўнікам рускай мовы і літаратуры Дудзіцкай школы.
Памёр 1 мая 1948 года памёр ад цяжкай хваробы. Пахаваны на могілках у вёсцы Варонічы непадалёк ад Рудзенска.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Друкавацца пачаў з часу вучобы ў БДУ ў часопісе «Голас рабфакаўца», на працягу 1925 часопіс «Чырвоны сцяг» апублікаваў яго паэму «Дэлегат», вершы «Год без Леніна», «Аб чым так голасна спявалі» і інш. На старонках газет і часопісаў «Маладняк», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», «Савецкая Беларусь», «Малады араты» з'явіліся яго паэма «Шляхі», вершы «Люблю праходзіць», «У маршы дзён», «Вайна вайне», «Гараць агні», «Адказ бацьку» і інш.
Пасля катаванняў у ленінградскіх «Крыжах» і пісьмовага забавязання больш не займацца літаратурнай дзейнасцю, ні да вайны, ні пасля Рыгор Папараць ужо не вяртаўся да паэтычнай творчасці.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кекелева, Т. «У справе жыццё людзі бачаць»: Драматызм творчасці Рыгора Папараці // Роднае слова. — Мн.: 2002. — № 11. — С. 20—25.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Рублевская, Л.. Обеднеет море без капли . Комсомольская правда в Белоруссии (10 студзеня 2012).(недаступная спасылка)
- Кекелева, Т. Самотная ліра паэта. Да 105-годдзя з дня нараджэння Рыгора Папараці (1902—1948) на pawet.net
- Віктар Жыбуль — пра нявыдадзеныя паэтычныя зборнікі 1920 — 1930-х гадоў на http://www.svaboda.org/
- Нарадзіліся 17 лістапада
- Нарадзіліся ў 1902 годзе
- Нарадзіліся ў Шалягах
- Памерлі 30 красавіка
- Памерлі ў 1948 годзе
- Памерлі ў Дудзічах
- Пахаваныя ў Пухавіцкім раёне
- Постаці Беларусьфільма
- Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк»
- Узнагароджаныя медалём «За баявыя заслугі»
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Пісьменнікі Беларусі
- Паэты Беларусі
- Беларускамоўныя паэты
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў
- Грэбенская базавая школа Пухавіцкага раёна