Варонічы (Пухавіцкі раён)
Вёска
Варонічы
|
Варо́нічы[1] (трансліт.: Varoničy, руск.: Вороничи) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Пціч. Уваходзіць у склад Рудзенскага сельсавета. Месціцца за 28 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 43 км ад Мінска.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ранняя гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1584 годзе ўласнасць Мікалая Радзівіла, сына Юрыя[2], цэнтр уладанняў[3], у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1744 годзе былі млын, карчма, царква, уласнасць С. Кернажыцкага. У 1785 годзе былі вёска і слабада, карчма, уласнасць Янішэўскага.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У 1800 годзе сяло, уласнасць А. Шышкі, былі касцёл Раства Багародзіцы, вінакурня, карчма, млын на Пцічы (2 паставы). У XIX стагоддзі цэнтр праваслаўнага прыходу. У 1838 годзе была пабудавана новая Міхайлаўская царква, фундаваная Янішэўскімі[4]. У 1858 годзе былі маёнтак і вёска, уласнасць Людвіга Янішэўскага. Вёска да скасавання прыгону адносілася да дамену Цітва[4]. Пасля 1861 года ў Цітвянскай воласці Ігуменскага павета.
У 1889 годзе маёнткам Варонічы валодаў дваранін рыма-каталіцкага веравызнання Людвіг Людвігавіч Янішэўскі, было 185 дзесяцін зямлі[5], да маёнтка адносіўся таксама фальварак Зады. Паводле перапісу 1897 года былі хлебазапасны магазін і піцейны дом. У 1902 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа. У 1913 годзе маёнткам Варонічы валодаў Вячаслаў Скандракоў, было 210 дзесяцін зямлі[6].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1922 годзе была працоўная школа 1-й ступені, вучылася больш за 100 вучняў, 2 настаўнікі. Маёнтак нацыяналізаваны, створаны пасёлак. У 1930-я гады праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «Новае жыццё», была кузня.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
У 1966 годзе з вёскай зліліся пасёлак Варонічы і сяло Вароніцкая Слабада. Да 31 сакавіка 1977 года вёска ўваходзіла ў склад Цітвянскага сельсавета[7], да 28 мая 2013 года была ў адміністрацыйным падпарадкаванні Рудзенскага пассавета, з 28 мая 2013 года — у Рудзенскім сельсавеце.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1744 год — 37 двароў, 108 рэвізскіх душ мужчынскага полу
- 1785 год — 21 двары, 176 жыхароў
- 1800 год — 43 двары, 309 жыхароў сялян, 4 жыхары ваколічнай шляхты
- 1858 год — вёска, 199 душ сялян; маёнтак, 20 жыхароў дваровых людзей
- 1886 год — 37 двароў, 367 жыхароў
- 1897 год — 77 двароў, 441 жыхар
- 1908 год[8]:
- вёска — 92 двары, 629 жыхароў
- маёнтак — 1 двор, 5 жыхароў
- урочышча — 1 двор, 3 жыхары
- 1917 год[9]:
- 1921 год — ва ўрочышчы 1 двор і 5 жыхароў[9]
- 1960 год — 443 жыхары
- 2002 год — 104 двары, 190 жыхароў
- 2009 год — 126 жыхароў
- 2019 год — 112 жыхароў[10]
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Сцяпан Шыманскі (1912—1989) — генерал-лейтэнант авіяцыі.
- Міхал Богуш-Шышка (1811—1877) — культурны дзеяч, архівіст, перакладчык, гісторык, лінгвіст, энцыклапедыст.
- Генадзь Кляўко (1831—1979) — беларускі паэт, перакладчык.
- Міхаіл Плышэўскі (1862—1937) — беларускі протаіерэй, святы навамучанік.
- Марыя Юркевіч (1916—1996)— паляводка, Герой Сацыялістычнай Працы.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]На могілках у Варонічах пахаваны беларускі паэт Рыгор Папараць.
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Царква ў імя Святога архангела Міхаіла (1716 — савецкі час)
- Сядзіба (XIX ст.— пасля 1920)
- Капліца
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. — 244, [3] с., іл. — ISBN 978-985-508-060-3. С. 198.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. — 244, [3] с., іл. — ISBN 978-985-508-060-3. С. 126—127.
- ↑ а б SgKP 1893, s. 952.
- ↑ Памяць 2003, с. 98.
- ↑ Nad Świsłoczą 1914, s. 103.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 31 сакавіка 1977 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1977, № 15 (1533).
- ↑ Ярмоловичъ В. 1909, с. 31.
- ↑ а б Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 123.
- ↑ Belarus . pop-stat.mashke.org. Праверана 3 кастрычніка 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Варонічы // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 123. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Jelski A. Woronicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo (польск.). — Warszawa, 1893. — S. 952.
- Nad Świsłoczą : kalendarz miński informacyjny na rok 1914 / pod redakcją W. Dworzaczka. — Wilno: Znicz, 1914. — 130 S.
- Ярмоловичъ В. С. Списокъ населенныхъ мѣстъ Минской губерніи. — Минскъ: Изданіе Минскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1909. — 231 с.
- Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) / Центральное Статистическое Бюро Б.С.С.Р.. — Минск: Белтрестпечать, 1924.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх