Рыжскі замак
Замак | |
Рыжскі замак | |
---|---|
лат.: Rīgas pils | |
| |
56°57′03,42″ пн. ш. 24°06′02,29″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Заснавальнік | Эберхард фон Монхайм |
Дата заснавання | 1330 |
Будаўніцтва | 1330—1354 гады |
Стан | Рэстаўруецца |
Сайт | president.lv/pk/content/… |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рыжскі замак (лат.: Rīgas pils, ням.: Rigaer Schloss) — рэзідэнцыя прэзідэнта Латвіі, размешчаная на беразе Даўгавы ў горадзе Рыга. Адзін з найбольш значных у гістарычным і культурным плане будынкаў латвійскай сталіцы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ордэнскі замак
[правіць | правіць зыходнік]Пасля таго, як быў разбураны першы ордэнскі замак Вітэнштэйн у цэнтры Рыгі, а крыжакі выцесненыя за тагачасныя межы горада, у 1330 г. Лівонскі ордэн аблажыў Рыгу. Абаронцы аказалі супраціўленне, аднак голад прымусіў рыжан здацца. Ордэну былі саступлены частка гарадскіх умацаванняў з Пясочнай і Святадухаўскай вежамі, а таксама вялікі ўчастак зямлі па той бок умацаванняў, дзе знаходзіліся гарадскія пашы і гароды. На ўчастку зямлі, на якім раней знаходзіўся Шпіталь Св. Духа, Ордэн пабудаваў свой новы замак. Шпіталь жа рыжскі магістрат перанёс на былое месца замка Вітэнштэйн[4].
У дзень летняга сонцастаяння 1330 г. магістр ордэна Эберхард фон Монхайм заклаў першы камень у падмурак будучага замка. Т.зв. замак Монхайма на беразе Даўгавы быў пабудаваны з 1330 па 1354 гг. пад кіраўніцтвам будаўнічага майстра Дытрыха Крэйгэ, які будаваў і Дом Чорнагаловых у Рызе. Месца для замка было ўдалым, адсюль можна было кантраляваць судны, якія заходзілі з мора ў Даўгаву. Акрамя таго, знаходзячыся за межамі гарадской крапасной сцяны, новы замак быў лепш абаронены ў выпадку паўторнага нападу рыжан[4]. У новапабудаваны замак перабраўся магістр Лівонскага ордэна, аднак з прычыны пастаянных звад з гараджанамі яго рэзідэнцыя была ў XV стагоддзі перанесена ў Вендэн (Цэсіс).
У 1481 г. узброеная барацьба ўспыхнула з новай сілай. 10 красавіка 1484 г. рыжане аднавілі блакаду Рыжскага замка, узяўшы яго ў такое шчыльнае кальцо, што паводле хронікі «нават вароне туды было не пракрасціся». Знясіленыя голадам і хваробамі, абаронцы замка вымушаны былі скласці зброю 18 мая. У замку засталося толькі 10 здаровых рыцараў са слугамі, якія харчаваліся канінай. Іншыя абаронцы замка былі хворыя, з распухлымі целамі[4]. Падчас канфлікту ордэна з рыжанамі ордэнскі замак быў практычна знішчаны.
У 1491 г. ордэн, аправіўшыся ад удару, аблажыў Рыгу. Горад капітуляваў, бо быў не ў сілах аказаць супраціўленне. Рыжанам прыйшлася вярнуць уся ордэнская маёмасць і трафеі, захопленыя падчас ваенных дзеянняў, а таксама пабудаваць новы ордэнскі замак. Магістр ордэна Вальтэр фон Плетэнберг запатрабаваў, каб замак пабудавалі за шэсць гадоў, і каб ён быў яшчэ больш магутным, чым папярэдні. Лічыцца, што ён сам напісаў агульны план замка ў выглядзе чатырохвугольнага будынка з вуглавымі вежамі[4]. Умацаванні былі адноўлены ў 1497—1515 гг. пад кіраўніцтвам майстра Нікласа з Рэвеля. Замак быў дапоўнены круглымі артылерыйскімі вежамі — Святога Духа і Свінцовай[5]. Будаўніцтва замка прыйшлося на апошнія гады існавання Лівонскага ордэна.
Валадарства Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай
[правіць | правіць зыходнік]Ордэн спыніў сваё існаванне 5 сакавіка 1562 года, калі ў капітульнай зале Рыжскага замка магістр Лівонскага ордэна Готхард Кетлер здаў свае прывілеі і ордэнскі крыж і прызнаў сюзерэнітэт вялікага князя літоўскага. Кетлер быў прызначаны часовым губернатарам Інфлянцкага княства, і выбраў у якасці рэзідэнцыі Рыжскі замак[4]. У 1566 г. адміністратарам герцагства быў прызначаны Ян Геранімавіч Хадкевіч. Пасля Люблінскай уніі 1569 і ўтварэння Рэчы Паспалітай ВКЛ здолела захаваць свае правы на Лівонію, як на Задзвінскае герцагства. У 1578—1621 гг. замак служыў рэзідэнцыяй польска-літоўскай адміністрацыі — у замку жылі старосты, тут знаходзіўся гарнізон і кашталян замка. Замак захаваў сваё значэнне крэпасці, для яго абароны прызначалася 300 вершнікаў і некалькі гармат[4].
Валадарства Швецыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629 гг. большая частка Задзвінскага княства была страчана на карысць Швецыі (Шведская Лівонія). У Рыжскім замку размяшчалася рэзідэнцыя шведскай адміністрацыі (1621—1710), ваенных намеснікаў і генерал-губернатараў. Рыга ў Шведскай дзяржаве адыгрывала вельмі адчувальную ролю, а Рыжскі замак як рэзідэнцыя мясцовага кіраўніка быў аб'ектам рэпрэзентацыі каралеўскай улады. Таму, пасля страт у Германіі, Даніі і Польшчы, умацаваўшы свае пазіцыі ў Лівоніі, каралева Крысціна ўскладала вялікія надзеі на будаўніцтва горада, замка і Цытадэлі[4].
Вялікалітоўскія і шведскія намеснікі пашыралі і дабудоўвалі замак адпаведна з уласнымі густамі і патрэбнасцямі. Асабліва значныя будаўнічыя працы, звязаныя з узвядзеннем новага крыла («перадзамак»), распачаліся ў 1640-я гг. У 1683 годзе да комплексу быў прыбудаваны будынак арсенала.
Прадстаўніцкая функцыя замка ўжо ў XVII стагоддзі дамінавала над фартыфікацыйнай; роля абарончага шчыта Рыгі ўзяла на сябе Даугаўгрыва. У тыя ж гады замак пачаў актыўна выкарыстоўвацца як турма. Да ўцёкаў з англічанінам Горсеем у Рыжскім замку трымалі ўдаву адзінага караля Лівоніі — Марыя Старыцкая.
Расійскі перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Пасля аблогі і ўзяцця Рыгі рускімі войскамі (1710) у Рыжскім замку пасяліліся генерал-губернатары Ліфляндыі. Асобныя памяшканні працягвалі выкарыстоўвацца як турма. Мабыць, самымі вядомымі вязнямі Рыжскага замка былі зрынутая з расійскага прастола Ганна Леапольдаўна і яе сямейства[6][неаўтарытэтная крыніца?].
За гады расійскага кіравання замак канчаткова страціў сваю абарончую функцыю, а разам з ёй — і ранейшы грозны выгляд. У 1783 годзе асноўны замак і перадзамкавыя пабудовы былі злучаны шляхам узвядзення новага корпуса на месцы шведскага арсенала. З 1796 г. Рыга стала цэнтрам Ліфляндскай губерні, а Ордэнскі замак — рэзідэнцыяй расійскага генерал-губернатара (1710—1917). У замку таксама размясціліся губернскія адміністрацыйныя і судовыя ўстановы[4].
У XIX стагоддзі замкавая царква была зачынена і знесена (1870), да новага корпуса быў надбудаваны чацвёрты паверх, а каля сцен замка з'явілася вялікая плошча.
У XX стагоддзі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля здабыцця Латвіяй незалежнасці, Рыжскі замак быў абвешчаны рэзідэнцыяй прэзідэнта. Замак уяўляў сабой пярэстае спалучэнне пабудоў розных эпох, таму з мэтай надання прэзідэнцкаму палацу больш завершанага і прадстаўнічага выгляду да яго рэканструкцыі быў прыцягнуты выдатны архітэктар Эйжэн Лаўбэ. Архітэктар перабудаваў Чырвоную залу і ў 1938 годзе прыбудаваў да замка Вежу трох зорак, якая, зрэшты, слаба гармануе з гістарычнай забудовай.
Пасля далучэння Латвіі да СССР месца прэзідэнта ў Рыжскім замку заняў Саўнаркам Латвійскай ССР. У лютым 1941 года ў Рыжскім замку адкрыўся гарадскі палац піянераў. На плошчах замка размясцілася таксама некалькі музеяў, у тым ліку музеі замежнага мастацтва, латвійскай гісторыі, літаратуры, тэатра і музыкі.
11 лістапада 1988 г. на вежы Св. Духа быў падняты латышскі нацыянальны сцяг[7].
У чэрвені 1995 года замак ізноў стаў рэзідэнцыяй прэзідэнта Латвіі. У памяшканнях таксама размясцілася прэзідэнцкая канцылярыя.
Увосень 2012 года была распачата рэканструкцыя замка (рэзідэнцыя прэзідэнта часова перанесена ў Дом Чорнагаловых). Працы былі выкананы будаўнічымі кампаніямі SBRE, Re&Re і Skonto būve.
Завяршэнне рэканструкцыі планавалася на працягу дзвюх з паловай гадоў, а выдаткі на праект склалі 21,78 млн латаў.[8]
Пажар 2013 года
[правіць | правіць зыходнік]20 чэрвеня 2013 у Рыжскім замку падчас яго рэканструкцыі ўспыхнуў пажар. Спачатку загарэлася невялікая частка даху плошча 50—100 м², але полымя хутка распаўсюдзілася па ўсім даху і дасягнула 3200 м².
На тушэнне пажару былі мабілізаваны ўсе сілы ГПСС Рыжскага рэгіёна — у тушэнні пажару было задзейнічана 80 супрацоўнікаў і 18 адзінак тэхнікі, з іх 11 аўтацыстэрнаў, 3 аўталесвіцы, 1 пад'ёмнік, брандспойтны аўтамабіль, помпавая станцыя і аўтамабіль-база з дыхальнымі апаратамі.
Да тушэння быў прыцягнуты буксір Рыжскага Свабоднага порта. Пажар быў лакалізаваны толькі праз пяць гадзін. Тушэнне пажару абцяжарвалася недахопам вады[9][10]
У будынку знаходзілася парадку 1 млн экспанатаў Дзяржаўнага мастацкага музея, з іх пацярпела каля 40 тысяч, а таксама размяшчалася каля 900 тысяч экспанатаў музея літаратуры, тэатра і музыкі, з іх ад вады пацярпела каля 20 тысяч экспанатаў.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Першапачатковы замак тыпу кастэль уяўляў сабой трохпавярховы будынак, які акружаў квадратны ў плане двор. На ніжнім паверсе былі гаспадарчыя памяшканні, на другім — жылыя і рэпрэзентацыйныя памяшканні: келлі ордэнскіх братоў, рэзідэнцыя магістра, памяшканні для сходаў, трапезная, капэла. У гэтыя памяшканні можна было патрапіць з адкрытай галерэі. Каля замка меліся маленькія квадратныя вежы з лесвіцамі[4].
Адноўлены ў 1497—1515 гг. замак меў выгляж чатырохвугольнага будынка з вуглавымі вежамі і манументальнасцю сваёй павіннен быў выклікаць перакананне ў сіле і магутнасці Ордэна. Вонкавае аблічча замка было строгае і суровае, замак стаў самым буйным замкам тыпу кастэль ва ўсходняй Прыбалтыцы. Гэты будаўнічы тып замкаў сфармаваўся ва Усходняй Прусіі ў замках Тэўтонскага ордэна і канчатковую завершанасць атрымаў у Прыбалтыцы, у прыватнасці, у Рыжскім замку. Амаль кубічны па форме будынак быў умацавана магутнымі круглымі вежамі Св. Духа і Свінцовай, размешчанымі ў процілеглых вуглах. Вежа Св. Духа, была раней адной з веж рыжскіх умацаванняў, пакуль напачатку XIV ст. магістр Ордэна не распарадзіўся прыбудаваць да яе замак, дэманструючы тым самым сваю ўладу над горадам Рыгай. Маюцца звесткі, што вежа ў тыя часы служыла маяком[4].
Замкавыя вокны былі апраўлены спічастымі аркамі, сцены трэцяга паверху, прызначанага для абароны, прарэзаны мноствам байніц. На першым паверсе размяшчаліся гаспадарчыя службы, на другім — пакоі магістра ордэна, дарміторыум (спачывальня братоў Ордэна) і капэла, якія мелі крыжовыя скляпенні. Да іх прылягаюць парадныя залы і трапезная, якія дасягаюць у вышыню 7 м і перакрытыя сотавымі (ячэістымі) скляпеннямі. Праезд у замак, перакрыты зорчатымі скляпеннемі, быў упрыгожаны рэльефнымі фігурамі магістра ордэна Вальтэра фон Плетэнберга і Мадонны з немаўлём (каля 1515 г.), у трактоўцы якіх адчуваецца ўплыў Рэнесансу. Выява Св. Дзевы Марыі лічыцца самай выразнай у мастацкім плане каменнай скульптурай таго часу ў Рызе[4].
У 1649 г. на месцы форбурга (перадзамка) у заходняй частцы замка быў пабудаваны новы двухпавярховы каменны корпус (архітэктар Ф. Штымер), акцэнтаваны вуглавым эркерам, пакрытым на ўсю сваю вышыню барэльефамі з храшчападобным дэкорам (кнорпельверк, праца нямецкага скульптара Даніэля Акермана) у стылі маньерызм з элементамі ранняга барока. Гэта быў самы першы эркер у архітэктуры Латвіі. Характэрная для маньерызму арнаментыка эркера мае сімвалы геральдыкі шведскага каралеўскага дому і дзяржавы. Напрыклад, у верхняй паласе рэльефаў маецца герб дынастыі Ваза — звязаны сноп у цэнтры кампазіцыі, па краях дапоўнены дзяржаўным гербам — трыма каронамі. На рэльефах ніжняй паласы намаляваны ўзброеныя вартаўнікі, партрэт Густава II Адольфа, і вельмі верагодна, што сярод кампазіцый іншых гратэскавых рэльефаў адна выява з'яўляецца партрэтам каралевы Крысціны, якая, паводле легенды, і распарадзілася пабудаваць гэты эркер[4].
На працягу стагоддзяў змяняліся і наваколлі замка. Напачатку XIV стагоддзі ён быў акружаны абарончым ровам. У XVI стагоддзі замак умацавалі земляным валам і бастыёнамі, а шведы пабудавалі на поўнач ад замка яшчэ адну крэпасць — цытадэль, аб'яднаўшы яе з замкам і бастыёнамі ў адзіную абарончую сістэму. У 1682 г. да замка з усходняга боку быў прыбудаваны доўгі будынак арсенала і пашырыраны форбург на паўночным захадзе. Пасля 1670 г. цытадэль была значна пашырана і ператварылася ў самастойную крэпасць. Пасля стварэння Цытадэлі напоўнены вадой замкавы роў быў засыпаны для стварэння «абарончай дыстанцыі». Плошча, якая ўтварылася пасля засыпання, і якую ўсё яшчэ называлі замкавым ровам, была прыдатная для забудовы. З ваенных меркаванняў тут, як і ў прадмесці, дазвалялася будаваць толькі драўляныя будынкі. Напачатку XVIII стагоддзя таксама былі засыпаны абарончыя равы паміж замкам і горадам[4].
Найбольш значныя перабудовы ў замку былі зроблены ў канцы XVIII і ў першай палове XIX стагоддзя. У 1783 г. знеслі пабудаваны шведамі арсенал і замест яго з боку цяперашняй плошчы Пілс, уздоўж паўночна-ўсходняй сцяны замка да 1785-87 гг. быў прыбудаваны трохпавярховы корпус (т.зв. Новы корпус) для патрэб губернскага кіравання, вытрыманы ў формах ранняга класіцызму (арх. П. І. Бок), а пазней, у XIX ст. быў дабудаваны і чацвёрты паверх. У гэтым корпусе знаходзіліся дзяржаўныя ўстановы губернскага кіравання. Падчас перабудоў былі падзелены прасторныя двухнефныя залы, зламаны некаторыя скляпеністыя перакрыцці, дзе-нідзе створаныпрамежкавыя паверхі. Новы корпус злучыў асноўны корпус з перадзамкавымі пабудовамі[4].
У XIX ст. неаднаразова перабудоўваўся і форбург, дзе размясцілі так званыя царскія пакоі і кватэру губернатара. У часы генерал-губернатара Аляксандра Суворава-Рымнікскага (1848—1861) у Рыжскім замку амаль цалкам быў рэалізаваны праект пецярбургскага архітэктара, акадэміка Гаральда Юліуса Босэ (1812—1894) па перабудове параднай лесвіцы, а таксама праведзена рэканструкцыя Белай залы[4].
Тэрыторыя каля замка, раней прарэзаная ровам, паступова засялялася рамеснікамі і іншым небагатым людам, якія будавалі сабе там невялікія драўляныя дамы. У 1783 г., адначасова з перабудовай замка, гэтыя дамы былі знесены і на іх месцы ўтворана прасторная плошча (цяпер плошча Пілс). За кароткі тэрмін вакол яе выраслі новыя грамадскія будынкі — імператарскі ліцэй і гасцініца «Пецярбург». У паўднёвай частцы плошчы, дзе раней знаходзіўся мост цераз роў, былі пабудаваны фарны касцёл, а таксама некалькі жылых дамоў. У такім выглядзе замак з плошчай увасаблялі дзяржаўную ўладу Расійскай імперыі.
Зноскі
- ↑ archINFORM — 1994. Праверана 30 ліпеня 2018.
- ↑ Latvijas Vēstnesis — Latvijas Vēstnesis, 1993. Праверана 18 лістапада 2017.
- ↑ archINFORM — 1994. Праверана 31 ліпеня 2018.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о Рижский замок — второй и третий замки Ордена
- ↑ Рижский замок Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Вязень Рыжскага замка
- ↑ V. Veilands «Latvija kabata’» R., 1995
- ↑ Прэзідэнт: пажар у Рыжскім замку — нацыянальнае бедства
- ↑ Рэзідэнцыя прэзідэнта Латвіі пацярпела ад пажару BBC; 21 чэрвеня 2013 г.]
- ↑ Пажар у Рыжскім замку: выгарэла 3200 квадратных метраў, пацярпеў пажарнік DELFI, 21 чэрвеня 2013
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рига: Энциклопедия = Enciklopēdija «Rīga» / Гл. ред. П. П. Еран. — 1-е изд.. — Рига: Главная редакция энциклопедий, 1989. — С. 627-628. — 60 000 экз. — ISBN 5-89960-002-0.
- Прибалтийские русские: история в памятниках культуры Архівавана 14 верасня 2013.. Рига: Институт европейских исследований, 2010. Ред. А. В. Гапоненко, 736 с. ISBN 978-9934-8113-2-6 — стр. 56-60
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рыжскі замак
- Гісторыя Рыжскага замка на сайце прэзідэнта Латвійскай рэспублікі Архівавана 25 лютага 2008.