Перайсці да зместу

Свята-Ільінская царква (Нарач, Мядзельскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Свята-Ільінская царква
Свята-Ільінская царква
Свята-Ільінская царква
54°56′09″ пн. ш. 26°41′22″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Нарач
Канфесія БПЦ
Епархія Маладзечанская епархія
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Ільінская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Нарач Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Інтэр’ер у часы Першай сусветнай вайны

У цэнтры вёскі. Акаймавана бутавай агароджай з цаглянай брамай. Пабудавана ў 1860-я гг. з бутавага каменю і цэглы. Да 1990-х гг. не дзейнічала.

Званіца

Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак чатырохчасткавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі: трох’ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацверыках), прамавугольная ў плане трапезная, кубападобны аб’ём малітоўнай залы, паўкруглая апсіда. На фоне бутавай муроўкі сцен вылучаюцца пабеленыя элементы архітэктурнага дэкору: лапаткі, кілепадобныя ліштвы арачных праёмаў. Прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, круглыя разеткі з крыжамі, «ізумрудны» руст. Шатровыя дахі званіцы і асноўнага аб’ёму завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі. Галоўны ўваход вырашаны магутным парталам з кілепадобнай аркай на 2 калонах, бакавыя прамавугольныя ўваходныя праёмы аформлены прафіляванымі арачнымі парталамі з круглымі разеткамі. Мастацкі эфект будынка ствараецца буйнамаштабнай бутавай муроўкай шэраружага колеру з запаўненнем вапнавых швоў дробнымі каменчыкамі, а таксама спалучэннем гэтакай паліхроміі з атынкаванымі элементамі архітэктурнага дэкору.

Інтэр’ер

Унутры памяшканні храма аб’яднаны ў агульную прастору шырокімі арачнымі прасветамі. Мастацкім акцэнтам інтэр'ера з’яўляецца драўляны разны двух’ярусны іканастас — твор народнага прыкладнога мастацтва мяжы 19 — 20 ст. У скразную арнаментальную разьбу царскіх варот укампанаваны абразы-тонды евангелістаў.

Зноскі

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4