Спартак
Спартак | |
---|---|
Spartacus | |
| |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | красавік 71 да н.э.[2] |
Месца смерці | Поле бітвы да захаду ад Петэліі (сучасны Странголі) |
Бацька | невядома |
Маці | невядома |
Званне | гладыятар, правадыр арміі рабоў |
Бітвы/войны | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Спартак (лац.: Spartacus; год нараджэння дакладна невядомы (каля 110 да н.э.), Фракія — 71 да н.э., каля ракі Сілары, Апулія) — рымскі раб-гладыятар, узначаліў паўстанне на тэрыторыі сучаснай Італіі ў перыяд 74 да н.э. — 71 да н.э. Яго армія, якая складалася з гладыятараў-уцекачоў і рабоў, разбіла ў шэрагу бітваў некалькі рымскіх легіёнаў. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю як Паўстанне Спартака, трэцяе па часе найбуйнейшае паўстанне рабоў у Рыме пасля двух сіцылійскіх паўстанняў.
Паўстанне рабоў
[правіць | правіць зыходнік]Пачатак паўстання
[правіць | правіць зыходнік]У 74 г. да н.э. Спартак і каля 200 яго паслядоўнікаў паднялі паўстанне. Захапіўшы нажы на кухні школы гладыятараў і зброю ў яе арсеналах, паўстанцы беглі да Везувія каля Неапаля. Там да іх далучыліся рабы з суседніх плантацый і іншых гладыятарскіх школ. Група рабавала і руйнавала акругу, хоць Спартак, верагодна, прыкладаў усе высілкі, каб уціхамірыць іх. Яго найбліжэйшымі памочнікамі сталі гладыятары з Галіі Крыкс, Гай Ганік і Эномай. З часам колькасць паўстанцаў папаўнялася новымі беглымі рабамі, пакуль, па некаторых сцвярджэннях, памер арміі не дасягнуў 1000 (па іншых падліках толькі 100). Паводле даных італьянскага пісьменніка Рафаэла Джаваньёлі, які вельмі падрабязна апісаў структуру арміі рабоў і імёны камандзіраў кожнага яе падраздзялення, у перыяды найбольшага размаху паўстання армія Спартака дасягала 80000 або трохі больш чалавек.
Прычынай поспеху паўстання Спартака было тое, што Рым у гэты перыяд вёў тры цяжкія вайны на двух процілеглых канцах свету — у Іспаніі, Фракіі і Малой Азіі. У Іспаніі ішла барацьба з Квінтам Серторыем; у гэтай ваеннай кампаніі камандаваў Гней Пампей Вялікі. У Малой Азіі рымляне ваявалі з усходнім кіраўніком Мітрыдатам. У ролі галоўнакамандуючага выступаў рымскі вайскавод Луцый Ліцыній Лукул. На Балканах рымляне сканчалі акупацыю Фракіі пад камандаваннем Марка Лукула.
На момант пачатку паўстання ў Рыме, і наогул ва ўсёй Італіі, не было ніводнага дзеючага баяздольнага легіёна. Таму Спартак са сваёй дрэнна экіпіяванай арміяй гладыятараў і рабоў стаў сапраўды вельмі сур'ёзнай пагрозай Рыму. Сенат Рыма меў толькі навабранцаў, набраных спехам рэкрутаў, якія былі лёгкай мішэнню для арміі паўстанцаў. Перавышэнне агульнай колькасці ўсіх рабоў над колькасцю ўсіх свабодных грамадзян Рыма, было такім вялікім, што рабіла ўсеагульнае паўстанне рабоў сур'ёзнай пагрозай рэспубліцы.
Сенат, не надаўшы значэння паўстанню, адправіў прэтара Клаўдзія Глабра (па іншай версіі яго намен быў Клодзій; прэнамен невядомы) усяго толькі з 300 нявопытных рэкрутаў, нядаўна набраных у армію. Яны перакрылі шляхі, якія ішлі ад Везувія, але Спартак са сваімі людзьмі, выкарыстаўшы вяроўкі з вінаграднай лазы, спусціўся па іншым стромкім схіле вулкана, зайшоў да ўрадавых атрадаў з тылу і прымусіў іх да ўцёкаў. Флор высоўвае версію, што паўстанцы спусціліся ў жарало Везувія і выйшлі на схіл праз скразны ход.
Ваенныя поспехі
[правіць | правіць зыходнік]Армія Спартака разбіла яшчэ два рымскія легіёны, адпраўленыя для яе знішчэння перад тым, як устаць на зімовыя кватэры. У лагеры Спартака былі не толькі здольныя насіць зброю мужчыны, але і жанчыны, дзеці, старыя людзі. Увесну яны рушылі на поўнач, у Галію. Сенат адправіў супраць іх двух консулаў (Луцыя Гелія Публіколу і Гнея Карнелія Лентула Кладзіяна), кожнага з двума легіёнамі. Больш за 10000 германцаў на чале з Крыксам, якія адлучыліся ад асноўнага войска з-за рознагалоссяў са Спартаком, былі разгромлены прэтарам Квінтам Арыем каля гары Гаргана ў Апуліі. Крыкс пры гэтым загінуў[3]. Аднак Спартаку ўдалося перамагчы спачатку Лентула, а затым і Гелія. Дасягнуўшы Муціны (суч. Модэна), ён разбіў легіён Гая Касія Лонгіна, кіраўніка Цызальпійскай Галіі.
Рашэнне застацца ў Італіі
[правіць | правіць зыходнік]Спартак, відавочна, хацеў вывесці сваю армію ў Галію, а, магчыма, і Іспанію, каб злучыцца з мяцежнікам Квінтам Серторыем. Аднак ён змяніў сваё рашэнне, верагодна, у сувязі з забойствам Серторыя, або пад ціскам паплечнікаў, якія жадалі рашучых дзеянняў супраць Рыма. Існуе меркаванне, што частка яго паслядоўнікаў, якія не ўдзельнічалі ў баях (каля 10 000), усё ж перасеклі Альпы і вярнуліся дамоў.
Пасля адпачынку армія Спартака рушыла на поўдзень і разбіла яшчэ два легіёны Марка Ліцынія Краса, найбагацейшага ў той час рымляніна. На зыходзе 72 да н.э. Спартак дабраўся да Рэгіума (суч. Рэджа-дзі-Калабрыя) на Месінскім праліве. Ён дамовіўся з кілікійскімі піратамі даставіць яго з людзьмі ў Сіцылію, а тым часам 8 легіёнаў Краса перакрылі яму выхад з Калабрыі, вырыўшы роў і пабудаваўшы ўмацаванні ад мора да мора. Сенат адклікаў у Італію Гнея Пампея з Іспаніі і Марка Лукула з Фракіі.
Піраты ашукалі Спартака. Ён прарваў умацаванні Краса і рушыў да Брундзізія (суч. Брындзізі), аднак Крас нагнаў яго на мяжы Апуліі і Луканіі. У баі паўстанцы былі разбіты, а Спартак неўзабаве меркавана загінуў у ракі Сілары. Паводле адной з літаратурных крыніц, Спартак быў забіты салдатам з Пампеяў па імі Фелікс, які ўжо пасля вайны на сцяне свайго дому ў Пампеях выклаў мазаікай выяву свайго бою са Спартаком.
Пасля бітвы рымляне знайшлі 3000 цэлых палонных легіянераў у лагеры пераможаных. Цела Спартака, аднак, так і не знайшлі.
Прыкладна 6000 захопленых рабоў былі раскрыжаваны ўздоўж Апіевай дарогі ад Капуі да Рыма. Крас так і не аддаў загаду зняць целы з крыжоў, яны віселі на іх гадамі, а, магчыма, дзесяцігоддзямі (Крас быў забіты парфянамі каля крэпасці Сенака праз 18 гадоў пасля разгрому Спартака).
Каля 5000 рабоў з арміі Спартака бегла на поўнач. Пазней частку з іх разбіў Гней Пампей, дзякуючы чаму атрымаў лаўры вайскавода, які скончыў гэту вайну.
Зноскі
- ↑ https://www.ne.se/uppslagsverk/encyklopedi/l%C3%A5ng/spartacus
- ↑ https://warfarehistorynetwork.com/article/spartacus-freedom-by-the-sword/
- ↑ Ковалев С. И. История Рима. Новое издание, исправленное и дополненное / Под ред. проф. Э. Д. Фролова. — СПб.: ООО «Издательство «Полигон», 2002. — С. 478. — 864 с. — ISBN 5-89173-171-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Spartacus
- Spartacus' Revolt Архівавана 6 лютага 2006. Артыкул і ўрыўкі з сачыненняў рымскіх гісторыкаў (англ.).
- Spartacus Архівавана 17 мая 2016. Артыкул і поўныя тэксты сачыненняў грэчаскіх і рымскіх гісторыкаў (англ.).
- Апісанне бітваў з Красам Архівавана 17 лютага 2006.