Станіслаў Іваноўскі
Станіслаў Іваноўскі | |
---|---|
польск.: Stanisław Iwanowski | |
Род дзейнасці | ваенны, мемуарыст |
Дата нараджэння | 27 лістапада 1886 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | пасля 1939 |
Грамадзянства | |
Бацька | Леанард Іваноўскі |
Маці | Ядвіга з Райхеляў[d] |
Дзеці | Казімір Іваноўскі |
Станіслаў Івано́ўскі (польск.: Stanisław Iwanowski; 27 лістапада 1886, Лябёдка (цяпер у межах в. Галавічполе, Шчучынскі раён) — пасля 1939) — польскі вайсковы дзеяч, аўтар успамінаў.
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Самы малодшы з дзяцей гаспадарчага дзеяча Расійскай імперыі, уладальніка маёнтка Лябёдка на Гарадзеншчыне Леанарда Іваноўскага і Ядвігі з Райхеляў, брат Ежы, Вацлава, Тадэвуша і Алены Іваноўскіх.
У 1918-19 гадах удзельнік Самаабароны Літвы і Беларусі на Лідчыне і Гарадзеншчыне. Пад канец Першай сусветнай вайны, у кастрычніку 1918 года вярнуўся з Расіі і з групай асоб у Лідзе ўдзельнічаў у стварэнні грамадскай арганізацыі, якая магла б пераняць уладу з рук немцаў. У пачатку лістапада 1918 года адзін з ініцыятараў стварэння Народнай рады Лідскай зямлі як прадстаўнічага органа польскага мясцовага насельніцтва.
Беларускі палітычы дзеяч Антон Луцкевіч у студзені 1919 года запісаў у сваім дзённіку пра гутарку са Станіславам Іваноўскім, што з боку апошняга «годнай увагі была толькі заява, што цяпер усе палякі маюць адну супольную ідэю: за ўсялякую цану далучыцца да Польшчы. „Краёвая ідэя“, — сказаў ён, — „магла б мець вагу толькі тады, калі б за ёй стаялі некалькі корпусаў войска. А цяпер мы аб ёй забыліся“.»
Ад пачатку 1919 года Станіслаў Іваноўскі асеў у Гродне, дзе заняў пасаду камісара польскага ўрада па Гродзенскай акрузе, не зважаючы на пратэсты літоўскіх і беларускіх урадаў. У лютым С. Іваноўскі паставіў сваёй мэтай ліквідацыю беларускага войска, дамагаючыся тым самым, каб улада Літвы не распаўсюдзілася на Гродна. Адразу рэалізаваць свае планы яму не ўдалося, хоць ён здолеў перацягнуць на польскі бок адзін батальён (каля 500 чал.), які быў затым далучаны да Ковенскага палка стральцоў Літоўска-беларускай дывізіі. Рэшта беларускіх падраздзяленняў засталася ў горадзе, не паддаўшыся агітацыі.
З’яўляўся арганізатарам адпраўкі ў Варшаву дэлегацыі К. Цвіркі-Гадыцкага, якая ў канцы сакавіка 1919 года склала на імя польскага прэм’ер-міністра І. Падарэўскага адозву з рэзалюцыяй нібыта праведзенага Беларускага краёвага з’езда, у якой сцвярджалася, што «існаванне самастойнай Беларускай дзяржавы немагчыма», таму Беларусь «у сваіх этнаграфічных межах» павінна была ўвайсці ў «сціслы звязак з Польскай Рэччу Паспалітай». Калі звесткі пра гэта дайшлі да Гародні, В. Захарка ў ноце ад імя Рады міністраў БНР апратэставаў заяву «беларускай» дэлегацыі. Калі ж К. Цвірка-Гадыцкі зноў з’явіўся ў горадзе, на загад К. Езавітава ён быў арыштаваны і адпраўлены ў мясцовую турму. Улічваючы палітычны рэзананс, С. Іваноўскі атрымаў ад Генеральнага штаба загад выпусціць К. Цвірку-Гадыцкага на волю. Калі вязня пад вартай эскадрона беларускіх гусар везлі з турмы на чыгуначны вакзал, на іх напаў атрад «Польскай арганізацыі вайсковай». Завязалася кароткая перастрэлка, падчас якой быў забіты адзін з нападнікаў. Аднак адбіць К. Цвірку-Гадыцкага не атрымалася. Паводле ўласных успамінаў, скарыстаўшыся замяшаннем, С. Іваноўскі паехаў да нямецкага каменданта, палкоўніка Лавенфілда і заявіў яму, што ўся віна за інцыдэнт ляжыць на беларусах і выказаў пажаданне, каб больш не было страляніны, якая пагражае жыццю нямецкіх жаўнераў у горадзе.
Пасля адыходу з Гродна нямецкіх войск 27 красавіка 1919 штурмавыя аддзелы Польскай вайсковай арганізацыі без бою авалодалі галоўнымі аб’ектамі горада, раззброілі беларускі конны эскадрон.
Калі настала мірнае жыццё, Станіслаў Іваноўскі стварыў адвакацкую кантору ў Вільні, адначасова гаспадарачы ў Лябёдцы.
Станіслаў Іваноўскі быў апошнім уладальнікам радавой сядзібы Лябёдка да верасня 1939 года[1]. Яго сын, Казімір Іваноўскі (нар. 1922), выдаў у 1995 годзе кнігу ўспамінаў.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Samoobrona w Lidzie i Grodnie w 1918—1919 / Iwanowski Stanisław // Zeszyty Historyczne. 1995. № 113. S.110-113.
Зноскі
- ↑ pamiecdlapokolen.pl(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2019. Праверана 4 жніўня 2019.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі / пер. з польскай. — Мінск, 2006.
- Чарнякевіч А. Нараджэнне беларускай Гародні: З гісторыі нацыянальнага руху 1909—1939 гадоў. — Мінск, 2015.
- Лаўрэш Л. Гротэ дэ Буко ва ўспамінах Станіслава Іваноўскага // Лідскі летапісец. № 4 (84). 2018.
- Łatyszonek O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923 / Białoruskie Towarzystwo Historyczne. — Białystok, 1995. ISBN 83-903068-5-9
- Iwanowski K. Wspomnienia z kresowej młodości. — TMW i ZW: Oddział w Bydgoszczy, 1995.