Дзям’янкаўская сядзіба
Сядзіба | |
Дзям’янкаўская сядзіба | |
---|---|
| |
52°31′45″ пн. ш. 31°28′18″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Дзям’янкі |
Архітэктурны стыль | псеўдарускі стыль |
Заснавальнік | Мікалай Мікалаевіч Герард[d] |
Будаўніцтва | XIX—XX стагоддзі |
Дзям’янкаўская сядзіба — сядзіба ў в. Дзям’янкі, Добрушскі раён, Гомельская вобласць. Пабудавана ў канцы XIX — пачатку XX ст.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Сядзібны дом і парк закладзены ў другой палове XIX стагоддзя ў маёнтку Герардаў. Двухпавярховы будынак складанай асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны развітай уваходнай часткай з высокім ганкам і стылізаваным порцікам на 2 калонках. Сцены 1-га паверха гарызантальна руставаны, прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах. На 2-м паверсе вокны паўцыркульныя, у прасценках — філёнгавыя лапаткі. Бакавыя і дваровы фасады асіметрычныя. Аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю будынка ўзбагачаюць вуглавы паўкруглы эркер, вялікая тэраса, дзве прыбудоўкі да дваравога і бакавога фасадаў.
Парк займае параўнальна высокі ўзгорак са стромкім, тэрасападобным схілам, рассечаны папярочным ярам, і нізіну ў яго падставы. Разам з садам плошча каля 7 га. Вялікую дэкаратыўную ролю мае масіўны чатырохарачны каменны мост. Яго праезная частка шырынёй 7 м аформлена дзвюма невялікімі агароджамі тыпу балюстрад. Уезд на мост фіксаваны адзінкавымі ліпамі.
Уздоўж грэбня схілу размешчаны сядзібны дом, пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX ст. за старым будынкам ужо пасля закладкі парку. Ад дома адкрываецца маляўнічая панарама на атачальную тэрыторыю. Блізкі план перспектывы ўтвараў вадаём, створаны каля падножжа тэрасы (спушчаны). Удалечыні за сядзібай віднеецца рэчышча р. Іпуць. Пейзажны парк пабіты з двух бакоў яра і каля сядзібнага дома. У сувязі з будаўніцтвам будынка школы ад яго захаваліся толькі невялікія фрагменты і адзінкавыя экзоты: хвоя чорная, конскі каштан, рабіннік. У апошнія гады ўпаў клён вастралісты Шведлера. Верхні парк з ніжнім быў злучаны ўсходамі па стромкім схіле ўзгорка. Ніжні парк займаў плоскую нізіну з сажалкай і двума вузкімі каналамі. Ад старых насаджэнняў тут захаваліся асобныя буйныя дрэвы вярбы белай. Паўночная яго частка пераўвільготнена і занята алешнікам. У ахоўным абсаджванні па перыметры выкарыстоўваўся ясень звычайны. З трох бакоў тэрыторыя парку мае схілы рознай крутасці. Паўднёва-ўсходні схіл найбольш стромкі вышынёй больш 10 м, з’яўляецца, мабыць, часткай старажытнай тэрасы. Схілы добра замацаваны, маюць важнае дэкаратыўнае і кампазіцыйнае значэнне. На галоўным схіле — разрэджаны дрэвастой дуба. У другім ярусе атрымала распаўсюджанне белая акацыя, у падлеску — адзінкава ірга каласістая.
Парк мае агароджу, добра захаваўся ў ранейшых межах. Ён не вылучаецца памерамі, маляўнічасцю і якасцю насаджэнняў, але мае маляўнічыя перспектывы і формы рэльефу[1].
Зноскі
- ↑ Звесткі аб гісторыка-культурных каштоўнасцях Архівавана 16 лістапада 2019.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Дзям’янкаўская сядзіба на сайце «Архіварта»