Дрозд-піскун

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рабіннік)
Дрозд-піскун
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Turdus pilaris Linnaeus, 1758

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  179766
NCBI  357736
FW  365960

Дрозд-піскун, Дрозд-рабіннік ці Рабі́ннік (Turdus pilaris) — пеўчая птушка сямейства драздовых атраду вераб'інападобных.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня цела 12—18 см, маса 100—210 г. Галава і надхвосце папялістыя, спіна карычняватая, хвост чорна-буры. Бураватыя грудзі з мноствам цёмных рысак. Маладыя зверху аднатонна карычневыя. Голас: спеў зусім іншы, чым у астатніх драздоў — рыплівыя гукі і піскі, часта ў палёце. Асцерагае рэзкім «чак, чак, тррр», позыў «трр-тр-тртррр», у палёце — «сіі».

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Дрозд-рабіннік у Севастопальскім парку Мінска.

Пашыраны ў Еўразіі. Арэал: Паўночная і Цэнтральна-Усходняя Еўропа і Сібір да р. Алдан, на поўдні да Паўночнага Казахстана і воз. Байкал. У Беларусі пералётны від; у паўднёвых і цэнтральных раёнах часткова зімуе, асабліва ў гады, ураджайныя на ягады рабіны. Прылятае ў першай палове красавіка, адлятае ў кастрычніку.

Насяляе лясы з перавагай вольхаў і ясеню, а таксама групы прырэчных высокіх дрэў, акрамя таго, ускрайкі вільготных лясоў паблізу палёў і рачных далін; радзей — старыя паркі або групы елак пасярод лугоў, групы кустоў і дрэў сярод палёў, гарады і вёскі. У тундры залятае на поўнач ад межаў лясоў. У Скандынавіі даходзіць нават вышэй за 1000 м над у.м., займае скалістыя месцы, ахвотна на тэрыторыях з кустамі і ядлоўцам.

Месца зімовак у межах гнездавога арэала, а таксама Каўказ, Малая Азія, Блізкі Усход, раён Персідскага заліва, Паўночная Афрыка.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Дрозд-рабіннік перад акном у Наваполацку.

Корміцца ягадамі рабіны, маліны, каліны, ажыны.

Гняздо адзіночнае або ў рэдкай калоніі; ладзіць яго на бакавой галіне высокага дрэва, над зямлёй, на зямлі або ў паглыбленні сярод скал. Знешняя частка з сухіх лістоў і травы, карэньчыкаў, унутраная — з гліны, глею і прымесі пяску. Высцілка з сухой травы і нешматлікіх карэньчыкаў. Дыяметр 15-20 см.

Яйкі (звычайна 5-6, зрэдку 3-7) з даволі выразна завостраным вузейшым канцом, светла-блакітныя або блакітнавата-зялёныя; з вельмі дробнымі чырвона-карычневымі ці ржавымі плямкамі, згушчанымі на шырэйшым канцы. Памеры: 28,5 х 21,0 мм. Адкладвае двойчы за год.

У кулінарыі[правіць | правіць зыходнік]

Даўней масава лавілі сіламі. Мяса лічыцца самым смачным ўвосень, калі птушкі сілкуюцца пераважна «ягадамі» ядлоўцу і набываюць спецыфічны смак і водар, якія раней высока цаніліся шляхецкімі гурманамі (польская назва — kwiczoły). Кнігі XIX ст. змяшчалі парады, як карміць куранят ядлоўцам такім чынам, каб яны набылі смак рабінніка.

Найлепш смакуюць печанымі, з укладзенымі ў брушную поласць птушкі кавалкамі масла, змяшанага са здробненымі «ягадамі» ядлоўцу. Падавалі таксама халоднымі ў жэле. На зіму рабіннікаў кансервавалі (пасля папярэдняга запякання) гэтаксама як іншых дробных птушак — рабчыкаў, бакасаў, амялушак, перапёлак, вымаючы грудныя косткі разам з вантробамі праз спіну, і начыняючы фаршам з працёртай булкі і сала.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]