Перайсці да зместу

Першы Усебеларускі з’езд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Усебеларускі з'езд 1917)
Будынак Мінскага гарадскога тэатра, у якім адбываўся І Усебеларускі з’езд

Пе́ршы Усебелару́скі з’езд, або Пе́ршы Усебелару́скі кангрэ́с — прадстаўнічы сход беларускага народа.

Быў скліканы Вялікай Беларускай Радай. Пачаўся з 18 снежня (5 снежня ст.ст.) 1917 года ў Мінску. З’езд сабраў шмат беларускіх палітычных дзеячаў (пераважна — сацыялістычнай арыентацыі) ад усіх населеных беларусамі губерняў.

Падрыхтоўка склікання

[правіць | правіць зыходнік]

Думка пра скліканне агульнакраёвага сходу цыркулявала ў мясцовых арганізацыях самай рознай палітычнай накіраванасці яшчэ з вясны 1917 года[1]. На дэмакратычнай нарадзе, якая адбылася ў Маскве ў верасні 1917 года, беларускія прадстаўнікі афіцыйна заявілі аб намеры склікаць свой Беларускі ўстаноўчы сход. Аб гэтым гаварылася таксама на другой сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (ЦРБА) 17 кастрычніка, што ўскосна пацвярджаецца пісьмом І. Варонкі да членаў Вялікай беларускай рады (ВБР) Я. Дылы, С. Рак-Міхайлоўскага, А. Прушынскага, І. Дварчаніна, Я. Мамонькі і іншых ад 26 лістапада 1917 года[2].

З’езд здолеў адбыцца і быць такім прадстаўнічым менавіта таму, што бальшавіцкае цэнтральнае кіраўніцтва, а дакладней — асабіста Уладзімір Ленін і Іосіф Сталін, падтрымала яго правядзенне ў Мінску[3]: у Маскве бальшавіцкі Народны камісарыят па нацыянальных справах, якім тады кіраваў бальшавік Іосіф Сталін, даў згоду і фінансавую падтрымку на правядзенне беларускага з’езду ў Мінску[4]. Паводле даследчыцы Дароты Міхалюк, грошы былі выдзелены Беларускаму абласному камітэту (БАК) для правядзення з’езда ў Рагачове, што планаваўся як канкурэнцыя з’езду ў Мінску. Вялікая беларуская рада (ВБР), якая рыхтавала менскі з’езд, не ўзгадвалася ў лісце віцэ-старшыні БАК Караткевіча да Сталіна з просьбай аб згодзе і фінансавай дапамозе. Пазней у выніку перамоў паміж БАК і ВБР, БАК адмовіўся ад ідэі рагачоўскага з’езда і далучыўся да з’езда ў Мінску[5].

У першай палове лістапада (дакладная дата невядома) была выдадзена адозва «Да ўсяго народа беларускага» выканкомаў Вялікай беларускай рады, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, а таксама Беларускага выканкома Заходняга фронту. Адозва завяршалася заклікам прысылаць 5 снежня 1917 года дэлегатаў у Мінск на Усебеларускі з’езд[6].

Гэтая картка, якую знайшлі падчас рэстаўрацыі Купалаўскага тэатра, магчыма, служыла пропускам на з’езд.[7]

Да 27 (14) снежня было зарэгістравана каля 1800 дэлегатаў (пераважна настаўнікі, ваенныя, чыноўнікі). Колькасць удзельнікаў не была пастаяннай. На І Усебеларускім з’ездзе прысутнічала 1872 дэлегаты, з якіх 1167 з правам рашаючага голаса. На з’ездзе былі прадстаўлены не ўсе слаі беларускага насельніцтва — цалкам адсутнічалі прадстаўнікі ад буржуазіі (сярэдніх і буйных маянткоўцаў, сярэдніх і буйных акцыянераў, прадпрымальнікаў-прамыслоўцаў і фінансістаў-банкіраў). З грамадскіх і палітычных груповак на з’ездзе выявіліся наступныя: зямляцтвы (беспартыйныя) — магілёўскае, мінскае, віцебскае, смаленскае, віленскае, гродзенскае (г. зн. ад усіх беларускіх губерняў); фракцыі сацыялістычных партый: эсэраў правых і левых, сацыял-дэмакратаў (бальшавікоў, меншавікоў і інтэрнацыялістаў), Беларускай Сацыялістычнай Грамады і анархістаў; прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, такіх як земства, гарадскія самакіраванні, зямельныя камітэты, прафсаюзы, настаўніцкія аб’яднанні, ваенныя беларускія рады, бежанскія камітэты. Запрашаліся таксама і прадстаўнікі розных Саветаў. Па саслоўнай прыкмеце з’езд быў пераважна сялянскім, а па эканамічным поглядам — сацыялістычным.

З’езд быў дастаткова палярызаваны. Пад час яго разгарнулася вострая барацьба паміж «радаўцамі» (прыхільнікамі Вялікай Беларускай рады і Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады ў Мінску). Радаўцы былі гатовы да адносна рашучых крокаў па стварэнні беларускай дзяржаўнасці, тады як «абласнікі» (прыхільнікі Беларускага абласнога камітэта ў Петраградзе) арыентаваліся толькі на цесную палітычную сувязь Беларусі з Расіяй. Гэтыя погляды выявіліся ў поглядах удзельнікаў з’езда на беларускую мову. Адзін з яго дэлегатаў пазней узгадваў такі момант:

«Прыпамінаю сабе адзін факт з Усебеларускага з’езду. Калі нейкі дэлегат пачаў гаварыць прамову чыста па-беларуску, то выступіў з задніх радоў адзін маскальскага духу чалавек і, дражнячы беларускую гаворку, пачаў пытацца ў таго дэлегата, што значаць такія словы, як працаваць, жыта і г.д. Дык ці паверыце, усе дэлегаты, колькі іх было, асабліва ваенныя, так азверыліся на таго маскаля, што зала аж загудзела ад гоману.
Скуль ты прыехаў, — крычалі адны, — што не знаеш нашай мовы?
Тут з’езд не маскоўскі, а беларускі, — крычалі другія.
Вон яго, — крычалі трэція.»[8]

З’езд абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду. Падчас паседжання назіралася розніца ў палітычных поглядах паміж дэлегатамі ад БСГ і т. зв. «абласнікамі», якія прадстаўлялі галоўным чынам рэгіёны Усходняй Беларусі. Была абрана Рада Кангрэсу, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік розных палітычных партый, а таксама Выканаўчы камітэт Рады Кангрэсу.

Пасля доўгіх дыскусій у ноч з 30 (17) па 31 (18) снежня 1917 года быў прыняты першы пункт агульнай рэзалюцыі: «Першы Усебеларускі З’езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць з свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем». Усебеларускі з’езд ніколі патрабаванняў незалежнасці Беларусі не агучваў[9]. Дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю, у якой прызнаюць савецкую ўладу ў Беларусі, а таксама рашэнне аб усталяванні ў Беларусі рэспубліканскага ладу, прызнавалі цэнтральны ўрад бальшавікоў у Маскве і не прызнавалі Аблвыкамзах як структуру франтавога паходжання[10].

Мясцовыя бальшавікі ў Мінску пільна сачылі за ўсім, што адбываецца на з’ездзе, да часу не перашкаджалі яму. Аднак як толькі дэлегаты пераадолелі разыходжанні і здолелі прыняць першы пункт рэзалюцыі і гэтым паставілі па-за законам мясцовую бальшавіцкую ўладу (але не цэнтральную бальшавіцкую ўладу), 17 снежня 1917 г. у Мінску будынак, у якім праходзіў кангрэс, быў акружаны бальшавіцкімі атрадамі, а дэлегаты былі разагнаныя. З’езд разагналі мясцовыя бальшавікі Заходняга фронту, бо не жадалі дзяліцца ўладай з прадстаўнікамі беларускага народу[11]. Такім чынам, з’езд зрабіў спробу ўсталяваць беларускую савецкую ўладу, абмінаючы бальшавіцкі Выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах)[12].

Пасля разгону

[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі абранай Усебеларускім з’ездам Рады сышлі ў глыбокае падполле. Прытулак ім далі чыгуначнікі, першае пасля разгону паседжанне Рады адбылося ўжо наступнай раніцай у чыгуначным дэпо Лібава-Роменскай чыгункі. Пасля вызвалення з-пад арышту сяброў Рады з’езду (бальшавікі пратрымалі іх у сябе толькі адну ноч) яны пачалі з’яўляцца на патаемных пасяджэньнях Рады, якая засядала часта ў розных месцах гораду. На адным з гэткіх пасяджэнняў быў выбраны Выканаўчы камітэт Рады з’езду з 17 чалавек на чале з журналістам Язэпам Варонкам. Пазней гэтыя структуры адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.

Разгон Усебеларускага з’езду абмяркоўваўся на нямецка-бальшавіцкіх мірных перамовах у Брэсце ў студзені 1918. За беларусаў заступіўся і згадаў пра разгон нямецкі генэрал Макс Гофман. На што яго апанент Леў Троцкі заявіў, што Усебеларускі з’езд складаўся з буйных земляўласнікаў і спрабаваў скасаваць права працоўнага народу на зямлю, а таму быў разагнаны «беларускімі, украінскімі і велікарускімі войскамі».

Як паказаў гісторык В. Гігін, разгон з’езду быў самавольствам мясцовых бальшавікоў — А. Мяснікова, В. Кнорына і К. Ландэра — іх пазіцыю, рэзка раскрытыкавалі ў Петраградзе, запатрабавалі правесці новы з’езд. Натуральна, што крытыка гэтая зыходзіла з падачы тых беларускіх дзеячаў, якія самі былі ўдзельнікамі Усебеларускага з’езда[13]. 31 студзеня 1918 г. паводле дэкрэта Уладзіміра Леніна ў Народным камісарыяце па нацыянальных справах, якім кіраваў Іосіф Сталін, стварылі ў Петраградзе Беларускі нацыянальны камісарыят, які адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасці[14].

Гісторык і палітык Ігар Марзалюк лічыць: «Легітымным пераемнікам і прадаўжальнікам ідэй Усебеларускага з’езда быў Белнацкам. Ад пачатку 1918 года ў беларускім руху існавалі і сапернічалі дзве плыні — „белнацкамаўцы“ і „бэнээраўцы“»[15]. Ігар Марзалюк таксама дадае: «Кожная з гэтых плыняў адмаўляла іншую, абвінавачваючы ў здрадзе беларускай справе і беларускаму народу. Аб’ектыўна ж — і тыя, і другія працавалі на карысць Беларусі, імкнуліся да стварэння беларускай дзяржаўнасці. Дарэчы, і тыя, і другія былі прадстаўнікамі розных партый сацыялістычнага кірунку»[16].

Гісторык Сяргей Траццяк сцвярджае, што 1-ы Усебеларускі з’езд не прымаў рашэнне аб стварэнні незалежнай беларускай дзяржавы і што з’езд бежанцаў з Беларусі, які быў скліканы летам 1918 г. у Маскве па рашэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята і беларускімі камуністычнымі секцыямі, быў па сутнасці быў працягам 1-га Усебеларускага з’езда: ён прыняў тыя рэзалюцыі, якія на 1-м з’ездзе прыняць не паспелі (аб вывадзе ўсіх замежных войскаў з тэрыторыі Беларусі, аб стварэнні беларускіх узброеных сіл, аб самавызначэнні Беларусі шляхам рэферэндуму, які меркавалася правесці пасля вываду іншаземных войскаў і інш.)[17]. Сяргей Траццяк дадае, што 30 снежня 1918 г. у Смаленску збіраецца 6-я паўночна-заходняя канферэнцыя расійскай кампартыі бальшавікоў, якая абвяшчае сябе 1-м з’ездам Камуністычнай партыі Беларусі і прымае рашэнне аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь (ССРБ), карані якой таксама там, у 1-м Усебеларускім з’ездзе[18].

У снежні 2017 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў ролю Усебеларускага з’езда ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці:

" Падзеі 1917 года спрыялі імкненню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэння Беларусі, якая ішла знізу, ад ініцыятывы народных мас, выразілася ў скліканні I Усебеларускага з'езда. Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасці, значныя для нас і да цяперашняга дня: сваю дзяржаву, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідары могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасці.[19] "
  • У снежні 1917 году ў газеце «Белорусская рада» апублікаваны вітальны рускамоўны верш «1-му Общебелорусскому Съезду» за подписам «Аркадий Липовик (Арнали)».[20]
  1. Рудовіч, С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе / Станіслаў Рудовіч; Ін-т гісторыі НАН Беларусі. — Мн.: Тэхналогія, 2001. — 200, [1] с. — С. 167. — ISBN 985-458-001-6.
  2. Ладысеў, У. Ф. Першы Усебеларускі з’езд 1917 г. і яго наступствы / У. Ф. Ладысеў // Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці: XX стагоддзе / М. П. Касцюк, У. Ф. Ладысеў, В. М. Жук [і інш.]; Рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мн.: Беларуская навука, 2008. — 615 с. — С. 70. — ISBN 978-985-08-0999-5. [Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 325. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 91.]
  3. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2018. Праверана 4 сакавіка 2018.
  4. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С.148.
  5. Міхалюк 2015, с. 156
  6. Турук, Ф. Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов: С приложением образцов белорусской нелегальной литературы, важнейших документов белорусских политических партий и национальных организаций и этнографической карты белорусского племени, сост. Е. Ф. Карским / Предисл. А. Кавки. — Б.м., 1994 (Мн.:Картогр.ф-ка Белгеодезии). — 144 с. + 1 л. карт. — С. 97—100.
  7. На АНТ расказалі пра Першы Усебеларускі з’езд, але абрэзалі бела-чырвона-белы сцяг ФОТАФАКТ
  8. Станіслаў Рудовіч. Рух за беларускую дзяржаўнасць і праблема грамадзянскага статуса беларускай мовы ў 1915-1918 гадах(недаступная спасылка). часопіс «Край». Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» (4 лістапада 2002). Архівавана з першакрыніцы 4 ліпеня 2008. Праверана 31 студзеня 2013.
  9. У газеце «Звязда» адбыўся «круглы стол» аб БНР
  10. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2018. Праверана 4 сакавіка 2018.
  11. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2018. Праверана 4 сакавіка 2018.
  12. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С.148.
  13. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2018. Праверана 4 сакавіка 2018.
  14. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2018. Праверана 4 сакавіка 2018.
  15. У газеце «Звязда» адбыўся «круглы стол» аб БНР
  16. Ігар Марзалюк: Пераемнікам ідэй Усебеларускага з’езда быў Белнацкам
  17. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2018. Праверана 4 сакавіка 2018.
  18. 1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2018. Праверана 4 сакавіка 2018.
  19. Лукашэнка: Усебеларускі з'езд 1917 года прадэманстраваў каштоўнасці, значныя і для цяперашняга дня
  20. Белорусская рада. — 1917. — № 5 Архівавана 17 жніўня 2019. — с. 2
  21. Пад нацыянальным сцягам і гербам «Пагоня». 10 фактаў пра Першы Усебеларускі кангрэс
  • Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 368 с.
  • Д. Міхалюк. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск: Інбелкульт, 2015.
  • Первый Всебелорусский съезд. Коллаж Беларуской прессы 1917 г. // на pawet.net