Перайсці да зместу

Эаархей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Эаархей — першая геалагічная эра архейскага эона. Ахоплівае перыяд часу ад 4,0 да 3,6 мільярда гадоў таму. Працягваўся, такім чынам, 400 млн гадоў. Знаходзіцца паміж катархейскім эонам і палеаархейскай эрай.[1].

У эпоху эаархея на Зямлі ўпершыню сфармавалася цвёрдая зямная кара. Аднак яе фарміраванне не было яшчэ канчаткова завершана, у многіх месцах вулканічная лава ўсё яшчэ выходзіла на паверхню. У пачатку эаархея працягвалася частае падзенне на Зямлю астэроідаў, гэта быў час завяршэння так званай позняй цяжкай бамбардзіроўкі.

Эаархей — першая эра, ад якой захаваліся старажытныя горныя пароды. Найбуйнейшай падобнай фармацыяй з'яўляецца фармацыя Ісуа на паўднёва-заходнім узбярэжжы Грэнландыі, узрост якой ацэньваецца ў 3,8 млрд гадоў.

На гэтай стадыі на базальтавым слоі сфарміраваўся першапачатковы гранітны слой. Гранітная магма прарвала першапачатковую базальтавую кару, утварыўшы на паверхні Зямлі ўзняцці да 50-60 км у шырыню. Гэта так званыя авоіды, альбо нуклеоіды, якія ў выніку далейшага росту злучаліся, утвараючы суцэльны слой. Дадзены працэс закончыўся прыблізна 3,5 млрд гадоў таму назад.

У эпоху эаархея ўтварылася гідрасфера Зямлі, аднак вады на Зямлі было параўнальна трохі і адзінага сусветнага акіяна яшчэ не існавала, водныя басейны існавалі ізалявана адзін ад аднаго, пры гэтым тэмпература вады ў іх даходзіла да 90 °C.

У канцы эаархея пачалося фармаванне першага суперкантынента Ваальбара.

Адначасова з выплаўленнем базальтавага слоя адбывалася дэгазацыя мантыйнага рэчыва. Вакол Зямлі ўтварылася атмасфера — газавая абалонка, якая была насычана парамі вады і мела «вулканічны» хімічны склад (вуглякіслы газ, вадарод, аміяк, у меншай колькасці серавадарод, рэдкія газы ды інш.). Асноўныя элементы сучаснай атмасферы — кісларод і азот — былі хімічна звязанымі. Але ў верхніх слаях першапачатковай атмасферы за кошт фатолізу (расшчапленне малекул вады пад ўплывам ультрафіялетавай радыяцыі Сонца) пачаў накоплівацца кісларод і пачынае ўтварацца азонавы слой. Кандэнсацыя пароў прывяла да ўтварэння гідрасферы. Тагачасная вада была насычана газамі, якія складалі атмасферу, і як лічаць вучоныя, утрымлівала менш соляў. Шчыльнасць і ціск атмасферы таксама былі значна вышэй сучасных.

Да эаархею адносяцца самыя старажытныя страматаліты — выкапнёвыя прадукты дзейнасці цыянабактэрыяльных супольнасцяў. У канцы эаархея з'явіліся першыя пракарыёты — простыя аднаклетачныя бяз'ядзерныя арганізмы.

  • Гістарычная геалогія: вучэбны дапаможнік / В. М. Несцяровіч, Г. І. Літвінюк, Дз. А. Пацыкайлік — Мн.: БДПУ, 2003. — 74 с. ISBN 985-435-584-5
  • Иорданский Н. Н. Развитие жизни на земле. — М.: Просвещение, 1981.
  • Короновский Н.В., Хаин В.Е., Ясаманов Н.А. Историческая геология : Учебник. — М.: Академия, 2006.
  • Ушаков С.А., Ясаманов Н.А. Дрейф материков и климаты Земли. — М.: Мысль, 1984.
  • Ясаманов Н.А. Древние климаты Земли. — Л.: Гидрометеоиздат, 1985.
  • Ясаманов Н.А. Популярная палеогеография. — М.: Мысль, 1985.