Якуцкая Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
Якуцкая Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (Якуцкая АССР, ЯАССР, руск.: Якутская Автономная Советская Социалистическая Республика, якуцк.: Саха автономнай сэбиэскэй социалистическэй республиката, Саха АССР) — аўтаномная рэспубліка ў складзе РСФСР. Існавала ў 1922—1992 гадах. Сталіца — горад Якуцк.
Была размешчана ў басейне рэк Лены, Анабара, Алянёка, Яны, Індыгіркі і ў нізоўях Калымы, на поўначы — узбярэжжа мора Лапцевых і Усходне-Сібірскага мора і Новасібірскія астравы. Больш за 40 % тэрыторыі гэтай аўтаномнай рэспублікі знаходзілася за Палярным кругам.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]ЯАССР ўтворана ў складзе РСФСР 27 красавіка 1922 года на тэрыторыі Якуцкай вобласці без раёна Ніжняй Тунгускі, які ўвайшоў у склад Кірэнскага павета Іркуцкай губерні; рэспубліка таксама ўключыла ў сябе Хатанга-Анабарскі раён Енісейскай губерні, Алёкмінска-Сунтарскую воласць Кірэнскага павета Іркуцкай губерні і ўсе астравы Паўночнага Ледавітага акіяна, размешчаныя паміж мерыдыянамі 84 ° і 140½ ° усходняй даўгаты. Вялікую ролю ва ўтварэнні Якуцкай аўтаномнай рэспублікі адыгралі Максім Кіравіч Амосаў разам з Платонам Аюнскім і Ісідарам Барахавым. У гады Вялікай Айчыннай вайны больш за 50 тыс. жыхароў ЯАССР ваявалі на франтах, а 13 з іх былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Былі таксама падраздзяленні, укамплектаваныя пераважна жыхарамі рэспублікі, напрыклад адна з вуліц Старой Русы носіць назву ў гонар Якуцкіх стралкоў.
27 верасня 1990 года Вярхоўны Савет Якуцкай АССР абвясціў аб пераўтварэнні аўтаноміі ў Якуцкую-Саха Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку ў складзе РСФСР. 24 мая 1991 года З’езд народных дэпутатаў РСФСР зацвердзіў дадзеную назву, унёсшы папраўку ў арт. 71 канстытуцыі РСФСР 1978 года.
27 снежня 1991 года Вярхоўны Савет Якуцкай-Саха ССР прыняў пастанову аб перайменаванні рэспублікі ў Рэспубліку Саха (Якуція). Законам ад 21 красавіка 1992 года З’езд народных дэпутатаў Расійскай Федэрацыі унёс новае найменне рэспублікі ў расійскую Канстытуцыю.