Беларускі пасольскі клуб
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/7/76/Bielaruski_paso%C4%BAski_klub._%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BF%D0%B0%D1%81%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BA%D0%BB%D1%83%D0%B1_%281923%29.jpg/250px-Bielaruski_paso%C4%BAski_klub._%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BF%D0%B0%D1%81%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BA%D0%BB%D1%83%D0%B1_%281923%29.jpg)
Беларускі пасольскі клуб (БПК) — беларуская фракцыя ў парламенце Польскай Рэспублікі ў 1922—1927 і 1928—1930.
Створаны ў лістападзе 1922. Першапачаткова членамі БПК з'яўляліся 11 дэпутатаў (паслоў) сейма (Антон Аўсянік, Сяргей Баран, Уладзімір Каліноўскі (пасля яго замяніў Павел Валошын), Міхал Кахановіч, Пятро Мятла, Васіль Рагуля, Сымон Рак-Міхайлоўскі, ксёндз Адам Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Якавюк і Фабіян Ярэміч) і 3 сенатары (Вячаслаў Багдановіч, Аляксей Назарэўскі, Аляксандр Уласаў). У працэсе сваёй дзейнасці клуб адстойваў сацыяльныя і нацыянальныя правы беларускага насельніцтва ў Польшчы. Cпачатку займаў лаяльную пазіцыю ў адносінах да польскага ўрада, але ў сярэдзіне 1923 перайшоў у апазіцыю; дапускаў тактычнае ўзаемадзеянне з польскімі левымі і цэнтрысцкімі партыямі. 24 чэрвеня 1925 з-за тактычных рознагалоссяў у БПК адбыўся раскол. Паслы сейма Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Павел Валошын і Пятро Мятла стварылі асобны пасольскі клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Дэпутаты, якія засталіся ў БПК, займалі апазіцыйнае становішча ў дачыненні да пасольскага клуба БСРГ і польскага ўрада.
Пасля новых выбараў у сакавіку 1928 БПК быў створаны паўторна ў складзе 4 дэпутатаў сейма (Павел Каруза, Альбін Стэповіч, Кастусь Юхневіч і Фабіян Ярэміч) і 2 сенатараў (Вячаслаў Багдановіч і Васіль Рагуля). У сакавіку — лістападзе 1928 з'яўляўся аўтаномнай часткай аб'яднанага Украінска-беларускага клуба, затым дзейнічаў самастойна. У парламенце дзейнічаў паралельна з пракамуністычным беларускім сялянска-работніцкім пасольскім клубам «Змаганне», з якім вёў вострую ідэалагічную барацьбу. У розны час БПК узначальвалі Браніслаў Тарашкевіч (1922 — 1924), Васіль Рагуля (1924—1925), Фабіян Ярэміч (1925—1927, 1928—1930).
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 451.