Перайсці да зместу

Антон Аўсянік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антон Аўсянік
Род дзейнасці палітык, інжынер, дыпламат
Дата нараджэння 13 чэрвеня 1888(1888-06-13)
Месца нараджэння
Дата смерці каля 1933
Месца смерці
Месца пахавання
  • невядома
Грамадзянства
Альма-матар
Партыя
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Анто́н Аўся́нік (13 чэрвеня 1888, в. Кабылле, цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць — пасля 1933) — беларускі палітык і дыпламат, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, пасол сейма Польшчы першай кадэнцыі (1922—1927), сябра Беларускага пасольскага клуба.

Нарадзіўся 13 чэрвеня 1888 года[1] ў вёсцы Кабылле, Вілейскага павета Віленскай губерні. Паходзіў з сялянскай сям’і, вучыўся ў мясцовых школах. Скончыў Харкаўскі тэхналагічны інстытут, вучыўся на суднабудаўнічым факультэце Пецярбургскага політэхнічнага інстытута (паводле некаторых звестак скончыў гэты ўніверсітэт)[2]. Атрымаў званне інжынера. У часе вучобы ў Санкт-Пецярбурзе далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. Некалькі гадоў працаваў у Бабруйску, ствараючы там беларускія грамадска-палітычныя арганізацыі.

Удзельнічаў у выбарах дэлегатаў на Усебеларускі з’езд, паводле некаторых крыніц удзельнічаў у ім у снежні 1917 года.

Беларуская Народная Рэспубліка

[правіць | правіць зыходнік]
Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, 1918 г. Злева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

3 красавіка 1918 года ўвайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі ў якасці дэлегата Бабруйскай павятовай рады[2]. Неўзабаве ўвайшоў у склад Прэзідыума Рады БНР, а ў пачатку траўня — у сенёрэн-канвент Рады БНР[3]. 12 красавіка Антон Аўсянік быў выбраны сакратаром Рады БНР замест захварэлага Кастуся Езавітава[2]. 26 красавіка, сярод іншых, падпісаў ад імя ўрада і Рады БНР тэлеграму нямецкаму кайзеру Вільгельму II, што прывяло да выхаду часткі сяброў Рады з яе складу і расколу БСГ[4]. 29 красавіка ён падпісаў наказ Народнага Сакратарыята Беларусі мясцовым Беларускім Радам за народнага сакратара ўнутраных спраў БНР[2].

Па расколе Беларускай сацыялістычнай грамады ўлетку 1918 года стаў адным з лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, у Радзе БНР уваходзіў у Аб’яднаны сацыялістычны блок[5]. Паводле гісторыка Анатоля Сідарэвіча, па распадзе БСГ Аўсянік далучыўся да Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі[2].

Народны Сакратарыят Беларусі, 17 чэрвеня 1918 года. Злева направа: Аркадзь Смоліч, Іван Серада, Язэп Лёсік, Аляксандр Цвікевіч, Антон Аўсянік, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі

У чэрвені 1918 года на час ад’езда з Менска Лявона Зайца замяшчаў апошняга пасадзе кіраўніка спраў Народнага сакратарыята[2]. 6 чэрвеня Антон Аўсянік стаў сябрам створанай Народным сакратарыятам арганізацыйнай камісіі дзеля заснавання ўніверсітэта ў Менску. Акрамя таго, уваходзіў у склад Камісіі ў міжнародных справах Рады БНР[2].

У ліпені 1918 года Народны Сакратарыят накіраваў Аўсяніка з складзе дэлегацыі БНР у Берлін. Невядома, ці адбылася паездка[2]. У верасні—лістападзе 1918 года Антон Аўсянік быў сакратаром Надзвычайнай дэлегацыі Рады БНР, якая 19 верасня накіравалася ў Кіеў дзеля перамоў з урадам Украінскай дзяржавы. Дэлегацыя спрабавала дабіцца афіцыйнага прызнання незалежнасці БНР Украінай, а таксама вызначыць межы паміж дзяржавамі, вынікам стала абяцанне фінансавай дапамогі і дапамогі ў стварэнні беларускіх узброеных сіл[6].

Беларуская вайсковая камісія

[правіць | правіць зыходнік]
Удзельнікі святкавання 15-годдзя творчай працы Янкі Купалы на ганку Беларускага (Юбілейнага) дома ў Менску, 24 чэрвеня 1920 г. (фрагмент). Антон Аўсянік стаіць у форме Беларускай вайсковай камісіі.

За часам польскай акупацыі, 12 жніўня 1919 года абраны ў прэзідыум Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. 19 верасня ў складзе дэлегацыі сенёрэн-канвента Рады БНР удзельнічаў у сустрэчы з кіраўніком польскай дзяржавы Юзафам Пілсудскім у Шляхецкім доме ў Менску. У час сустрэчы дэлегацыя прасіла Пілсудскага прызнаць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, даць магчымасць аднавіць працу яе органаў, паступова перадаць уладу Радзе БНР, выдаць грашовую пазыку, сфармаваць беларускае войска побач з польскім дзеля змагання з бальшавікамі. Ніякіх абяцанняў ад польскага лідара дэлегацыя не атрымала[7].

У гэты перыяд Антон Аўсянік быў прыхільнікам супрацоўніцтва з Польшчай, стварэння беларускага войска пад польскім камандаваннем і перамоў аб стварэнні беларуска-польскай федэрацыі. Ён паставіўся да гэтага збліжэння выключна прагматычна. У адным з лістоў да Антона Луцкевіча ён пісаў: «Што рабіць, як трымацца з палякамі? (...) Думаю, што з палякамі трэ канечне зараз-жа згаварыцца аб нашай нац[ыянальнай] арміі. Можам пайсці на кампраміс: няхай будзе іх вышэйшае камандаванне. Можна з імі гаварыць і аб федэр[ац]ыі, — трэ ісці на кампрамісы, памятаючы адно — усё мы робім для незалежнай Беларусі. Камень за пазухай трэба трымаць... Вы разумееце мяне, мабыць».

У сярэдзіне кастрычніка 1919 года ўвайшоў у склад дэлегацыі Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, якая накіравалася ў Варшаву на перамовы з польскімі ўладамі аб беларуска-польскім супрацоўніцтве[2]. Дэлегацыя прадставіла польскаму боку прапанову аб стварэнні Беларускай дывізіі і падала кандыдатуры ў сябры Беларускай вайсковай камісіі (БВК)[8]. 22 кастрычніка Антон Аўсянік, сярод іншых, быў афіцыйна зацверджаны Юзафам Пілсудскім як сябра Беларускай вайсковай камісіі[9].

Ёсць прыкметы таго, што Антон Аўсянік, у часе сяброўства ў БВК, не быў лаяльным да Польшчы. Увосень 1919 года ў Смаленску было падпісанае пагадненне паміж бальшавікамі і Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), паводле якога апошнія бралі абавязак пашыраць свой уплыў на БВК. Паводле беларускага гісторыка Юрыя Грыбоўскага, Антон Аўсянік быў адным з прыхільнікаў БПСР у БВК. Паводле звестак тагачаснай польскай выведкі, яны мусілі, сярод іншага, перашкаджаць вярбоўцы, а таксама прыцягваць да дзейнасці былых чырвонаармейцаў. Іх таксама падазравалі ў тым, што праз сетку акруговых штабоў яны выклікалі антыпольскія настроі сярод жаўнераў і мірнага беларускага насельніцтва[10]. Аднак сцверджанні, сфармуляваныя ў пратаколе супраць Антона Аўсяніка, абмяжоўваліся сцвярджэннем, што БПСР вырашыла ўступіць з ім у кантакт. На думку гісторыка Алега Латышонка, гэта не азначае, што Аўсянік пачаў супрацоўніцтва[11].

У час пленарнага пасяджэння БВК 1 ліпеня 1920 года Антон Аўсянік быў адным з шасці сяброў, якія прагаласавалі за звальненне ўсяго складу БВК і прыняцце рэзалюцыі на імя Юзафа Пілсудскага і «найвышэйшых беларускіх устаноў», у якой гаварылася, што «яны не адчуваюць сябе здольнымі ў бягучы момант узначаліць цяжкую і адказную працу па фармаванні беларускага войска». У выніку гэтага рашэння адбыўся крызіс у БВК. Старшыня Павел Аляксюк падаў у адстаўку, а шасцёра сяброў, якія падтрымалі пастанову, стварылі часовы прэзідыум БВК, Антон Аўсянік стаў яго старшынёй[12]. 23 жніўня Аўсянік пайшоў у адстаўку са складу БВК[13]. 3 кастрычніка Галоўнае камандаванне Войска Польскага абвясціла, што прыняла яго адстаўку разам з усім складам Беларускай вайсковай камісіі[14].

Дзейнасць у Літве і Заходняй Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]
Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А. Аўсянік, Ф. Ярэміч, П. Валошын; у 2-м радзе — В. Багдановіч, М. Кахановіч, Б. Тарашкевіч, А. Назарэўскі, А. Уласаў; стаяць: В. Рагуля, С. Якавюк, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла. Варшава, 1923 г.

З 24 траўня 1920 года ў Вільні. У ліпені выехаў у Коўна (тагачасная сталіца Літвы) у якасці дыпламатычнага прадстаўніка Беларускай Народнай Рэспублікі пры ўрадзе Літвы. 31 ліпеня ён пісаў Вацлаву Ластоўскаму, што ўручыў даверчую грамату.

28 верасня 1920 года Рада Народных Міністраў БНР звярнулася да ўрадаў Савецкай Расіі і Польшчы з патрабаваннем удзелу Беларускай Народнай Рэспублікі ў мірнай канферэнцыі ў Рызе, прапанаваўшы паслаць на яе сваю дэлегацыю, у склад якой быў уключаны Аўсянік. Бальшавікі і палякі не дапусцілі беларусаў і прадстаўнікоў Усходняй Галіччыны на канферэнцыю. Аўсянік, сярод іншых, падпісаў супольны пратэст беларускай і ўсходнегаліцкай дэлегацый «проці імперыялістычнага захвату іхніх зямель на аснове рыскай прэлімінарнай умовы»[2].

У канцы кастрычніка — пач. лістапада 1920 года Антон Аўсянік быў сакратаром дэлегацыі БНР для перамоў з урадам Літвы. Яго подпіс стаіць пад дамовай ад 11 лістапада 1920 года, пасля падпісання дамовы ён быў прызначаны Надзвычайным дыпламатычным прадстаўніком БНР у Літве. Беларуска-літоўская дамова прадугледжвала фармаванне на тэрыторыі Літвы беларускіх вайсковых частак. Аўсянік кіраваў пашырэннем беларускіх аддзелаў у Літве, якія былі прызначаныя ўрадам Ластоўскага для барацьбы супраць Польшчы ў выпадку літоўска-польскага канфлікту[15].

У якасці дыпламатычнага прадстаўніка ў студзені 1921 года вёў перамовы з паўнамоцным прадстаўніком РСФСР А. Аскельродам аб прызнанні БНР. Той рэкамендаваў Ураду БНР дамаўляцца з рэвалюцыйным камітэтам ССРБ. На думку Аўсяніка, «перагаворы Ураду Б.Н.Р. з Урадам Савецкай Беларусі умацавалі-б яшчэ больш праконаньне як некаторых Дзержаў Эўропы, так і самой Савецкай Расіі, што справа беларуская — хатняя справа Расіі». Пры гэтым у студзені 1921 года ён і Ластоўскі заявілі: «У адносінах да Савецкай Беларускай Рэспублікі Урад Б. Н.Р. хоча захаваць прыязные адносіны», а таксама адзначалі, што ССРБ, на іх думку «есьць адна са ступеняй да поўнага здзейсьненьня незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі»[2]. Працуючы ў Коўне, Аўсянік адзначаў няшчырасць літоўскага боку, дакладваў Ластоўскаму, што літоўскі ўрад вядзе палітыку, якая можа нашкодзіць беларускай справе[2]. У траўні 1921 года выехаў з Коўна ў Вільню, якая на той час была сталіцай марыянеткавай Сярэдняй Літвы, пазней далучанай да Польшчы.

Увосень 1922 года Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт вылучыў кандыдатуру Антона Аўсяніка ў паслы Польскага сейма. Аўсянік вылучаўся як селянін і беспартыйны ў Вілейскім павеце[2]. Абраны ў паслы, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб, займаў пасаду сакратара. Актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, арыштоўваўся польскімі ўладамі. Паводле гісторыка Аляксандры Бергман, па абранні на пасаду пасля Аўсянік далучыўся да Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. Браніслаў Тарашкевіч лічыў Аўсяніка саветафілам, і пісаў, нібыта той ужо ў статусе парламентарыя пераходзіў польска-савецкую граніцу[2]. Пасольскія паўнамоцтвы Антона Аўсяніка скончыліся 27 лістапада 1927 года, звестак пра далейшую ягоную дзейнасць няма.

Лічыцца, што ў пачатку 1930-х гадоў выехаў у БССР і быў арыштаваны ў 1933 годзе. Далейшы лёс невядомы.

Зноскі