Іван Абрамавіч Ермачэнка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Іван Абрамавіч Ермачэнка (1 (13) мая 1894, в. Капачоўка, Барысаўскі павет, цяпер Барысаўскі раён, Мінская вобласць — 25 лютага 1970, ЗША) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Неўзабаве сям'я пераехала ў Маскву, дзе галава сям'і працаваў на чыгунцы. Скончыў гімназію ў Маскве, паступіў на электратэхнічны факультэт, але вучобу перапыніла Першая сусветная вайна. Падчас 1-й сусветнай вайны — школу прапаршчыкаў, служыў у расійскай арміі і быў накіраваны на фронт, дзе даслужыўся да паручніка. Меў некалькі ўзнагарод. У 1918 г. трапіў у палон, адкуль уцёк. У грамадзянскую вайну афіцэр белай арміі, ад'ютант генерала П. М. Урангеля, меў званне падпалкоўніка.

У 1920 г. эвакуіраваўся ў Канстанцінопаль, дзе далучыўся да беларускага руху. У 1921 г. прадстаўнік урада БНР у Канстанцінопалі і генеральны консул на Балканах; заснаваў консульскія аддзелы БНР у Югаславіі і Балгарыі. З'яўляўся адным з арганізатараў Беларускага камітэту ў Турцыі. У 1922 г. намеснік міністра замежных спраў БНР у Коўне. Пераехаў у Прагу. Скончыў медыцынскі факультэт Карлавага ўніверсітэта (1929). Займаўся лекарскай практыкай і грамадска-палітычнай дзейнасцю сярод беларускай эміграцыі. Узначальваў беларускі аддзел таварыства «Сокал». Фундатар часопісу «Іскры Скарыны». У 1925 г. разам са старшынёй Рады БНР Пётрам Крэчэўскім, Васілём Захаркам, Тамашам Грыбам не прызнаў рашэнняў Берлінская Другой Усебеларускай канферэнцыі, дзеаб'явілі пра роспуск ураду Рады БНР.

3 1938 г. — куратар беларуска-нямецкага супрацоўніцтва, у 1939 г. адбыліся перамовы прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў Рэйху з І. Ермачэнкам. Ён прапанаваў нямецкаму боку праект разгрому Савецкага Саюзу, у якім важную ролю адыгрывала саюзная Германіі беларуская дзяржава. Разам з Васілём Захаркам апрацаваў мемарандум да А.Гітлера, у якім яны прасілі звярнуць пільную ўвагу на вырашэнне беларускага пытання. У 1940 г. заснаваў у Празе Беларускі камітэт самапомачы, стварыў уласнае прыватнае выдавецтва, што выпусціла пяць кніг.

22 кастрычніка 1941 г. міністр усходніх акупаваных тэрыторый прызначыў Ермачэнку старшынёй Беларускай народнай самапомачы (БНС) ў акупаваным нацыстамі Мінску. БНС задумвалася акупацыйнымі ўладамі як дабрачыннаяарганізацыя для апекі над беднымі слаямі насельніцтва. Але дбаннем самога Ермачэнкі ўдалося стварыць агульнабеларускую арганізацыю, якая займалася не толькі сацыяльнымі праблемамі, але і пытаннямі школьніцтва, культуры, грамадскага жыцця. У чэрвені 1942 г. проы БНС быў створаны Вольны корпус беларускай самааховы для барацьбы з партызнамі, на чале якога стаў падпалкоўнік Ермачэнка. Быў дарадчыкам генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ. Друкаваўся ў «Менскай (Беларускай) газэце». У пачатку 1943 г. супраць Ермачэнкі распачало працу СС у Берліне, пабачыўшы ва ўзвышэнні гэтага дзеяча пэўную небяспеку. Каб не надаваць справе палітычнага адцення, была праведзена фінансавая праверка БНС, вынікам якой стала абвінавачанне Ермачэнкі вясною 1943 г. у фінансавых злоўжываннях. 27 красавіка 1943 г. высланы ў Прагу пад нягляд гестапа. Пасля забойства Кубэ 22 верасня 1943 г. ён быў арыштаваны па падазрэнні ў датычнасці да забойства свайго былога шэфа, прыяцеля, аднадумца.

У пачатку 1945 г. выехаў на захад Германіі. Пасля капітуляцыі працаваў у структурах ЮНРРА. Іады ж займеў добрыя дачыненні з амерыканскімі акупацыйнымі ўладамі, у т.л. дзякуючы сяброўству з адным з кіраўнікоў амерыканскай вайсковай адміністрацыі ў Германіі, падпалкоўнікам Ярамірам Поспішылам, з якім пазнаёмілся падчас знаходжання ў Стамбуле. У канцы 1947 — пачатку 1948 гг. пераехаў у Нью-Ёрк; працаваў лекарам. У маі 1948 г. ён быў прызначаны паўнамоцным паслом БЦР у ЗША. Пабачыўшы складанасці ў справе дапамогі ў прыездзе беларускіх DP і цяжкія ўмовы іх жыцця ў Германіі, Іван Ермачэнка зрабіў спробу наладзіць сувязі са старой беларускай эміграцыяй і пераканаць яе дапамагаць суродзічам у Еўропе, на ўзор украінскай, польскай, рускай дыяспараў.

Дзеяч звярнуўся да старой эміграцыі праз рускамоўную прэсу і заклікаў стварыць у Амерыцы беларускую грамадскую арганізацыю — зямляцтва, мэтай якога будзе дапамога суайчыннікам у Германіі запрашэннямі, грашыма, працай і жыллём[1]. Адзін з заснавальнікаў Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Публікаваўся ў часопісе «Беларус у Амерыцы».

Зноскі

  1. Зварот быў надрукаваны ў некалькіх газетах, напр.: «Россия» [Нью-Йорк]. — 1948. — № . — 22 сентября. — С..

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск: [б.в.], 2009. — 428 с., [12] с. іл. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16).
    • Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн., 1993;
    • ЭГБ, т. 3.