Балгары ва Украіне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Балга́ры ва Украі́не (укр.: болгари в Україні) — адна з нацыянальных меншасцей ва Украіне, прадстаўнікі якой маюць паселішчы на поўдні краіны і складаюць значную частку ад насельніцтва ў Адэскай вобласці.

Колькасць і рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць балгараў ва Украіне ацэньваецца ў больш за 140 000 чалавек, пры гэтым перапіс насельніцтва ва Украіне 2001 года засведчыў наяўнасць у краіне 204 574 балгараў уключна з невялікай колькасцю пазнейшых мігрантаў. Балгары Украіны складаюць большасць ад насельніцтва ў Балградскім раёне, значную долю насельніцтва — у іншых раёнах поўдня Адэскай вобласці (г.зв. Буджак). Пэўная частка балгараў перасяляецца ў абласны цэнтр.

Найпрыкметныя долі балгараў ад насельніцтва рэгіёнаў Украіны засведчаныя ў наступных вобласцях:

Балгары Адэскай вобласці складаюць 74% ад усіх украінскіх балгараў. У Буджаку балгары з'яўляюцца другой паводле колькасці нацыянальнасцю (20,9%), саступаючы толькі ўкраінцам (40,2%). У гэтым рэгіёне балгары згодна са звесткамі перапісу 2001 года складалі большасць насельніцтва ў Балградскім раёне (60,8%), адносную большасць — у Таруцінскім і Арцызскім раёнах, 37,5% і 39,0% адпаведна. Значныя балгарскія грамады пражываюць у іншых раёнах паўднёвай часткі Адэскай вобласці, а таксама ў некаторых раёнах іншых паўднёвых рэгіёнаў Украіны: Іванаўскі раён — 11,2%, Альшанскі — 9,8%, Прыазоўскі, Прыморскі, Бярдзянскі раёны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

XVIII—ХІХ стст.[правіць | правіць зыходнік]

Народы Буджаку.      балгары

Сучасныя балгары ва Украіне вядуць сваё паходжанне ад перасяленцаў, якія пасяліліся на поўдні сучаснай Украіны пад канец XVIII — пачатку ХІХ стст. пасля тагачасных расійска-турэцкіх войнаў, асабліва моцныя балгарскія перасяленчыя хвалі паўсталі пасля расійска-турэцкай войнаў 18061812 і 18281829 гг. Перасяленцы эмігравалі ў асноўным з усходу сучаснай Балгарыі, пры гэтым у тым ліку былі балгары, якія былі нашчадкамі перасяленцаў з захаду краіны перыяду XVIII ст. Сярод жыхароў Балгарыі, што перасяляліся ва Украіну, былі таксама албанцы, якія некаторы час да гэтага пасяліліся на ўсходзе Балгарыі. Па перасяленні ва Украіну балгары засноўвалі ўласныя сёлы (каля 64) і нават гарады (Балград, 1819).

У 1856 годзе паводле Парыжскага дагавора Буджак быў падзелены на паўднёвы захад з гарадамі Балград, Ізмаіл і Кілія, які трапіў у склад Малдовы, і паўночны ўсход, які працягнуў быць часткай Расійскай імперыі. 28 чэрвеня 1858 года ў Балградзе была заснавана балгарская гімназія, якая аказала сур'ёзны ўплыў на развіццё балгарскай адукацыі і культуры і стала першай сучаснай балгарскай навучальнай установай гэтага ўзроўню.

У 1861 годзе ў Расію пераехала каля 20 тысяч балгараў з румынскае часткі Бесарабіі, гэтым пасяленцам былі вылучаны нагайскія землі былога Крымскага ханства ў Таўрычнай губерні. Гэтая частка балгараў пазней заклала асаблівую этнаграфічную групу г.зв. таўрычных балгараў.

З 1878 года ўвесь рэгіён канчаткова апыняецца ў складзе Расійскай імперыі, з гэтага часу сярод балгараў пачала пашырацца русіфікацыйная палітыка, а мноства багарскіх інтэлектуалаў мігравала назад у Балгарыю з нагоды заснавання Балгарскага княства. У Расіі балгарская меншасць стала пазбаўляцца правоў, атрыманых ёю ў Румыніі.

ХХ ст.[правіць | правіць зыходнік]

Пасля рэвалюцыі і распаду Расійскай імперыі Бесарабія (гістарычны рэгіён, які ўключае сучасную Малдову без Прыднястроўя і поўдзень Адэскай вобласці) трапіла ў склад Румыніі. У адрозненне ад ранейшага перыяду румынскага панавання большая частка балгарскіх культурных і адукацыйных правоў былі ўрэзаны, што стала адным з фактараў Татарбунарскага паўстання 1924 года.

У 1925 годзе ў Мелітопальскай акрузе УССР было створана два балгарскія нацыянальныя раёны — Раманаўскі і Царавадарскі, у 1926 годзе ў Адэскай вобласці — Вялікабуяліцкі, у 1927 годзе ў Першатраўневай акрузе — Альшанскі, якія ў 1933 годзе былі скасаваны. У балгарскіх населеных пунктах арганізоўваліся балгарскія сельскія саветы, у раённых цэнтрах — балгарскія судовыя органы ўлады, г.зв. судова-следчыя камеры. Так, напрыклад, у 1925 годзе колькасць балгарскіх сельскіх саветаў складала 33, да 1938 павялічыўшыся да 52[1]. Балгары пражывалі ў асноўным кампактна, у 40 балгарскіх сельскіх саветах было засяроджана 76% украінскіх балгараў. 72,5% балгарскіх школьнікаў атрымлівалі адукацыю ў балгарскіх школах.

У 1920—30-х гадах на балгарскай мове ва УССР выходзіла прэса: цэнтральная балгарская газета «Сьрп и чук» (з 1926 года — «Светско село», з 1930 — «Колективіст»), выданні органаў улады Благоеўскага і Альшанскага раённых партыйных і выканаўчых камітэтаў — «Колективно поле», «Комунар», «Колхозен труд», часопісы «Бьди готов!», «Млад ударник», «Агротехник». Выданнем мастацкага, грамадска-палітычнага і літаратурнага напрамкаў займаліся балгарскія сектары Усеўкраінскае філіяла Цэнтральнага выдавецтва (19261931 гг.) і Украінскага дзяржаўнага выдавецтва нацыянальных меншасцей (19321941 гг.).

У балгарскіх раёнах дзейнічалі балгарскія школы, колькасць якіх вырасла з 43 у 1924 годзе да 57 у 1938, у іх навучалася адпаведна 4314 і 11 264 вучні. Кадры для балгарскіх раёнах рыхтавалі Днепрапятроўская балгарская партыйная школы (створаная ў 1926 годзе, у наступным годзе пераведзеная ў Адэсу), Прэслаўскі педагагічны тэхнікум, аграрная прафесійная школа і балгарскія сектары Адэскага педагагічнага і сацыяльна-гуманітарных інстытутаў, медыцынскага тэхнікуму і тэатральнае вучылішча.

У 1924 годзе створаная баўнарская перасоўная тэатральная трупа, у 1934 годзе — балгарскі тэатр-студыя імя Г. Дзімітрава[2].

Між тым, у 1930-х гадах у паўднёвай Украіне было рэпрэсавана каля 25 тысяч прадстаўнікоў балгарскай інтэлігенцыі, у тым ліку настаўнікі, інжынеры, святары, аграномы, студэнты. Пад рэпрэсіўныя захады траплялі таксама камуністы-палітэмігранты, якія бралі ўдзел у паўстанні ў Балгарыі 1923 года і якія былі пераселены ў рэгіён загадам кіраўніка Савету Народных Камісараў УССР Х. Ракоўскага[3].

Пактам Молатава-Рыбентропа і савецкім ультыматумам Румыніі Бесарабія была ўключана ў склад СССР, дзе мясцовыя балгары былі прызнаны ў якасці нацыянальнай меншасці, але, тым не менш, страцілі шэраг культурных самабытных рысаў. У 1944 годзе каля 12,5 тысяч балгараў былі дэпартаваны з Крыму.

У незалежнай Украіне[правіць | правіць зыходнік]

У 1980-х гадах узнікнуў рух па адраджэнні мясцовай балгарскай культуры, падчас якога пачаліся публікацыі газетаў, стварэнне культурных і адукацыйных арганізацый, балгарская мова пачала ўстанаўлівацца ў якасці навучальнага прадмету ў мясцовых школах; гэтыя працэсы асабліва паскорыліся пасля распаду Савецкага Саюза.

Балгарская адукацыя стала даступнай у Ізмаільскім педагагічным інстытуцем і на балгарскім аддзяленні філалагічнага факультэта Адэскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое было адчыненае ў 1995 годзе. У 1993 годзе ў Балградзе адчыненая балгарска-ўкраінская гімназія. Настаўнікаў балгарскай мовы і літаратуры рыхтуюць Адэскі і Львоўскі нацыянальны ўіверсітэты, Кіеўскі славістычны ўніверсітэт, Ізмаільскі і Бярдзянскі педагагічныя інстытуты, настаўнікаў пачатковых класаў — Белгарад-Днястроўскае педагагічнае вучылішча.

У месцах кампактнага пражывання балгараў Украіны арганізаваная перыядычная трансляцыя радыёперадачаў і тэлевізійных праграм па-балгарску (напрыклад, у Крыме і Адэсе), пашыраная дзейнасць калектываў мастацкай самадзейнасці і фальклорна-этнаграфічныя фестывалі. У Балградскім раёне пасля заканчэння асноўных палёвых прац штогод адбываецца свята-фестываль традыцый грамадава-храмавых сходаў і сучасных фальклорна-песенных выступаў.

Пры Нацыянальным Звязе пісьменнікаў Украіны дзейнічае балгарская секцыя, наладжанае выданне кніг, падручнікаў і перыядычных выданняў па-балгарску. Прыкладам, з 1994 года выходзіць газета «Роден край», у якой асвячаюцца асноўныя падзеі ў духоўным жыцці Украіны і Балгарыі, публікуюцца ўзоры балгарскай народнапаэтычнай творчасці, інфармацыя пра фальклорныя ансамблі і правядзенне фестываляў народнай творчасці. Новую дзейнасць разгарнулі такія балгарскія арганізацыі як кіеўскае таварыства балгарскай культуры «Родолюбіє», крымскае таварыства балгараў імя П. Хляндарскага; Асацыяцыя балгарскіх культурна-асветніцкіх таварыстваў Украіны адчыніла ўласныя прадстаўніцтвы ў Кіеве, Адэсе, Сімферопалі і Мікалаеве.

Працэсы балгарскага культурнага адраджэння абмяркоўваюцца на навуковых канферэнцыях і становяцца аб'ектам адпаведных даследаванняў. У прыватнасці, падобныя канферэнцыі адбыліся ў 1992 годзе ў Кіеве і ў 1993 годзе — у Адэсе, іх матэрыялы былі пакладзены ў аснову зборніку «Відродження мов і культур західних і південних слов'ян» (адраджэнне моў і культур заходніх і паўднёвых славян). Апрача таго, энтузіястамі разглядаюцца пытанні сацыялінгвістычнага становішча балгарскай мовы, выдадзены зборнік народных казак бесарабскіх балгараў «Късметлива Неда».

З 1993 года ва Украіне дзейнічае Асацыяцыя балгараў Украіны, у гэтым жа годзе заснаваная Асацыяцыя балгарскіх нацыянальна-культурных таварыстваў і арганізацый; апошняя аб'ядноўвае сем гарадскіх арганізацый. Дзякуючы балгарскай падтрымцы 24 мая 1999 года ў дзень славянскай пісьмовасці і культуры ў Адэсе быў адкрыты Цэнтр балгарскай культуры. Адбывалася святкаванне 250-х угодкаў балгарскага перасялення ва Украіну.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Паводле звестак Усеўкраінскага перапісу насельніцтва 2001 года, 64,2% балгараў Украіны ў якасці ўласнай роднай мовы ўказалі балгарскую, 30,3% — рускую, 5% — украінскую, іншыя мовы — 0,5%.

Ніжэй прыведзеныя звесткі па змяненні долі родных моў балгараў у перапісах 1979, 1989 і 2001 гадоў[4][5][6].

1979 1989 2001
балгарская 68,3% 69,5% 64,2%
расійская 28,5% 27,2% 30,3%
украінская 2,8% 2,7% 5,0%
іншая 0,3% 0,6% 0,5%

Звесткі перапісу насельніцтва Украіны 2001 года адлюстроўваюць наступнае вольнае валоданне мовамі сярод балгараў Украіны: расійскай — 89,7%, балгарскай — 76,0%, украінскай — 42,2%[7]. Перапіс насельніцтва ў СССР засведчыў наступнае валоданне мовамі сярод балгараў УССР: расійскай — 89,0%, балгарскай — ~80,0%, украінскай — 11,1[5].

Раёны і гарады кампактнага пражывання балгараў паводле вынкаў перапісу насельніцтва 2001 года.

Населеныя пункты, у якіх балгарскую мову пазначылі як родную большасць насельніцтва ад гэтых населеных пунктаў[8].

Балгарская мова мае рэгіянальны статус у Балградскім раёне Адэскай вобласці[12]. Гэта стала мажлівым пасля ратыфікацыі Украінай у 2012 годзе Еўрапейскай Хартыі рэгіянальных моў, рэгіянальны статус можа быць нададзены мове, носьбіты якой складаюць не менш за 10% ад насельніцтва любой адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі; гэты статус дазваляе мове выкарыстоўвацца пры выкананні мясцовых паўнамоцтваў поруч з дзяржаўнай украінскай мовай.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Державин Н. С. Болгарские колонии Новороссийского края. Херсонская и Таврическая губернии. Симферополь, 1908.
  2. Сохань П. С. Очерки истории украинско-болгарских связей. — К., 1976.
  3. Виржиния Стоянова. София нехае за таврическите българи // Стандарт.
  4. Усеўкраінскі перапіс насельніцтва '2001. Размеркаванне насельніцтва паводле нацыянальнасці і роднай мовы; сельскай і гарадскай мясцовасцей, плоці, рэгіёна (укр.). Усеўкраінскі перапіс насельніцтва '2001. Праверана 18 красавіка 2014.
  5. а б Звесткі перапісу насельніцтва ў СССР 1989 г. Архівавана 29 кастрычніка 2020.
  6. Звесткі перапісу насельніцтва ў СССР 1979 г. Архівавана 3 снежня 2013.
  7. Усеўкраінскі перапіс насельніцтва '2001. Нацыянальны склад насельніцтва, грамадзянства. Размеркаванне насельніцтва асобных нацыянальнасцей паводле іншых моў, акрамя роднай, якімі валодаюць; размеркаванне паводле гарадскага і сельскага насельніцтва, рэгіёна (укр.). Усеўкраінскі перапіс насельніцтва '2001. Праверана 18 красавіка 2014.
  8. Розподіл населення регіонів України за рідною мовою ў розрізі адміністративно-територіальних одиниць Архівавана 6 кастрычніка 2013.
  9. Роўненскай сельскай рады.
  10. Яўгенаўскай сельскай рады.
  11. Перамоскай сельскай рады.
  12. УНН. В одному з районів Одеської області чотири мови отримали статус регіональних // gazeta.ua. — 2013.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Грек И., Червенков Н. Българите в Украйна и Молдова. Минало и настояще. — София, 1993.
  • Навалков С. З. Социально-экономическое развитие болгарских и гагаузских сел Южной Бесарабии (1857–1918). — Chişinău, 2004.
  • 1 — 6 // Родолюбец. — Альманах. — София, 1994, 1996, 1998, 2000, 2002, 2004.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]