Біялагічная статыстыка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Біялагічная статыстыка, або біяметрыя — навука пра выкарыстанне матэматычных метадаў у вывучэнні з'яў жывой прыроды. Уключае сукупнасць прыёмаў планавання і апрацоўкі даных біялагічных даследаванняў і назіранняў метадамі матэматычнай (варыяцыйнай) статыстыкі.

Біяметрыя вывучае зменлівыя прыкметы арганізмаў і біялагічных працэсаў, іх размеркаванне ў сукупнасцях: нармальнае (паказвае размеркаванне варыянтаў па колькасных прыкметах), бінамінальнае (характарызуе якасныя прыкметы) і пуасонаўскае (адлюстроўвае рэдкую з'яву).

Пры апрацоўцы вынікаў доследаў праводзяць ацэнку параметраў размеркавання (сярэдняй велічыні, сярэдняга квадратычнага адхілення, памылкі сярэдняй, дысперсіі, асіметрыі, эксцэсу, энтрапіі, лішку і інш.), параўнанне выбарачных размеркаванняў і іх параметраў (верагоднасць адрозненняў) і выяўленне статыстычных сувязяў (простая, частковая і множная карэляцыя, рэгрэсія), напрыклад, паміж памерамі органаў і масай арганізма.

Дысперсійны аналіз служыць для вызначэння ўплыву розных фактараў на зменлівасць прыкмет.

Біялагічная статыстыка шырока ўжываецца ва ўсіх галінах біялогіі, а таксама ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і медыцыне.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Асновы біяметрыі закладзены ў канцы 19 стагоддзя працамі бельгійскага антраполага А. Кетле, англійскіх вучоных Ф. Гальтана і К. Пірсана, якія з 1901 года выдавалі ў Лондане часопіс «Biometrica».

Распрацоўка тэорыі малых выбарак у працах англійскага вучонага У. Госета і біяметрычных метадаў у генетычных даследаваннях англійскага біёлага Р. Фішэра (1890—1962) адыграла значную ролю ў гісторыі біяметрыі.

У Расіі выкарыстанню і развіццю біяметрыі спрыялі працы С. Н. Бернштэйна, А. Я. Хінчына, А. М. Калмагорава, У. І. Раманоўскага, І. І. Шмальгаўзена, С. С. Чацверыкова і інш.

На Беларусі вялікі ўклад у біяметрыю зрабіў П. Ф. Ракіцкі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).