Вацлаў Аляксандравіч Бубноўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вацлаў Аляксандравіч Бубноўскі
Дата нараджэння 15 ліпеня 1865(1865-07-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 26 мая 1945(1945-05-26)[1] (79 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Аляксандр Бямбноўскі[d]
Маці Францішка з Корсакаў[d]
Род дзейнасці скульптар, мастак, кераміст
Вучоба
Уплыў Іван Фаміч Хруцкі, Ізідар Яблонскі[d] і Альфрэд Даўн[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вацлаў Аляксандравіч Бубноўскі, або Бямбноўскі (польск.: Wacław Bębnowski; нар. 15 жніўня 1865, в. Дубянец, цяпер Расонскі раён, Віцебская вобласць — 26 мая 1945, Аляксандраў Куяўскі, Польшча) — беларускі і польскі мастак, скульптар, кераміст. Пляменнік і вучань беларускага мастака Івана Хруцкага.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 15 жніўня 1865 года ў маёнтку Дубянец. Ён быў малодшым з чатырох дзяцей Аляксандра і Францішкі з Корсакаў. Цётка па бацьку, Ганна Ксавер’еўна, была жонкай беларускага мастака Івана Хруцкага. У 1878 годзе бацька валодаў землямі Глаты і Дубянец[2].

Старэйшым брат Вацлава, Ксаверый (нар. 1860), у пачатку 1880-х навучаўся ў Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі ў Маскве. 12 снежня 1884 годзе быў арыштаваны ў маёнтку Прасіменцы ля Полацка (цяпер у межах горада) з прычыны наяўнасці яго імя ў паперах вядомага народавольца Германа Лапаціна. Следства цягнулася да сярэдзіны 1886 года, але даказаць віну Ксаверыя следчыя не здолелі. У 1906 годзе Ксаверый валодаў фальваркам Навагуршчына Арцейкавіцкай воласці. Ва ўладанні ж бацькі заставаліся маёнткі Дубянец 1-ы і Дубянец 2-і, фальваркі Забалотнікі і Ракава, засценак Вайтоўка Вазнясенскай воласці[2].

З дзяцінства меў слабое здароўя і бацькі позна аддалі яго вучыцца, пачатковую адукацыю атрымаў дома. З маленства падабалася яму ляпіць з хлеба фігуркі розных жывёл, людзей. Найвялікшым задавальненнем для малога былі адведзіны цёткі Ганны ў Захарнічах, калі можна было аглядаць карціны, вучыцца пачаткам малявання ў свайго знакамітага дзядзькі. Пад уплывам Івана Хруцкага Вацлаў вырашыў паступіць на вучобу ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Аднак правучыўся там нядоўга і ў 1888 годзе з’ехаў да Кракава, дзе працягнуў навучанне ў Школе прыгожых мастацтваў, якой кіраваў Ян Матэйка. Ягонымі настаўнікамі былі мастак Ізідар Яблонскі[ru] і скульптар Альфрэд Даўн[ru]. Пасля сканчэння ў 1895 годзе асноўнага курсу Вацлаў практыкаваўся ў парыжскай прыватнай Акадэміі Каларосі[ru]. У 1896 годзе Бубноўскі працягваў навучанне ў Кракаве на аддзеленні скульптуры, потым яшчэ год у Акадэміі прыгожых мастацтваў у Мюнхене. Пасля вяртання ў Кракаў пачаў займацца дэкаратыўнай скульптурай і ўжытковым мастацтвам[2].

У 1898 г., пабраўшыся шлюбам з Соф’яй Галецкай, Бубноўскі перабіраецца да Варшавы. Выстаўляе свае творы ў Таварыстве спрыяння прыгожым мастацтвам[en] (скульптуры «Жывапіс», «Аза», «Галава Мадонны», «Хрыстос»), вырабляе для фірмы братоў Лапенскіх[pl] шэраг медальёнаў выдатных суайчыннікаў. Шчыльна працуе з вядомым варшаўскім скульптарам Зыгмунтам Ота[pl], супольная скульптурная група для фасада будынка Таварыства спрыяння прыгожым мастацтвам у Варшаве адзначана першай прэміяй[2].

Алтар касцёла Яна Хрысціцеля ў Служаве
Амбон з выявамі эвангелістаў

Пасля нядоўгага побыту ў Варшаве ў 1900 г. скульптар перабіраецца ў вёску Служава, што знаходзіцца на поўначы Польшчы ў Куяўскім ваяводстве. Запрасіў Вацлава ў Служава ўладальнік вёскі Лявон Вадзінскі, з якім той пазнаёміўся ў Парыжы. Вадзінскі задумаў рэстаўрацыю старога, збудаванага ў 1560 годзе, познегатычнага касцёла Яна Хрысціцеля. Нутраное аздабленне ён даручыў Бубноўскаму. Скульптарам быў выкананы алтар, дзе размешчаныя дзве скульптуры «Багародзіца з дзіцём» і «П’ета». Створаны амбон з выявамі евангелістаў, хрысцільня з барэльефам «Выгнанне з Раю», аздобленыя калятарская ложа і арганныя хоры. Праца скончаная ў 1903 годзе. Падчас працы над аздабленнем касцёла скульптар не парываў кантактаў з Таварыствам спрыяння прыгожым мастацтвам і ў 1900, 1902, 1903, 1906 браў удзел у арганізаваных ім выстаўках[2].

Вадзінскі быў надта задаволены выглядам інтэр’еру храма і, жадаючы працягнуць супрацоўніцтва са скульптарам, заклаў на ўласныя сродкі невялікую фабрыку керамічных вырабаў, што пачала працаваць паводле праектаў Вацлава Бубноўскага. Яна выпускала розныя дэкаратыўныя збаны, кубкі, вазы, попельніцы, фігуркі, якія карысталіся вялікім попытам у турыстаў, што наведвалі недалёкае ад Служава курортнае мястэчка Цехацінак[2].

Галерэя святых на фасадзе касцёла Пятра і Паўла ў Цехацінку[pl]

У 1905 годзе Бубноўскі, назапасіўшы грошай, набыў у Вадзінскага ў Александрове старую карчму з садам, дзе заклаў сваю скульптурна-керамічную майстэрню. У гэтай майстэрні ў 1905 годзе ён стварыў на замову пяць скульптур, якія сёння ўпрыгожваюць фасад касцёла Пятра і Паўла ў Цехацінку[pl][2].

Тут жа былі створаныя з тэракоты стацыі крыжовай дарогі для касцёлаў у Нешаве і Рацёнжку. Да таго ж часу належыць рэльефнае пано вырабленае для алтара касцёла Перамянення Гасподняга ў Александрове. Маленькае мястэчка цалкам задаваляла скульптара і ён асеў тут на стала. Перарвала задумы скульптара смерць у 1914 годзе жонкі і Першая сусветная вайна. Бубноўскага апанавала дэпрэсія[2].

Праз некалькі гадоў другі раз пабраўся шлюбам, абранніцай ягонай стала мясцовая выхавацелька Алена Дурайская. У іх нарадзілася дачка Марыя (у замустве Фішэр). Пасля здабыцця Польшчай незалежнасці Бубноўскі абмяжоўвае кантакты з творчым асяродкам Варшавы, не прыймаючы новых павеваў. З твораў гэтай пары можна адзначыць створаны ў 1919 г. бюст жонкі. Ад 1922 года скульптар працаваў настаўнікам малявання ў Александроўскай гімназіі. У складзе Улацлаўскай рамеснай палаты прыймаў удзел у Прамыслова-рамеснай выстаўцы, што праходзіла ў Гдыні з 26 чэрвеня па 1 верасня 1935 года. Праца керамічнай майстэрні Бубноўскага на выстаўцы была адзначаная срэбным медалём[2].

З пачатка Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года сродкаў для існавання стала не ставаць і Бубноўскі пачынае паступова прадаваць сваю калекцыю. У снежні 1944 года на запаленне лёгкіх захварэла жонка і праз некалькі дзён памерла. Неўзабаве цяжка захварэў сам Бубноўскі. Памёр 26 траўня 1945 года. Пахаваны побач з жонкай на могілках у Александрове[2].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

У 1998 годзе за значны культурны ўносак Вацлаў Бубноўскі ганараваны званнем ганаровага грамадзяніна Александрова[2].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Праца Вацлава Бубноўскага

Працаваў у жанры партрэта. Яго скульптура «Хлопчык, які іграе на пішчалі» (1890—1891) адзначана залатым медалём. Ствараў пластыку дробных формаў: статуэткі, дэкаратыўныя кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн («Купальшчыца», «Прыгажуня і купідон»), дзе выкарыстоўваў уласны спосаб пацініравання керамічных вырабаў. Многія яго творы навеяны сімвалічнымі, фантастычнымі і казачнымі матывамі, вызначаюцца манернымі, вычварнымі формамі, асіметрыяй, экспрэсіўнасцю рытмаў, мудрагелістасцю арнаменту[3].

Зноскі

  1. Catalog of the German National Library Праверана 30 мая 2020.
  2. а б в г д е ё ж з і к Баўтовіч Міхась. Вацлаў Бубноўскі — вучань Івана Хруцкага // Іван Хруцкі: мастацтва ў дыялогу культур : матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага жывапісца XIX стагоддзя Івана Фаміча Хруцкага (5 верасня 2010 года, г. Полацк). — Мінск : Белпрынт, 2010. — 167 с.; іл. С.77-83.
  3. Бубноўскі Вацлаў Аляксандравіч

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бубноўскі Вацлаў Аляксандравіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч; уклад. С. С. Чарняўская; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : Вышэйшая школа, 1999. — С. 639.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]